Папа ўхваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі. Адзін з іх тычыцца прызнання гераічнасці цнот сястры Малгажаты Банась – адзінай ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з навагрудскай супольнасці.
Сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе (свецкае імя Людвіка Банась) нарадзілася 10 красавіка 1896 г. у Клечы Дольнай каля Вадавіцаў. 15 сакавіка 1917 г. уступіла ў Супольнасць Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. Выконвала звычайныя паслугі ў розных законных дамах: у Вадавіцах, Стрыі, Кракаве, Гродне, Варшаве.
У 1934 годзе была накіравана ў Навагрудак. У часе Другой сусветнай вайны, у 1939-1943 гадах, працавала ў мясцовым шпіталі. Яна адзіная сярод дванаццаці сясцёр назарэтанак пазбегла арышту і расстрэлу гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. Сястра Марыя Малгажата адшукала ў лесе месца забойства сясцёр, прысутнічала пры іх эксгумацыі і перазахаванні пры наваградскай фары.
Сваё ацаленне зразумела як знак волі Божай, як знак таго, што яна павінна застацца ў Наваградку, каб апекавацца наваградскім фарным касцёлам і дапамагаць мясцовым вернікам, падтрымліваць у іх сэрцах дух каталіцкай веры.
Наваградцы называлі сястру Малгажату «ахоўніцаю табэрнакулюма». Яна збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, а калі не было святара, кіравала набажэнствамі. Сястра Малгажата арганізоўвала духоўную і матэрыяльную дапамогу для святароў і свецкіх, сасланых у Сібір. Жыла ў цяжкіх умовах у закрыстыі фарнага касцёла, нястомна малілася і працавала. Памерла 26 красавіка 1966 года ў Наваградку. Пахавана на мясцовых могілках.
Папа ўхваліў таксама дэкрэты аб прызнанні цудаў, здзейсненых праз заступніцтва французскай законніцы, бл. Мары Рыўе (1768-1838), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Ахвяравання Марыі; і бл. Марыі Каролы Чэкін (1877-1925), італьянскай законніцы з кангрэгацыі Сясцёр св. Юзафа Бэнэдыкта Каталенгі.
Яшчэ тры дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнот датычаць Слугаў Божых: Андрэа Гарыда Пералеса (1663-1728), іспанскага законніка з Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Мэрсэды; італьянскага капуцына Карла Марыі з Аб’ятэграса (1825-1859); італьянскага місіянера-камбаніяніна Бэрнарда Сардоці (1897-1983).