Гэтая сьвяточная падзея адбылася ў 1660 годзе, калі войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Паўла Сапегі здолела выкінуць маскоўскіх акупантаў з горада.
Паводле зьвестак гісторыка Васіля Мялешкі, у Менскім павеце за гады Трынаццацігадовай вайны з Расеяй насельніцтва зьменшылася амаль на 63%. Запомніце гэта і выкарыстоўвайце ў выпадку сур’ёзных перамоваў з апанэнтамі і прыхільнікамі «сяброўства і ўзаемавыгадных адносінаў з Расеяй».
Пяць гадоў акупацыі
Магічнае спалучэньне датаў захопу беларускага горада і яго вызваленьня. У 1655 годзе Менск быў акупаваны маскавітамі, а ў 1660 годзе ачышчаны ад прыгнятальнікаў. Адбыліся абедзьве падзеі ў адзін дзень – 3 ліпеня.
Захоп
У 1655 годзе пасьля пэўных посьпехаў расейскія акупанты ўзялі Барысаў 24 чэрвеня. Пасьля падзеньня Барысава маскоўскі цар Аляксей Раманаў загадаў галоўным сілам наступаць на Менск:
«Каб ішлі ў Менск ды не марудзячы нідзе нічым і над літоўскімі людзьмі прамышлялі, колькі міласэрны Бог дапамогі падасьць, каб з дапамогай Божай над літоўскімі людзьмі пошук учыніць”.
Расейскія ратнікі Трубяцкога перайшлі раку Бярэзіну ля Барысава і 2 ліпеня занялі горад Сьмілавічы недалёк ад Менска. У той жа дзень загон чарнігаўскага палкоўніка Паповіча скіраваўся да горада Сьвіслач, які ўзяў з ходу:
«Праз меч і нямала. . . непрыяцеляў усіх пад меч пусьцілі, а самае месца і замак агнём без астатку спалілі».
Як адзначае Анатоль Тарас, умацаваньні Менска знаходзіліся ў жудасным стане, таму тыя «літоўскія людзі», што знаходзіліся ў ім, 3 ліпеня далі ворагу бой у полі, у пяці вёрстах ад горада.
Пасьля жорсткай сечы і, падчас якой расейскія ратнікі «многіх пабілі і языкоў узялі 150 чалавек», «тыя людзі той горад Менск пакінулі і пабеглі з горада, раскідалі масты, на другі бок, на поле». Зрэшты амаль усе жыхары загадзя пакінулі горад, каб не напаткаць акупантаў.
Вызваленьне
Рэч Паспалітая была вымушаная ваяваць як супраць Расеі, так і супраць Швэцыі, якая дасягнула значнага посьпеху на тэрыторыі Польскага каралеўства. Каб мець шанцы на захаваньне дзяржаўнасьці, нашыя продкі заключылі мірнае пагадненьне са швэдамі ў 1660 годзе.
Гэта дало магчымасьць сканцэнтраваць войскі ў змаганьні з ворагам з Усходу.
Як адзначае гісторык Мікола Ермаловіч, у Берасьці аб’ядналіся дывізіі Вялікага Княства Літоўскага, пад камандаваньнем Паўла Сапегі (6 тысячаў) і Польскага каралеўства, пад камандаваньнем Стэфана Чарнецкага (4 тысячы чалавек). У чэрвені 1660 года выступілі да Слоніма, а адтуль — да Ляховічаў.
Яны ўзялі Слонім, разграмілі маскоўскі гарнізон, які стаяў там. Захапілі ў палон ваяводу акупанцкай адміністрацыі. Ужо 18 чэрвеня 1660 года расейская армія пацярпела паразу пад Ляхавічамі.
А 28 чэрвеня злучанымі войскамі Рэчы Паспалітай расейскае войска ваяводы Хаванскага было разгромленае пад вёскай Палонка, што на Слонімшчыне. У гэтай бітве былі зьнішчаныя 16 тысячаў маскавітаў. Галоўная расейская армія, што дзейнічала ў Вялікім Княстве Літоўскім амаль перастала існаваць.
Гэтыя бліскучыя перамогі адкрылі шлях для далейшага прасоўваньня на ўсход і адваяваньня тэрыторыі Вялікага Княства.
Пасьля вызваленьня Менска 3 ліпеня 1660 года паступова сталі вяртацца жыхары, манахі пачалі аднаўляць кляштары і сьвятыні – павольна, але горад паўставаў з руінаў. У 1667 годзе Менск налічваў 300 двароў, хаця да вайны тут пражывала каля 7 тысячаў чалавек.
Страты Менска ад маскавітаў былі такія вялікія, што даваенную колькасьць насельніцтва ледзь удалося дасягнуць толькі да канца XVIII стагодзьдзя.
З днём вызваленьня ад расейцаў, Менск!