Яе мэта – перашкодзіць мігрантам і кантрабандыстам, якія спрабуюць трапляць у Польшчу з Беларусі.
Найбліжэйшымі днямі на польска-беларускай мяжы мае быць створаная буферная зона. Яе мэта – перашкодзіць нерэгулярным мігрантам і кантрабандыстам, якія спрабуюць трапляць у Польшчу з Беларусі. Belsat.eu расказвае галоўнае, што трэба ведаць пра буферную зону.
Калі і на які час з’явіцца буферная зона
Стварэнне прымежнай зоны, куды будзе забаронены ўезд, анансаваў 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. «Я хачу, каб гэта дайшло да кожнага. Тут няма месца ні для якіх перамоваў. Можна выкарыстоўваць усе даступныя метады, польскую мяжу трэба абараняць», – сказаў кіраўнік ураду.
З’явіцца буферная зона мусіла 4 чэрвеня, казаў міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш. Праўда, затым польскія ўлады адклалі яе ўвядзенне. Чыноўнікі тлумачылі гэта жаданнем знайсці лепшае выйсце, што «максімальна ўлічвала б інтарэсы мясцовых жыхароў і мясцовых прадпрымальнікаў».
«Нам трэба яшчэ трохі часу, некалькі дзён, каб параіцца з мясцовымі ўладамі, нацыянальным паркам і грамадскімі арганізацыямі», – сказаў міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.
І вось 10 чэрвеня сталася вядома, што буферную зону ўсё ж увядуць. Як паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністравання Чэслаў Мрочэк, распараджэнне аб яе стварэнні будзе падпісанае 12 чэрвеня і ўвойдзе ў сілу на наступны дзень.
Мрочэк падкрэсліў, што распараджэнне пра буферную зону носіць часовы характар. Яно будзе дзеяць 90 дзён, то бок да сярэдзіны верасня. На пытанне, ці магчымае падаўжэнне распараджэння, ён адказаў адмоўна.
Якія тэрыторыі ахопіць буферная зона
Ад пачатку планавалася, што буферная зона ахопіць 27 населеных пунктаў Падляскага ваяводства Польшчы. З іх 26 у Гайнаўскім павеце (у гмінах Чэрэмха, Кляшчэлі, Дубічы-Царкоўныя, Гайнаўка, Белавежа, Нараўка) і вёска Бярэзіна гміны Міхалова Беластоцкага павету. І хоць згадвалася, што буферная зона будзе шырынёю 200 метраў, месцамі яна заходзіць у глыбіню Польшчы на 5–7 кіламетраў. У выніку закрывалася большая частка Белавежскай пушчы і наваколляў Белавежы, акрамя самой Белавежы.
Цяпер жа ўлады Польшчы пайшлі на змяншэнне памеру буфернай зоны, яна была «абмежаваная да неабходнага мінімуму», заявілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністравання.
Працягласць зоны складзе каля 60 км. Пры гэтым прапанаваная тэрыторыя забароненай зоны не будзе ўключаць населеных пунктаў і турыстычных маршрутаў, каб наступствы ўведзеных абмежаванняў як найменш абцяжарвалі жыхароў, турыстаў і іншых суб’ектаў, якія вядуць прафесійную дзейнасць, заявілі ў міністэрстве. Таксама прэм’ер Польшчы паабяцаў вылучыць дапамогу мясцовым жыхарам у выпадку негатыўных наступстваў ад буфернай зоны. Аналагічную дапамогу абяцаюць і мясцоваму бізнесу.
Ці закрываецца ад гэтага мяжа?
Нягледзячы на чуткі, што ад увядзення буфернай зоны нібыта можа закрыцца і польска-беларуская мяжа, пакуль такога ў планах няма. Памежныя пераходы, адкрытыя на гэты момант, працягнуць працаваць і надалей.
Буферная зона закранае толькі апісаны вышэй абшар. І менавіта ў ім забараняецца прысутнасць старонніх асобаў. Робіцца гэта для бяспекі польскіх памежнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў, а таксама для абмежавання дзейнасці кантрабандысцкіх групаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.
Адзначым, што гэткая буферная зона ўжо існавала на польска-беларускай мяжы ў 2021–2022 гадах. Пра тое, як гэта было, можна пачытаць у адмысловых рэпартажах «Белсату» (тут і тут).
Што яшчэ плануецца на мяжы
Рада міністраў Польшчы 10 чэрвеня таксама прыняла пастанову аб заснаванні Нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны «Усходні шчыт», згодна з якой прадугледжваецца стварэнне комплекснай абарончай інфраструктуры на мяжы з Беларуссю. Рэалізацыя праграмы будзе праходзіць у 2024–2028 гадах, а яе кошт складзе каля 2,3 мільярда еўраў.
Комплекс абарончай інфраструктуры прадугледжвае будаўніцтва лагістычных базаў і сеткі бункераў для сістэмаў знішчэння, а таксама развіццё інфраструктуры для сістэмаў барацьбы з беспілотнікамі. Для абмежавання мабільнасці праціўніка пабудуюць супрацьтанкавыя равы, для забеспячэння войска і абароны цывільнага насельніцтва – пабудуюць падземныя склады боепрыпасаў і каштоўнай вайсковай тэхнікі, пашыраць раёны абароны, а таксама ажыццявяць шэраг іншых захадаў.
Міністр абароны Касіняк-Камыш таксама прэзентаваў праекты пастановаў, што вызначаюць абставіны, пры якіх выкарыстанне зброі вайскоўцамі на мяжы не будзе парушэннем закону. Гэтак, зброя зможа ўжывацца, калі адбываецца наўпроставы замах на недатыкальнасць дзяржаўнай мяжы Польшчы, на жыццё, здароўе або свабоду вайскоўца ці іншай асобы. На дадатак, выкарыстанне зброі не будзе лічыцца супрацьпраўным, калі адбылося невыкананне патрабавання кінуць зброю або калі нехта незаконна спрабуе забраць агнястрэльную зброю ў вайскоўца.
Акрамя таго, у праекце паправак да Закону аб абароне Айчыны прадугледжваецца магчымасць выкарыстання падраздзяленняў Войска Польскага на тэрыторыі Польшчы без неабходнасці абвяшчэння надзвычайнага або ваеннага становішча. Дагэтуль гэта было немагчыма.
Чаму гэта ўсё адбываецца
Новыя захады польскіх уладаў на мяжы з Беларуссю сталіся адказам на ўзмацненне міграцыйнага крызісу. 28 траўня быў паранены мігрантам з беларускага боку, а 6 чэрвеня памёр у шпіталі польскі вайсковец Матэўш Сітэк. За апошнія тыдні былі параненыя яшчэ некалькі асобаў з польскага боку.
У каментары «Белсату» журналіст выдання «Rzeczpospolita» Руслан Шошын прызнаў, што буферная зона стварае «не зусім адпаведную» атмасферу для жыхароў польскага памежжа, калі ў адказ на гібрыдную агрэсію з боку суседа на мяжы з’яўляецца войска і паліцыя. Аднак, падкрэсліў ён, такія захады таксама гарантуюць бяспеку для саміх памежных жыхароў.
Агулам, на ягоную думку, прысутнасць польскага войска на мяжы будзе толькі павялічвацца. Не выключае Шошын і таго, што адказ польскіх вайскоўцаў на дзеянні з беларускага боку зробіцца больш рашучым, калі «ў іх лятуць нажы, камяні ці пачне хтосьці ў іх страляць».
Паводле Шошына, польскі ўрад цяпер паўстане перад складаным пытаннем, што рабіць, калі лукашэнкаўскі рэжым на мяжы пойдзе на далейшую эскалацыю, бо, «відавочна, гэта не самастойная ініцыятыва нейкіх крымінальных групаў, гэта ўсё каардынаваная акцыя спецслужбаў».
Журналіст адзначыў, што ў міграцыйным пытанні рэжым у Менску дзее згодна з парадкам дня ў Крамлі, каб дадаць «дадатковы абшар працы» польскім спецслужбам і войску як адказ на падтрыманне Польшчай Украіны.
Шошын не выключае, што ў перспектыве Польшча можа пайсці на тое, каб у адказ на дзеянні лукашэнкаўскага рэжыму «цалкам закрыць мяжу і стварыць такую закрытую тэрыторыю на ўзор Паўночнай Карэі». Хоць яшчэ нядаўна польскі прэм’ер Туск разважаў пра магчымасць адкрыцця памежнага пераходу «Баброўнікі».
«Гэтае пытанне было на парадку дня, а тут праз некалькі дзён адбываюцца такія падзеі, якія перакрэсліваюць усе гэтыя імкненні. Гэта вельмі падазроная сітуацыя», – сказаў журналіст.
Таму ён не выключае, што за апошнім абвастрэннем таксама магла хавацца «рука Масквы, як бы гэта банальна ні гучала».