Служаць. Выконваюць абавязкі. Працуюць. Лявон Вольскі разважае пра выбар і лёс гіганцкай колькасьці людзей, «ня толькі размаітых «сілавікоў», а і ўсіх, хто працуе ў дзяржаўным апараце».

Лявон Вольскі

Як вы думаеце, ці пойдуць ваяваць супраць Украіны нашыя жаўнеры, калі атрымаюць загад? Пайшлі ж «сілавікі» калісьці супраць свайго ж народу. Атрымалі загад і выканалі яго. Нават перавыканалі. 

А ці націсьне на гузік для пуску ядзернай боегалоўкі беларускі афіцэр? Націсьне, а потым на судзе будзе мармытаць: «Я выконваў загады», як тыя падсудныя ў Нюрнбэргу?

Такіх называюць «шрубкамі сыстэмы». На іх, гэтых шрубках, сыстэма і трымаецца. Бо што бяз «шрубак» можа зрабіць нават самы шалёны дыктатар? Нічога.

Як гавораць у тэатры, «караля грае сьвіта». І, як ні круці, кожны дзяржслужбоўца працуе на «караля», на «каралеўства» і на ўмацаваньне ўлады. Гэтых людзей сыстэмы вельмі шмат. Гэта ня толькі размаітыя «сілавікі», а і ўсе, хто працуе ў дзяржаўным апараце — гіганцкая колькасьць людзей! Лекары, інжынэры, будаўнікі, рабочыя, усялякія ЖЭСАўцы — дворнікі-сантэхнікі, супрацоўнікі пошты, дзяржаўных фабрыкаў-заводаў-камбінатаў, дзіцячых садкоў-школаў-акадэміяў, калгасаў-саўгасаў… 

Крыніца: khersonci.com.ua

Бадай, палова (калі ня болей) насельніцтва нашае зямлі пад белымі крыламі. Я не кажу, што яны ў гераічным 20-м выступілі адзіным фронтам за існуючы лад. Наадварот. Сярод іх большасьць была супраць гэтага здранцьвелага ладу, за зьмены, за дэмакратызацыю, за свабоду. І найсьмялейшыя нават выходзілі на акцыі. А не такія сьмелыя, прынамсі, крычэлі «Жыве Беларусь!» увечары з вакна свайго панэльнага шматпавярховіка ў спальным раёне. І зь іншых вокнаў неслася магутнае «Жыве!!!». Але назаўтра трэба было йсьці на працу і займацца звыклай руцінай — бухгальтарскім улікам, прыборкай тэрыторыі, вырабам аптычных прыладаў ды выхаваньнем дзяцей. Бухгальтарскі ўлік, што праўда, адбываўся ў акадэміі КГБ (ну, а чаго, калісьці падвярнулася гэткая праца, плацяць някепска і стабільна), падчас прыборкі тэрыторыі даводзілася зафарбоўваць апазыцыйныя надпісы і ўсялякае б-ч-б, аптычныя прылады вырабляліся для зброі, якая потым прадавалася ў Расею, а выхаваньне дзяцей адбывалася пад чырвона-зялёнай сымболікай і партрэтам лідэра нацыі. Але гэта праца. Яна заўжды была такая. А вось асабістае жыцьцё й перакананьні (хай сабе яны й узьніклі ня так даўно!) — гэта іншая рэч. 

Крыніца: zerkalo.az

Найсьмялейшыя, тыя, што хадзілі на акцыі, прайшлі праз розныя выпрабаваньні. Шмат хто зьехаў. А тыя, у каго сьмеласьці хапала адно на «Жыве Беларусь» з вакна шматпавярховіка, засталіся. І працягваюць хадзіць штодня на сваю дзяржаўную працу. Бо дзяржаўная — яна больш-менш стабільная. І зарплату амаль не затрымліваюць. Гэта надзейна. І пэнсія гарантаваная. А лёзунгі з вокнаў ужо не крычаць. Небясьпечна.

Вось візажыстка падфарбоўвае твар адыёзнага агітатара-прапагандыста. Вы не падумайце, яна за свабоду, але гэта праца, нічога асабістага. 

Вось майстар па сьвятле выстаўляе асьвятляльную прыладу на твар гэтага прапагандыста — каб быў добры колер, тон, нічога не блікавала. Гэты сьвятлавік мае апазыцыйныя погляды, але на працы робіць тое, што ад яго патрабуецца. 

Вось апэратар ставіць кадр — каб усё было ўраўнаважана кампазыцыйна, каб прапагандыст максымальна добра й пераканаўча выглядаў (да канца гэта зрабіць немагчыма, але). 

Вось гукарэжысэр запісвае крыклівыя сьпічы прапагандыста — каб не было перавышэньня ўзроўню, каб не закраўся брак па гуку! Усё ж мусіць быць якасна, нягледзячы на тое, што гэты гукарэжысэр галасаваў некалькі ўжо разоў супраць тыпуўсенароднаабранага. Бо гэта праца, а тое — жыцьцё. 

А вось айцішнік выкарыстоўвае праграму па ідэнтыфікацыі твараў. Ён скануе фотаздымак з пратэстаў і знаходзіць сярод натоўпу новых і новых людзей, вінаватых у «масавых беспарадках» і ўсялякіх там перакрыцьцях праезных частак. Так, айцішніку не хапіла здольнасьцяў, каб пайсьці працаваць у буйную карпарацыю, але вось тут, у МУСе, прыдаўся. Існуючая ўлада для яго — несымпатычная, але ён да яе ставіцца як да надвор’я — сьнег — дык сьнег, холад — дык холад. Працуе сабе. На жыцьцё хапае.

А вось юрыст Мінсктрансу…

А вось завуч сярэдняе школы…

А вось трубач з вайсковага аркестру…

А вось…

І ўсе яны — тысячы і тысячы людзей! — шрубкі сыстэмы — служаць. Выконваюць абавязкі. Працуюць. 

А потым, напрыканцы жыцьця, на пэнсіі, будуць распавядаць, як яны змагаліся, як разбуралі сыстэму знутры, які неацэнны іхны ўнёсак у барацьбу з дыктатурай. «А што, я пратэставаў. Яшчэ як пратэставаў! Я нават крычэў у вакно «Жыве Беларусь!». І, ведаеце, увесь раён мне адказваў ладным хорам: «Жыве!».

budzma.org