Украіна накіравала ліст у Міжнародны алімпійскі камітэт, у якім выступіла супраць удзелу ў Алімпіядзе 2024 году ў Парыжы пяці беларусаў, кваліфікаваных на Гульні ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў.
З адпаведнай ініцыятывай выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны і Міністэрства спорту і моладзі гэтай краіны.
У лісьце на адрас МАК яны пералічваюць імёны 15 беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія атрымалі ад Міжнароднага алімпійскага камітэту дазвол на ўдзел у Алімпійскіх гульнях, і заяўляюць, што гэтыя спартоўцы «падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і палітыку расейскага дыктатара і не адпавядаюць дастатковым крытэрам для атрыманьня статусу індывідуальнага нэўтральнага атлета».
У лісьце ўкраінскіх функцыянэраў згадваюцца імёны 5 беларускіх спартоўцаў. У ім гаворыцца, што:
- Беларускі батутыст Іван Літвіновіч у 2022 годзе «заклікаў беларусаў галасаваць на незаконным [канстытуцыйным] рэфэрэндуме Лукашэнкі», у 2023 годзе ўдзельнічаў у «прапагандысцкім мерапрыемстве разам з сынам Лукашэнкі Віктарам», які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі «за падтрымку расейскай агрэсіі», а таксама «лайкнуў пасты з [прэзыдэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным і паплечніцай Лукашэнкі [лёгкаатлеткай, дэпутатам Анастасіяй] Мірончык-Івановай».
- Тхэквандыст Георгій Гуртсіеў паставіў падабайкі пад пра-ваеннымі і антыўкраінскімі пастамі трэнэра зборнай Расеі па тхэквандо Балата Ізутдзінава ў Instagram, гаворыцца ў лісьце. Ізутдзінаў у гэтых пастах паўтарае довады расейскай прапаганды, падтрымлівае вайну супраць Украіны і асабіста Пуціна. Таксама Гуртсіеў «лайкнуў» пост у гонар рускага салдата, які загінуў ва Ўкраіне.
- Стралок Дар’я Чупрыс, гаворыцца ў лісьце, «зьяўляецца чальцом спартыўнага камітэту Ўзброеных сіл». «Афіцыйны інфармацыйны рэсурс Міністэрства абароны Беларусі паведамляў пра членства Чупрыс у беларускім войску ў 2023 годзе. Дар’я Чупрыс таксама «любіць фатаграфавацца зь іншымі беларускімі вайскоўцамі», адзначаецца ў дакумэнце.
- Велагоншчыца Ганна Церах, заяўляюць у лісьце, «падзялілася прапагандысцкім пастом і фота Віктара Лукашэнкі», які знаходзіцца пад санкцыямі Канады, ЭЗ, ЗША, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Вялікай Брытаніі за падтрымку расейскай агрэсіі.
- Плыўчыха Анастасія Шкурдай «зьяўляецца часткай беларускай арміі», гаворыцца ў лісьце. 23 лютага яна «ўзяла ўдзел у прапагандысцкім мерапрыемстве са старшынёй Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту Юрыем Шулейкам», пра што «пісалі многія СМІ, кантраляваныя рэжымам Лукашэнкі, які падтрымлівае вайну супраць Украіны». У лісьце падкрэсьліваецца, што Шулейка знаходзіцца пад санкцыямі Захаду «за падтрымку расейскай агрэсіі».
У лісьце НАК і Мінспорту Ўкраіны выказваюць спадзяваньне на «салідарнасьць і падтрымку» і веру ў тое, што МАК «зробіць усе неабходныя захады для вырашэньня гэтых пытаньняў і забесьпячэньня прынцыпаў справядлівасьці і бесстароннасьці ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах», а таксама паўтараюць пазыцыю Ўкраіны пра неабходнасьць забараніць удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў «у любых міжнародных мерапрыемствах і спаборніцтвах у любым статусе, уключаючы статус індывідуальнага нэўтральнага атлета».
Усе вышэйзгаданыя беларускія атлеты пацьвердзілі свой удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў. Акрамя іх, у Алімпіядзе зьбіраюцца ўдзельнічаць батутыстка Віялета Бардзілоўская, цяжкаатлеты Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў, барэц Абубакар Хаслаханаў, весьляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралок Аляксандра Пятрова, канаісты Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна, плыўцы Аліна Змушко і Ільля Шымановіч.
Былі дапушчаныя да спаборніцтваў, але адмовіліся ад удзелу барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава, Крысьціна Сазыкіна, тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.
- Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.
- 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».
- 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
- З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у нэўтральным статусе.