Клайпедская, нарвенская ці гомельская «народныя рэспублікі» – пагроза? Тлумачыць змагарка з харкаўскай

Невядомы піша «Россия – Харьков» на сцяне дому ў Харкаве, Украіна. 16 сакавіка 2014 года. Фота: Vizu / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Літва расследуе з’яўленне ў сацсетках публікацыяў пра так званую «Клайпедскую Народную Рэспубліку». Такія «рэспублікі» стваралі і ў Літве, і ў Эстоніі, і ў Беларусі – усе яны віртуальныя і нешматлюдныя. Ці не паўторацца аднойчы «ДНР» і «ЛНР»? «Белсат» спытаў пра гэта актывістку, якая ўдзельнічала ў змаганні з «ХНР».

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заўважыў, што ў сакавіку 2026 года ў сацсетках і TikTok пачалі з’яўляцца суполкі, якія імітавалі сепаратысцкія рухі. У красавіку ў Літве пачалі дасудовае расследаванне аб так званай «Клайпедскай Народнай Рэспубліцы».

Паводле звестак літоўскіх спецслужбаў, у роліках выкарыстоўваюцца выявы, згенераваныя штучным інтэлектам. Сцвярджалі, што Клайпедскі порт «належыць Расеі». Распаўсюд публікацыяў палічылі абмежаваным і падобным да правакацыі: галоўны акаўнт меў 60 падпісчыкаў, а самае папулярнае відэа набрала каля 16 тысяч праглядаў.

У расейскіх праўладных медыях з гэтага кпілі: «Ага, спужаліся!». Падкрэслівалі, што «сепаратысты» створаныя штучна і не маюць папулярнасці. Выказвалі тэорыю, што гэта літоўцы самі зрабілі сабе «страшылку».

Таксама ў сакавіку з’явілася віртуальная «Народная Рэспубліка Нарва» ў Эстоніі. На момант, калі яе заўважылі, адпаведная супольнасць у Telegram мела 60-70 падпісчыкаў, суполка «УКантакце» – 16 падпісчыкаў. Але на суполку звярнуў увагу нават нямецкі таблоід Bild – пісаў, што эстонскія спецслужбы бачаць у гэтым магчымую падрыхтоўку расейскага ўварвання. Міністр замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна заявіў у X, што Нарва ёсць і заўсёды будзе эстонскім горадам, а спробы пасеяць разгубленасць і аслабіць еднасць – прымітыўныя і няновыя. 

Ідэя не новая. У Латвіі сёлета зноў загаварылі пра «народную рэспубліку» ў Даўгаўпілсе – ці то «Даўгаўпілскую», ці то «Дзвінскую народную рэспубліку». А ў 2015-м абмяркоўвалі «Латгальскую» як пагрозу нацыянальнай бяспецы. Гэтак жа ў 2015 годзе дзейнічала віртуальная «Віленская Народная Рэспубліка». 

Такое бывала і ў Беларусі

Адносна Беларусі ідэю «народных рэспублік» у 2014 годзе запусціў расейскі неанацысцкі рух «Русское национальное единство» (РНЕ). Гэтыя «рэспублікі» нарабілі крыху медыйнага шуму самім сваім існаваннем, але хутка забыліся. Адно што ў 2017 годзе «Віцебскую Народную Рэспубліку» ўнеслі ў дзяржаўны спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У 2020-м на хвалі пратэстаў «ВНР» нагадала пра сябе груба «нафаташопленым» бюлетэнем для «рэферэндуму» аб далучэнні да Расеі. 

У 2026 годзе аматары гэтых «народных рэспублік» чамусьці актывізаваліся на Reddit – найбуйнейшым англамоўным калектыўным блогу. Пасты пра сцягі і гербы «рэспублік» не набіраюць шмат «падабаек». 

На момант напісання гэтага тэксту «Віцебская Народная Рэспубліка» мае «УКантакце» 258 падпісчыкаў, «Гомельская» – 15, «Магілёўская» – 2. Крыху больш падпісчыкаў маюць беларускія суполкі расейскага ўльтраправага «Народно-освободительного движения» – улады Беларусі збольшага не перашкаджаюць такім «сталіністам», якія іх цяпер падтрымліваюць.

Праўладны мітынг у Горадні, Беларусь. 22 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

Папулярнасць гэтых суполак не параўнаць з мэмнай «Вейшнорыяй» – выдуманай для вучэнняў «Захад-2017» празаходняй сепаратысцкай рэспублікай, якая мелася ваяваць супраць саюзу Беларусі і Расеі. 

Але беларусы ўсё роўна непакояцца: вось пераязджаюць расейцы ў «больш дэмакратычную» Беларусь, а ці не абвесцяць потым «Віцебскую Народную Рэспубліку» і ці не стануць прасіць іх «абараніць»?

Як правалілася «Харкаўская народная рэспубліка»

На літоўскую «Клайпедскую народную рэспубліку» адрэагаваў украінскі Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі. Імітацыю сепаратысцкіх рухаў называюць «класічным элементам гібрыднай вайны Расеі» з мэтай справакаваць напружанасць і падарваць давер да дзяржавы і NATO. Нагадваюць: у 2014 годзе ва Украіне стварылі «народныя рэспублікі» – і пад прыкрыццем «унутранага пратэсту» распачалі вайсковую агрэсію.

Кіраўніца праўлення ўкраінскага інфармацыйнага цэнтру «Майдан Моніторінг» Наталля Зубар ганарыцца тым, што ў 2014 годзе ўдзельнічала ў змаганні з «Харкаўскай народнай рэспублікай», якую пачалі ствараць ці не раней за «ДНР» і «ЛНР», але задума правалілася. У размове з «Белсатам» Зубар падкрэслівае:

«Галоўнае – рэальнасць, а не сацсеткі. Тады ў гэтых „ХНР“ у сацсетках была тыпу вялікая падтрымка, а калі яны абвяшчалі: „Прыйдзіце, дапамажыце нам абараніць захопленую адміністрацыю“, – ніхто не прыйшоў».

Расея намагалася стварыць «народныя рэспублікі» па ўсім поўдні і ўсходзе Украіны: у Данецкай і Луганскай вобласцях удалося, у Адэскай, Запарожскай, Херсонскай і іншых – не.

Наталля Зубар на мітынгу «Еўрамайдану» ў Харкаве, Украіна. 29 снежня 2013 года. Фота: Євген Маслов / Facebook

Цяпер у краінах Балтыі суразмоўца бачыць той жа playbook, то бок набор метадаў. Зубар разважае: можа, у Расеі думаюць, што раз удалося ў Данецку, то атрымаецца і ў Нарве ці Гомлі, а можа, проста нічому не вучацца.

Паўсюль гэта пачыналася з «раскруткі» ідэі ў сацсетках, перадусім «УКантакце», па-другое – у «Аднакласніках», то бок на падкантрольных Крамлю рэсурсах. Дзейнічалі і іншымі шляхамі – і праз «інтэрнэт-рацыю» Zello, і праз спартовыя клубы. Гэта суправаджалася «жывымі» акцыямі людзей на вуліцах. Спачатку акцыямі адзінкавых людзей з расейскімі сцягамі. Але 1 сакавіка 2014 года ў цэнтры Харкава сабраліся сотні людзей, спрабавалі захапіць абласную адміністрацыю і абвясціць «ХНР», нават прызначыць «народнага губернатара».

«Што было важна ў гэтых падзеях: па-першае, вельмі шмат удзельнікаў было не з Харкава і нават не з Украіны. Былі знойдзеныя аўтобусы з варонежскімі нумарамі, з белгародскімі нумарамі… Вялікая частка людзей не ведала, як карыстацца метро ў Харкаве».

Асабліва яе ўразіла, што «мясцовыя сепаратысты» не ведалі, дзе туалет у садзе Шаўчэнкі: шукалі, не знайшлі, «хадзілі да ветру» за сотню метраў ад прызначанага для гэтага месца.

Цяпер дакладна вядома, што ў Харкаве дзейнічалі расейскія агенты: расследаванні ўжо завяршыліся, вынесеныя прысуды. Першы час у гэтым не было пэўнасці. Як расказвае Зубар, у час другой спробы захапіць абласную адміністрацыю мясцовая міліцыя займала «нейтральную пазіцыю», а калі прыехаў спецназ з Вінніцы, схапілі мясцовых жыхароў – расейскія арганізатары ўцяклі раней. 

Расейскія агенты вялі на акцыі мясцовых хуліганаў – як кажа Зубар, адзін з удзельнікаў бойкі на харкаўскай плошчы Свабоды расказваў, што яму прапанавалі «пабіць пысы бендзераўцам за 200 грывень» (каля 20 долараў). Але ён, як пабачыў кроў, то спужаўся і сказаў, што больш на такое не пойдзе. 

Прарасейскі мітынг у Харкаве, Украіна. 13 красавіка 2014 года. Фота: Vizu / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Пасля правалу спробы абвясціць «ХНР» працягнулася раскрутка ідэі ў сацсетках. Суразмоўца прыводзіць прыклад: атакавалі сетку грамадскай асветы «Просвіта», уварваліся ў памяшканне, выкінулі на вуліцу кнігі і пачалі іх паліць – трансляваў гэта расейскі стрымер, дый большасць хуліганаў, паводле Зубар, прыехала з Расеі. «Мітынгі Антымайдану», на якія збіраліся дзясяткі асобаў, паказвалі так, нібы там вялізны натоўп.

«Уся гэтая сацсеткавая дзейнасць, па сутнасці, нічога не дала ў Харкаве, таму што не было мясцовай апоры. Не сталі на іхны бок сілавыя структуры, вайсковыя структуры, не выявілася мясцовай падтрымкі, каб абвясціць гэтую самую „ХНР“».

З «ДНР» і «ЛНР» атрымалася інакш, бо там выявілася большая база падтрымкі, з’явіліся мясцовыя «важакі», на бок «сепаратыстаў» сталі сілавыя структуры, а потым пачала паступаць вайсковая падтрымка з Расеі (што прызнавалі і самі «сепаратысты»). 

Хвалявацца, паводле суразмоўцы, трэба, калі з’явяцца:

  • менавіта мясцовыя харызматычныя лідары («якімі б вырадкамі яны ні былі»); 
  • дастаткова мясцовай актыўнай публікі, гатовай нешта захопліваць ці блакаваць, падпальваць ці падрываць;
  • спосабы лёгка правезці праз мяжу расейскіх актывістаў. 

Кажа: як толькі з’яўляецца блокпост з пакрышак, трэба не думаць, а жорстка дзейнічаць, бо потым будзе позна. Рэкамендуе таксама сачыць за закрытымі каналамі і чатамі, дзе можа рыхтавацца «непублічная» частка.

«Расея працуе на тым, што, тыпу, „іх там чакаюць, гэта нашыя людзі, адзін народ“. І для таго, каб хаця б самім сабе прадэманстраваць „легітымнасць“, ім патрэбны мясцовы народ, які гэтага „хоча“. Большасць таго народу, хутчэй за ўсё, нават не будзе мясцовымі, але нейкія мясцовыя павінны быць».

Расея, на думку Зубар, паспрабуе нешта распачаць у краінах Балтыі восенню бягучага года. Яна спадзяецца, што ў Літве, Латвіі і Эстоніі да гэтага сур’ёзна рыхтуюцца.

Расея нападае не тыктокамі

Літоўская выведка штогод публікуе вялікія справаздачы аб пагрозах нацыянальнай бяспецы. Дакумент 2026 года тут у PDF. У ім расказваюць пра расейскія вайсковыя магутнасці (рост якіх абмежаваны вайной ва Украіне), гібрыдныя пагрозы з боку Беларусі, нават пагрозу праварадыкальнага нігілістычнага тэрарызму. Аб пагрозе сепаратызму і віленскай або клайпедскай «народных рэспублік» – ні слова. Ад прарасейскіх жыхароў Літвы чакаюць шпіянажу і супрацы з замежнай прапагандай, а не «сепаратызму» як такога.

Больш на слыху цяпер «пагроза» Літве ад беларусаў. У 2025–2026 гадах невядомыя спрабуюць пісаць на сценах «Вільня наша» па-беларуску, але выглядае, што не валодаюць кірыліцай: пішуць то «Вільня hawa», то «Вільfiя наша». Без памылак пакуль удалося напісаць хлопцу, які размаўляў па-літоўску без акцэнту.

Вялікі аналіз дзеянняў Расеі публікаваў летась цэнтр Blue Europe. Сярод інструментаў ён апісвае «кагнітыўную зброю» – засмечванне інфармацыйнага поля спрэчнымі наратывамі, каб маніпуляваць чалавечым успрыманнем, разбураць давер да інстытутаў і ўтвараць палітычны параліч. Нават калі гэтыя наратывы не моцна ўплываюць на вынікі выбараў, яны падвышаюць недавер і палярызацыю.

Большай пагрозай, чым віртуальныя «рэспублікі», эксперты лічаць хуткую канвенцыйную аперацыю дзеля захопу кавалка тэрыторыі, каб далей выстаўляць ультыматум NATO – так званы fait accompli (здзейснены факт). Адной з магчымых цэляў такой аперацыі бачаць якраз эстонскі, пераважна расейскамоўны горад Нарва. Яшчэ адной – сувальскі калідор з Беларусі ў Калінінградскую вобласць Расеі, «заціснуты» паміж Польшчай і Літвой. Польшча ўжо будуе вайсковыя часткі для абароны сувальскага калідору, Літва рыхтуецца будаваць вайсковы палігон. Якраз з канвенцыйным нападам могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы: нядаўнія вайсковыя гульні праекту Baltic Defense Initiative паказалі, што масавае ўжыванне беспілотнікаў можа прывесці да паразы краінаў Балтыі за 90 дзён – без уводу войскаў.

У сцэнарах вайсковага нападу важна тое, што ён адбываецца не сіламі «сепаратыстаў», а сіламі расейскіх войскаў і спецслужбаў – «сепаратысты», як і на Данбасе, і ў Крыме, і раней у Грузіі, служаць «легендай» і «апраўданнем». 

Алесь Наваборскі, belsat.eu