Пра смерць спадарыні Лекадзіі Шышэі ў сваім фэйсбуку паведаміла Людвіка Кардзіс.
Удзельніца беларускага паваеннага супраціву, сябра падпольнай слонімскай арганізацыі “Чайкa” і былая зняволеная ГУЛАГу Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук) нарадзілася 1 чэрвеня 1928 года ў вёсцы Церахоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы.
У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая, а Леакадзія Шышэя аріштаваная і асуджаная на восем з паловай гадоў. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.
У 1954 годзе вызвалілася з канцлагераў і разам са сваім мужам прыехала ў Вільню, дзе і жыла да апошняга часу.
ЗБС «Бацькаўшчына» смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні блізкім і сябрам спадарыні Леакадзі Шышэі.
ЗБС «Бацькаўшчына»