Кабінэт Міністраў Украіны 7 чэрвеня зацьвердзіў пералік моваў нацыянальных меншасьцяў (супольнасьцяў) і карэнных народаў Украіны, якім пагражае зьнікненьне, — у пералік трапіла і беларуская мова. Для захаваньня і разьвіцьця гэтых моваў будзе надавацца дзяржаўная падтрымка.
Пра зацьвярджэньне дакумэнту паведаміў прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук, а таксама дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
Як адзначаецца ў дакумэнце, асноўная мэта зацьверджанай пастановы — захаваньне і разьвіцьцё моваў нацыянальных меншасьцяў (супольнасьцяў) і карэнных народаў Украіны, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.
У сьпіс моваў, якім пагражае зьнікненьне ва Ўкраіне, увайшла і беларуская мова. Акрамя яе, у сьпіс уключаныя ідыш, рама́ні (цыганская) і гагауская мовы, мовы карэнных народаў Украіны — крымскататарская, караімская, крымчацкая, а таксама ўрумская і румейская мовы грэкаў Прыазоўя.
«Зацьвярджэньне гэтага пераліку зьяўляецца важным крокам у захаваньні моўнай і культурнай разнастайнасьці Ўкраіны. Гэта сьведчыць аб імкненьні дзяржавы абараняць правы і самабытнасьць усіх сваіх грамадзян незалежна ад іх этнічнай прыналежнасьці», — гаворыцца ў пастанове.
Згодна з украінскім заканадаўствам, дзяржаўная палітыка ў сфэры нацыянальных меншасьцяў (супольнасьцяў) мае на мэце наданьне дзяржаўнай падтрымкі мовам, якім пагражае зьнікненьне.
«Пералік моваў нацыянальных меншасьцяў і карэнных народаў Украіны грунтуецца на навукова абгрунтаваных прапановах Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. У яго таксама ўключаныя мовы, якім пагражае зьнікненьне ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, у прыватнасьці, высновамі UNESCO», — гаворыцца ў пастанове Кабінэту міністраў Украіны.
У сьнежні 2023 году Вярхоўная Рада Украіны ўвяла ў заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях пастаяннае абмежаваньне на расейскую мову як «афіцыйную мову дзяржавы, прызнанай Вярхоўнай Радай дзяржавай-агрэсарам або дзяржавай-акупантам».