Вацлаў Іваноўскі: міністар БНР, кіраўнік Менску пры немцах: герой ці здраднік?

7 чэрвеня 1880 года нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі. Ягоная магіла знаходзіцца ля ўваходу ў Кальварыйскі касьцёл. Ягоны лёс — складанае суквецьце ўчынкаў.

Пахаваньне Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках у Менску ў 1943 годзе

Пра Вацлава Іваноўскага дарэчна і пераканаўча выказаўся ў свой час Юры Туронак: «Ён марыў пра незалежную Беларусь. Толькі да гэтай мэты былі скіраваныя ўсе ягоныя намаганьні — абудзіць і распаўсюдзіць нацыянальную сьвядомасьць. Яшчэ маладым студэнтам ён зразумеў, што вырашыць гэтую задачу будзе немагчыма бязь дзейснай староньняй падтрымкі. І таму супрацоўнічаў з Расеяй, Польшчай, Нямеччынай — усё залежала ад абставінаў часу, ад здольнасьці і зацікаўленасьці патэнцыйнага саюзьніка ў падтрымцы інтарэсаў Беларусі. Бо толькі ёй адзінай прысягаў ён на вернасьць, на іншых жа глядзеў цераз прызму беларускіх інтарэсаў і чакаў разуменьня і дапамогі.

3 гэтай дарогі ня збочваў аж да сьмерці, і дзейнасьць ягоная рэдка задавальняла суседзяў — ён не хацеў ім падпарадкоўвацца, таму стаўленьне да Іваноўскага польскіх, расейскіх і савецкіх публіцыстаў звычайна было тоеснае іх стаўленьню да памкненьняў беларускага незалежніцкага руху. І адны, і другія часта расцэньвалі гэты рух як скіраваную супраць іх інтрыгу непрыяцеля. А ўжо адгэтуль была самая кароткая дарога да найдзіўнейшых закідаў, паклёпаў і агідных абразаў.

Фігура Іваноўскага была выкрэсьленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа, грабежнікам і пачварай, што купалася ў людзкой крыві».

Маладосьць

Хаця ў сям’і Іваноўскіх і карысталіся ў штодзённым ужытку польскай мовай, бацька — Леанард Іваноўскі — лічыў сябе і свой род нашчадкамі шляхты старой Літвы, адзначае Антось Савук. Сямейнае выхаваньне ў падобным духу дало свой плён: ягоны сын Вацлаў, які нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 году ў Лябёдцы, вызначыў сябе як беларуса і размаўляў на мове свайго народа. Браты Вацлава — Тадэвуш і Юры з узростам далучыліся да палітычнага і нацыянальнага руху іншых народаў: адзін — Літвы, другі — Польшчы. У 1891 годзе сям’я Іваноўскіх пераехала ў Варшаву.

Студэнт Вацлаў Іваноўскі

У 1899 годзе Вацлаў скончыў 5-ю Клясычную гімназію ў Варшаве і таксама, як і бацька, Пецярбургскі тэхналягічны інстытут у 1904 годзе.

Вацлаў Іваноўскі — адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Вызначыўшы сябе як беларуса, ён зрабіў беларускае адраджэньне мэтай свайго жыцьця.

Ужо падчас навучаньня ў Пецярбургу ён здолеў згуртаваць вакол сябе студэнтаў-беларусаў, якія ўзімку 1901-1902 гадоў утварылі нелегальную Беларускую рэвалюцыйную партыю. Іваноўскі стаў ейным лідэрам. З 1902 года БРП пачала займацца выдавецкай дзейнасьцю, яна надрукавала зварот «Да інтэлігенцыі», адрасаваны адукаваным беларусам.

Першы пункт праграмы дзейнасьці нацыянальнай інтэлігенцыі быў сфармуляваны так: «Стварыць гурткі з мэтай працы над роднай мовай (граматыка), краязнаўствам, гісторыяй, літаратурай. Зьвярнуцца да спэцыялістаў з просьбай аб выкладаньні і напісаньні адпаведных працаў. Палегчыць іхнюю працу матэрыяльнай спамогай».

Урывак са звароту

«Да інтэлігенцыі. Хто з вас пазайздросціць лёсу ламавой клячы? Кепска накормленая, вечна бітая, прадаваная, як зьнясіліцца, на шкурадзёрню — бядуе ўсё сваё жыцьцё, амаль ня ведаючы адпачынку… Прыемны і пекны малюнак, ці ня так? І аднак жа, аднак жа вы дазваляеце, не пратэстуеце, ня робіце анічога, каб люд, зь якога вы выйшлі, ня ведаў гэткага ж лёсу. Цёмны — дапатопнымі прыладамі нішчыць зямлю-карміцельку; бедны — за гэта нясе на сабе цяжар падаткаў; адурманены, бо ня ёьсць сам сабе гаспадаром, з цярплівасьцю слана трывае дзяржаўны прыгнёт.

Усё гэта на руку тым, чыё існаваньне грунтуецца на дурноце, цямрэчы і эксплюатацыі люду. І вы б хацелі прыняць удзел у гэтым сістэматычным абкраданьні лепшай долі народу свайго? Ды вы адрачэцеся проста ў вочы. Але так ёсьць, калі самі вы, маючы сьвятло, ня дзеліцеся з тымі, у каго яго няма. І гэтае бязьдзеяньне помсьціцца на вас. Адцятыя ад люду чужамоўным выхаваньнем, вы ня здолелі стварыць уласнай самастойнай культуры для вашай жменькі і пайшлі ў паняверку да суседзяў. І слушна — бо не адважыліся на тое, на што адважыліся стакроць меншыя лікам літоўцы, балгары, сербы, харваты і г. д.

Дайце народу асьвету, але дайце яе на роднай мове. Інакш яна ніколі не прасочыцца ў нізы. Розум дзіцяці, які з цяжкасьцю авалодвае агульнымі паняцьцямі, мае падвойную працу, робячы гэта на чужой мове. Адсюль недакладнасьць, хаос, боязь навукі. Родная мова — гэта ж выраз душы, яе пачуцьцяў, думак. Урад ведае, што робіць, калі падае жабрачыя аб’едкі асьветы па-расейску: ён ці ўвогуле адбівае ахвоту да навукі, ці стварае блытаніну паняцьцяў, парывае кроўную еднасьць з народам самых здольных, робіць зь іх слугаў, што мысьляць па-расейску, у зародку нішчыць нацыянальную самастойнасьць, затрымлівае разьвіцьцё беларускай культуры. 3 усіх яго злачынстваў гэтае, бадай, найвялікшае: катаваньне дзіцячай сьвядомасьці, скрыўленьне разумовага разьвіцьця, маральнае разбэшчваньне, бо там, у перспектыве, перакрой на маскаля мовай і розумам, а калі ты яшчэ і праваслаўны, перад беларусам адкрываецца шлях да ганаровых пасадаў і дабрабыту — коштам здрады народу. І сярод вас ёсьць шмат гэткіх прадажнікаў.

Дык вы сталі нявольнікамі ня толькі таму, што вас зламалі паразы — вы сталі нявольнікамі праз свае душы, вы верныя падданыя маскоўскага цара. Дзе вашыя правы? У пыле, забытыя, гніюць у бібліятэках, затое ўсемагутны бізун вісіць над вамі. Цалуйце яго, рабы! Можа, калі ў імгле паўстане будучыня ваша, «хмурная», але «ўзьнёслая», вы і пачнеце дабівацца сваіх правоў; мо жа быць, але безь яе — ніколі».

Можна меркаваць, што гэтая адозва была апрацаваная пры непасрэдным удзеле Вацлава Іваноўскага, бо закладзеныя ў ёй ідэі засталіся галоўным арыентырам ягонай далейшай шматгадовай дзейнасьці аж да сьмерці.

У 1903 годзе Вацлаў Іваноўскі разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і братамі Луцкевічамі выдае ў Лябёдцы першы нумар нелэгальнага часопіса «Свабода». Але ўвесь наклад, каб пазьбегнуць арышту, вымушаныя былі зьнішчыць самі выдаўцы.

На пачатку 1906 году ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца».

Вацлаў Іваноўскі ў 1908 годзе

БНР

Вацлаў удзельнічаў ва Усебеларускім зьездзе 1917 году ў Менску. У 1918 годзе выконваў абавязкі рэктара Менскага педагагічнага інстытуту і міністра асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У сьнежні 1918 году, пасьля адыходу нямецкіх войскаў, застаўся ў Менску разам з Язэпам Лёсікам і іншымі сябрамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, спадзеючыся на стварэньне кааліцыйнага ўраду БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў.

Але з камуністамі сябраваць — сябе не паважаць. У траўні 1919 году Вацлаў Іваноўскі арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасьля вызваленьня з смаленскай турмы адмовіўся выехаць у Польшчу і вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага адзьдзела Менскага губернскага камісарыяту асьветы Літоўска-Беларускай ССР.

Увосень 1919 году пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй. У лютым-сакавіку 1920 году як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэньне федэрацыі Польшчы і Беларусі.

Вацлаў Іваноўскі

Падзел Беларусі ў выніку ганебнай Рыжскай мірнай дамовы часова пазбавіў Іваноўскага надзеі на ажыцьцяўленьне ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Вацлаў адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці і вярнуўся да навуковай працы. У пачатку 1922 году Вацлаў Іваноўскі быў запрошаны ў Варшаўскую Палітэхніку на пасаду надзвычайнага прафэсара.

Немцы

З нападам немцаў на Беларусь Вацлаў Іваноўскі пачаў шукаць новае вакно магчымасьцяў для нацыянальнай ідэі.

Увосень 1941 году польскі прадстаўнік Арміі Краёвай у Менску даносіў свайму ўраду ў выгнаньні ў Вялікай Брытаніі: «…беларусы змушаны манэўраваць так, каб ніякім чынам не зьвярнуць на сябе ўвагі немцаў, прынамсі, да часу стварэньня беларускай арміі (яна мае налічваць 150 тысячаў асобаў), бо сёньня галоўнай іх працай ёсьць працягваньне сваіх людзей у адзьдзелы з тым, каб стварыць суполкі партыі аж да поўнага апанаваньня войска і паліцыі… Беларусы імкнуцца да таго, каб мірным шляхам атрымаць ад немцаў як найболей, а рэшту забраць па іхнім разгроме».

На тэрыторыі Беларусі галоўным стаў Вільгельм Кубэ. Як адзначае Юры Туронак, «пад лёзунгам «Беларусь — для беларусаў» ён прапагандаваў ідэю нямецка-беларускай супольнасьці інтарэсаў і супрацоўніцтва, клапаціўся пра адбудову сістэмы асьветы і культурных установаў, абараняў менскія музэі і бібліятэкі ад рабункаў і вынішчэньня нямецкімі войскамі, правёў поўны падзел калгасаў, зьвяртаўся ў Галоўнае Ведамства Бясьпекі Рэйху па праблеме вынішчэньня габрэяў. Нарэшце, ён прызнаў неабходнасьць паступовай беларусізацыі адміністрацыі, праваслаўнай і каталіцкай царквы ды іншых галінаў грамадзкага жыцьця».

Кубэ напрыканцы 1941 году прызначыў Вацлава Іваноўскага на пасаду намесьніка кіраўніка, бургамістра Менску. А ўлетку 1942 году на пасаду бургамістра. Паміж імі існавала поўная згода ў поглядах на адраджэньне беларускай культуры і нацыянальнай сьвядомасьці. Абодвух іх яднала захапленьне мастацкай літаратурай і тэатрам. Нарэшце, Вацлаў Іваноўскі быў адным з нешматлікіх беларускіх дзеячоў, хто дасканала валодаў нямецкай мовай.

Гісторык Юры Туронак адзначае, што гэта спрыяла іх больш шчыльнаму знаёмству і ўзбагачала веды Кубэ пра Беларусь — гэтую, як ён сам казаў, «найменш знаную краіну Эўропы»,  ейную мінуўшчыну і цяперашнія праблемы. Гэта істотна ўплывала на рост прабеларускіх сімпатыяў Кубэ.

Вацлаў Іваноўскі шмат увагі прысьвячаў духоўным праблемам. Пад яго кіраўніцтвам адзьдзел асьветы і культуры падтрымліваў працу 16 пачатковых школаў, этнаграфічнага музэю, арганізоўваў выставы жывапісу і народнага мастацтва. Але ня далі вынікаў ягоныя захады па арганізацыі педагагічнага інстытуту. Затое ўдалося на ўскраіне Менска ўзнавіць працу дасьледчыцкай Балотнай станцыі, дзе праводзіліся эксперымэнты па вырошчваньні цукровых буракоў на беларускіх глебах. Дарэчы, як узгадвае Юры Туронак, гэта было тэмай ягонай доктарскай працы.

У зацікаўленьнях Вацлава Іваноўскага значнае месца займеў Менскі гарадзкі тэатар. Кіраваў ім спачатку Ян Краўчонак, а затым Пятро Булгак. Тэатар оперы і балету заняло войска, і пастановы адбываліся ў будынку сёньняшняга Купалаўскага тэатру. Таму ў адным будынку працавалі тры трупы — драматычная, оперная і балетная. Вацлаў Іваноўскі часта запрашаў актораў, рэжысэраў і драматургаў на спатканьні ў гарадзкую ўправу, дзе яны супольна абмяркоўвалі рэпертуарныя пляны, шукалі выйсьце з цяжкага матэрыяльнага становішча. Ён ахвотна бавіў час сярод артыстаў, падтрымліваў зь імі таварыскія кантакты. Артыстка тэатра Яўгенія Седліц была ягоным апошнім каханьнем.

Паводле маляўнічага выказваньня гісторыка беларускага тэатру Ўладзімера Сядуры, «у тыя гады цемры Менскі гарадзкі тэатар нёс жыхарам горада сьвятло мастацтва».

З забойствам Кубэ ў ноч з 21 на 22 верасьня 1943 году сытуацыя значна зьмянілася. Новым рэйхскамісарам Беларусі стаў генэрал-лейтэнант паліцыі фон Готбэрг.

Готбэргу значна больш імпанаваў Радаслаў Астроўскі, стары нямецкі шпіён, які ў лістападзе 1943 году быў адкліканы Готбэргам у Менск. Тут ужо знаходзілася СД, якое пераехала са Смаленску, зь якім быў шчыльна зьвязаны Астроўскі. З дапамогай СД Астроўскі пераканаў Готбэрга ў неабходнасьці «актывізацыі» існага Камітэту даверу, але без Вацлава Іваноўскага. Агенты Астроўскага са згоды нямецкай паліцыі пачалі рыхтаваць змову супраць Іваноўскага.

Канец

Адзін са сьведкаў замаху 6 сьнежня 1943 году згадваў: «Вацлаў Іваноўскі ехаў на брычцы. У самым пачатку вуліцы Астроўскага, каля Кацярынскай царквы, вылецелі з двара двое. Кінуліся да яго, выцягнулі наган і наганам зьбілі яго да паўсьмерці…» Памёр Іваноўскі праз некалькі гадзінаў у шпіталі, ужо 7 сьнежня. Ксёндз Зянон Ігнатовіч, які служыў у Чырвоным касьцёле, застаў яго яшчэ жывым і зрабіў яму апошняе намашчэньне.

Пахаваньне Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках у Менску ў 1943 годзе

Як піша Антось Савук, «сьмерць Іваноўскага выклікала ў Менску вялікую жалобу, а пахаваньне ягонае вылілася ў масавую дэманстрацыю. Труна з целам была выстаўленая ў гарадзкім тэатры. Ля труны стаяла ганаровая варта Саюза Беларускай Моладзі. Тысячы менчукоў ішлі разьвітацца з «бацькам горада», як яго папулярна тут звалі. На пахаваньне прыехаў шэраг дэлегатаў з па-за Менску. Сярод іх былі: Францішак Аляхновіч і дырэктар Беларускай гімназіі, у адкрыцьці якой ён так шмат прыклаў намаганьняў, доктар Грышкевіч зь Вільні, віцэ-старшыня Беларускага Аб’яднаньня ў Беласточчыне Тамашчык і іншыя».

У 2001 годзе жонка Іваноўскага Сабіна і дачка Ганна былі ўшанаваныя тытулам «Праведнікі народаў сьвету» за выратаваньне ў 1941 годзе, падчас нацысцкай акупацыі, дзьвюх жанчынаў-габрэек, сябровак Іваноўскіх.

Сёньня ў вас ёсьць магчымасьць згадаць з удзячнасьцю беларускага патрыёта, які аддаў жыцьцё за Беларусь. Наведайце Кальварыйскія могілкі ў Менску.

Стары крыж на магіле Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках у Менску. Фота: Павел Хадзінскі

Павел Хадзінскі, novychas.online