У ЭГУ адкрылі «першы беларускі гістфак за мяжой». Ці дапаможа гэта беларусізаваць унівэрсытэт

Сьцягі каля корпусу ЭГУ. Архіўнае фота

У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце адкрываецца новая гістарычная праграма. «Радыё Свабода» даведалася, у чым яе асаблівасьці, а таксама пра тое, што ў ВНУ засталося беларускага.

Рэпрэзэнтацыя для беларускіх гісторыкаў

Гісторык і культуроляг Цімафей Акудовіч назваў новую праграму першым беларускім гістфакам за мяжой.

Насамрэч гэта не факультэт, а бакаляўрская праграма. Час навучаньня на ёй — 4 гады. Мінімальны набор — 15 чалавек.

Адзін са стваральнікаў праграмы «Гісторыя» Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялягічных навук, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, расказаў, што асноўная прычына, чаму адкрываецца праграма па гісторыі за мяжой, гэта тое, што ў Беларусі цяпер цяжка атрымаць належную гістарычную адукацыю.

Аляксей Ластоўскі

Навуковец кажа, што праз палітычны ціск многіх гісторыкаў вымусілі звольніцца з ВНУ ў Беларусі. Гэта, на думку суразмоўцы, пагаршае якасьць адукацыі. З другога боку, беларуская гістарычная навука трапляе ва ўсё большую міжнародную ізаляцыю. Перапыніліся ўсе кантакты з заходнім сьветам, нават з суседзямі Польшчай і Літвой.

«Застаецца толькі Расея, якая прасоўвае свой парадак дня. Патрабуе перагляду беларускай гісторыі, якая супярэчыць „дружбе народаў“. Мы атрымліваем рэвізію гісторыі пад актуальныя палітычныя патрэбы, узмацненьне стасункаў з Расеяй», — адзначае Ластоўскі.

Зь ягоных словаў, ад адсутнасьці міжнароднага дыялёгу ў Беларусі адбываецца мэтадалягічная і тэарэтычная дэградацыя гістарычнай навукі. Выкладаньне гісторыі ў Беларусі закансэрвавалася ў падыходах, канцэпцыях, мэтадалёгіі пачатку 1990-х гадоў. Адна з задач на новай спэцыяльнасьці ЭГУ — даць студэнтам магчымасьць далучыцца да тых падыходаў, пытаньняў, якімі жыве сучасная сусьветная гістарычная навука.

«Каб расказваць пра Беларусь з дапамогай тых канцэпцый, якія цяпер пануюць у сьвеце. Каб беларускія гісторыкі рэпрэзэнтавалі сябе ў Кембрыдзкім, Ейльскім унівэрсытэтах. Каб іхныя кнігі выдавалі прэстыжныя выдавецтвы. Каб беларускую гістарыяграфію не ўспрымалі звонку як нешта правінцыйнае», — пракамэнтаваў адзін са стваральнікаў праграмы.

Выкладчыкі мяркуюць, што новая спэцыяльнасьць дазволіць маладым гісторыкам часьцей зьяўляцца на міжнародных канфэрэнцыях, у публікацыях. Прадстаўляць Беларусь на ангельскай мове. Цяпер жа голас з Беларусі амаль адсутнічае, тлумачыць Аляксей Ластоўскі.

«Нават пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага пераважае пазыцыя літоўскіх гісторыкаў», — удакладніў ён.

На праграме «Гісторыя» плянуюць выкладаць на дзьвюх асноўных мовах — беларускай, а з другога курсу некаторыя прадметы на ангельскай. У плянах — супраца з эўрапейскімі і амэрыканскімі ўнівэрсытэтамі. На асобныя заняткі будуць запрашаць літоўскіх гісторыкаў. Яны, імаверна, будуць выкладаць па-расейску.

«Праграма „Гісторыя“ зьвязаная з разуменьнем уласнай ідэнтычнасьці. Гісторыя Беларусі мусіць гучаць у першую чаргу па-беларуску», — адзначыў суразмоўца.

Асноўны зьмест гістарычнай праграмы — гісторыя рэгіёну ад Балтыйскага да Чорнага мора. Будуць курсы з сусьветнай гісторыі, якія лічацца моднымі: глябальная гісторыя, кліматычная гісторыя.

Цікавінка навучаньня — у фокусе навучаньня штогод будзе адзін горад: на першым курсе — Вільня, на другім — Гданьск, на трэцім — Львоў. Гэта гарады, дзе жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і рэлігій. На іх прэтэндавалі розныя нацыянальныя рухі. Праз гісторыю аднаго гораду студэнты будуць вывучаць гісторыю ўзаемадзеяньняў і трансфэраў. Убачаць, як па-рознаму можна чытаць культурны і гістарычны ляндшафт з розных пазыцый, патлумачыў выкладчык.

Гісторыю Вільні Аляксей Ластоўскі будзе выкладаць супольна з дырэктарам інстытута гісторыі Літвы Альвідасам Нікжантайцісам. Гданьскі курс будзе чытаць беларускі гісторык, а львоўскі — украінская вучоная.

«Каб была поліфанія галасоў. Каб студэнты бачылі, што гісторыя розная, складаная, на яе можна глядзець з розных пазыцый, а ня толькі з адной», — тлумачыць Ластоўскі.

Ластоўскі адзначыў, што агулам у ЭГУ карыстаюцца трыма мовамі: расейскай, беларускай і ангельскай, бо там вучацца студэнты ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краін. Зь ягоных назіраньняў, ЭГУ ад пачатку быў збольшага расейскамоўным, акрамя некаторых кірункаў.

«ЭГУ — гэта беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні. Рамкай, істотнай для ўнівэрсытэту, на што мы арыентуемся, пра што мы думаем, застаецца Беларусь. Гэта ўплывае на курсы, праграмы. Пераважная большасьць — гэта студэнты зь Беларусі», — адказаў ён на пытаньне, што ва ўнівэрсытэце застаецца беларускага.

Ластоўскі адзначыў, што беларускасьці ў ЭГУ магло б быць больш. Але вучэльня, на ягоную думку, паказвае стан беларускай мовы ў беларускім грамадзтве. У сытуацыі, калі адкрываецца праграма зь беларускай і ангельскай мовамі выкладаньня, ён чакае, што грамадзтва магло б падтрымаць такі крок, а не крытыкаваць унівэрсытэт.

«Беларускім унівэрсытэт становіцца, калі ён пачынае „думаць Беларусь“»

Кандыдат пэдагагічных навук, мэтадоляг Сьвятлана Мацкевіч адзначыла, што вітае пашырэньне праграмы ЭГУ. Аднак, паводле ейных назіраньняў, унівэрсытэт крытыкуюць не за навучальны працэс.

ЭГУ, перакананая яна, павінен даваць ня толькі эўрапейскую адукацыю годнага ўзроўню, але і займаць выразную палітычную пазыцыю. Дакладна вызначаць сваё стаўленьне да беларускасьці. Адказваць на шэраг філязофскіх пытаньняў, як вырашаць сучасную сытуацыю, калі рэгіён Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы стаў эпіцэнтрам сусьветнай канфліктнасьці.

Сьвятлана Мацкевіч

«У зоне канфлікту трэба адказваць на пытаньні, як з гэтай сытуацыі выходзіць. Унівэрсытэты маюць браць на сябе функцыю мысьленьня і пошуку адказаў у нетыповай сытуацыі. Мне здаецца, ЭГУ не адказвае на гэтыя пытаньні, а спрабуе адысьці… На маю думку, займаць нэўтральную пазыцыю ў цяперашніх умовах — для ўнівэрсытэту амаральна», — мяркуе Мацкевіч.

Суразмоўца кажа, што ЭГУ ніколі ня быў беларускім. Ягоная канцэпцыя, якая фармавалася ў 1990-я гады, была не беларускай, а хутчэй адаптыўнай.

«Пачынаецца рэтушаваньне сытуацыі: перавесьці ўсё на ўзровень адукацыі, зрабіць адукацыю па-за палітыкай, зрабіць выгляд, што „мы думаем пра студэнтаў“, замест таго каб займаць выразную пазыцыю», — кажа пра пазыцыю ВНУ суразмоўца.

Сьвятлана Мацкевіч прыгадала, што з 1990-х гадах ішоў дыскурс паміж філёзафам Уладзімерам Мацкевічам і колішнім рэктарам ЭГУ Анатолем Міхайлавым, пра тое, у чым беларускасьць унівэрсытэту.

«Нашая мэтадалягічная канцэпцыя была ў тым, што ўнівэрсытэт — гэта месца думкі. Беларускім унівэрсытэт становіцца, калі ён пачынае „думаць Беларусь“», — адзначыла Мацкевіч.

Паводле яе, беларусізацыя азначае ня толькі ўжываньне беларускай мовы (якая мусіць быць абавязкова). На думку мэтадоляга, унівэрсытэт мае быць і беларускі, і эўрапейскі адначасна, і рабіць дэсаветызацыю ўнутры сябе. Аднак суразмоўца мяркуе, што ЭГУ ня выбраў такой тактыкі. У 1990-я гады ён адмовіўся «думаць Беларусь», а выбраў тактыку «размытай глябалізацыі».

Сьвятлана Мацкевіч прыгадала, што ЭГУ перажыў шэраг публічных скандалаў. Прыкладам, у 2014 годзе быў канфлікт паміж кіраўніцтвам і сэнатам вучэльні. У выніку шэраг выкладчыкаў, у тым ліку Андрэй Лаўрухін і Максім Жбанкоў, звольніліся. Тое, як унівэрсытэт вырашаў гэтыя канфлікты, на ейную думку, сьведчыла пра тое, што вучэльня хутчэй схіляецца да старых схемаў кіраваньня.

Суразмоўца мяркуе, што сыстэму кіраваньня ва ўнівэрсытэце трэба памяняць.

«Адна адукацыя ня робіць унівэрсытэт унівэрсытэтам. Калі сыходзіць філязофія, то роля ўнівэрсытэту пераходзіць на ўзровень аказаньня паслуг і ліквідацыі непісьменнасьці… Добрыя выкладчыкі або новыя праграмы не задаюць праграмнасьці ўнівэрсытэту агулам», — перакананая Мацкевіч.

Мэтадоляг адзначыла, што місію «думаць Беларусь» бралі на сябе іншыя пляцоўкі, не ўнівэрсытэты. Паводле яе, гэта недзяржаўныя арганізацыі «Беларускі калегіюм», «Лятучы ўнівэрсытэт».

«Калі студэнты вучацца маляваць, яны беларускія ці не?»

Адзін з выкладчыкаў ЭГУ ананімна пракамэнтаваў Свабодзе, што, на ягоную думку, ЭГУ ня можа быць небеларускім унівэрсытэтам.

«Сама пастаноўка пытаньня „Ці ён застаўся беларускім?“ азначае, што мо і не. Няўжо я магу сказаць: ён не застаўся беларускім, ён больш не беларускі?! Гэта ж немагчыма!» — выказаўся выкладчык.

Там апошнім часам ня стала менш беларускамоўных праграм, адзначыў суразмоўца. Ён мяркуе, што ў ЭГУ такая ж прапорцыя беларускай мовы, як і ў беларускім грамадзтве. Колькасьць студэнтаў зь Беларусі — каля 90%. Пераважная большасьць выкладчыкаў — гэта беларусы.

«Калі студэнты дызайну вучацца маляваць, яны беларускія ў гэты момант ці не беларускія? Мне здаецца, што ўсе беларускія… Місія ўнівэрсытэту застаецца нязьменнай — даваць якасную адукацыю для беларусаў і праз гэта разьвіваць беларускае грамадзтва», — кажа суразмоўца.

Раней вялікі адсотак выпускнікоў вярталіся працаваць у Беларусь, адзначае выкладчык. Паводле ягоных назіраньняў, вялікі адсотак незалежнай культуры, сэктару недзяржаўных арганізацый — выпускнікі ЭГУ. Хтосьці зь іх працуе ў бізнэсе, некаторыя працавалі раней на дзяржаўнай працы ў Беларусі.

У адказ на крытыку ЭГУ суразмоўца адзначыў, што ўнівэрсытэт мае ўласную прастору магчымага, уласную прастору для манэўраў, уласную лёгіку разьвіцьця.

«Ёсьць пэўныя чаканьні ад грамадзтва, якія ўпіраюцца ў гэтую лёгіку, прастору. Мы штодзённа працуем ня з мэдыя і грамадзкімі чаканьнямі, а з маладымі людзьмі. Мэдыя і грамадзкія чаканьні маюць велізарнае значэньне для нас, але маладыя людзі — найбольшае. Як яны праводзяць гэтыя чатыры гады з намі, кім яны становяцца, чаму мы іх можам навучыць — вось пра што мы думаем найперш», — падкрэсьліў выкладчык.

svaboda.org