Беларускія лёгкаатлеты застануцца без міжнародных спаборніцтваў нягледзячы на пазіцыю МАК — World Athletics

Ілюстрацыя: World Athletics

Сусветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакіне ў сіле адхіленне беларускіх спартсменаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, паведамляе The Times.

“Наш Савет прыняў дакладнае рашэнне: ён прыступіць да перагляду сваіх пастаноў толькі тады, калі намеціцца рэальны зрух у бок мірных перамоваў [па Украіне]. Мы ўсе спадзяемся, што гэта адбудзецца хутка, але да таго часу Савет захоўвае адзінства ў падтрымцы рашэння, прынятага ў сакавіку 2022 года і пацверджанага ў 2023 і 2025 гадах”, — заявіў прадстаўнік World Athletics.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Адзначалася, што МАК “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Сярод іншага МАК пацвердзіў, што “ўдзел спатсменаў у міжнародных спаборніцтвах не павінен абмяжоўвацца дзеяннямі іх урадаў, уключаючы ўдзел у вайне або канфлікце”.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны распаўсюдзіў заяву, у якой выказаў “катэгарычны пратэст і глыбокае расчараванне рашэннем МАК, якое супярэчыць фундаментальным прынцыпам справядлівасці, адказнасці і алімпійскіх каштоўнасцяў”.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

pozirk.online