Беларуска Натальля Карнеева расказала, як ейную дачку забралі ў прытулак, пакуль яна сядзела ў турме, як дзіця зьмянілася, як за кратамі ў яе разьвіўся дыябэт і што дапамагае аднаўляцца.
Натальля Карнеева — керамістка зь Менску. Ёй 46 гадоў. Праводзіла майстар-клясы па кераміцы. Рабіла посуд на замову, для рэстарацый. Улетку 2022 году яе затрымалі за ўдзел у пратэставых маршах. Тры месяцы мянчанка правяла за кратамі. Там у яе пачаўся цукровы дыябэт.
Малодшую дачку Натальлі забралі на 2,5 месяца ў прытулак. Палітзьняволеную выпусьцілі з-пад варты, прысудзіўшы 3 гады «хатняй хіміі». Карнееву эвакуавалі зь Беларусі ў Вільню. Ужо год яна вяртаецца да звычайнага жыцьця. Натальля просіць не фатаграфаваць дачку для публікацыі, гэта можа стаць прычынай стрэсу.
«У яе дома прытон, валяюцца бутэлькі»
Па Натальлю прыйшлі 19 жніўня 2022 году. Яна дапускае, што па даносе. На ейнай старонцы ў Instagram быў надпіс «Не вайне». У супрацоўнікаў ГУБАЗіКу на яе нічога не было. Калі праверылі тэлефон, знайшлі ў воблаку відэа з маршаў пратэсту. Натальлю адвезьлі на Акрэсьціна. Разам зь ёю на 15 сутак арыштавалі ейнага партнэра Ільлю.
У Натальлі дзьве дачкі. Старэйшая — паўналетняя. Малодшай Багдане тады было 10 гадоў. У той дзень дзяўчынка гасьцявала ў сяброўкі. Карнеевай не дазволілі патэлефанаваць сваякам, каб тыя забралі Багдану да сябе. З Багданіным бацькам Натальля была ў разводзе. Пры маці супрацоўнік ГУБАЗіКу патэлефанаваў у сацыяльную службу.
«Сказаў: „Мы прыйшлі па разнарадцы да такой і такой грамадзянкі. У яе дома прытон, валяюцца бутэлькі, яна сама неадэкватная, яўна п’яная. Дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Яго трэба забраць. Прыміце меры“», — успамінае Натальля.
Суразмоўца кажа, што бутэлек дома не было. Алькаголю яна не ўжывае, не выпівае нават на Новы год.
«Я павярнулася і кажу таварышу: „Навошта вы так кажаце? Калі трэба, я магу падыхаць у трубачку. Я цьвярозая, вы ж гэта бачыце“. А ён павярнуўся, глядзіць мне ў вочы і кажа: „Дастаткова таго, што я сказаў“», — пераказвае дыялёг суразмоўца.
«Багдана сядзела ў турме для дзяцей»
Багдану забралі на наступны дзень. Яна засталася начаваць у гасьцях, бо не магла датэлефанавацца блізкім. Маці сяброўкі не пусьціла яе дадому. Дзяўчынку вылічылі праз тэлефон. Туды прыехалі дырэктар школы і сацыяльны пэдагог.
«Яны паклікалі Багдану. Разам зь ёю схадзілі да нас дадому, сабралі яе рэчы безь мяне і забралі яе», — кажа Натальля.
Дачка расказала потым, што дзяцей яшчэ да гэтага выпадку ў школе інфармавалі: калі прыходзіць сацыяльны пэдагог з дакумэнтамі — яго трэба слухацца. Суразмоўца ўдакладняе, што сваякі не пасьпелі ўзяць дзяўчынку да сябе. Калі б яна на момант візыту сацыяльнай службы знаходзілася ў сваякоў, яе б не забіралі зь сям’і ў прытулак. Ейны бацька таксама не спрабаваў забраць дзіця да сябе.
Багдану аформілі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар. Там яна вучылася. Жыла ў пакоі зь некалькімі дзяўчатамі. Сваякам дазволілі наведваць дзяўчынку ў выходныя. Забраць яе з прытулку блізкім удалося толькі праз 2,5 месяца. Увесь гэты час ішла бюракратычная працэдура.
«Я сядзела ў турме для дарослых, Багдана сядзела ў турме для дзяцей», — кажа Натальля.
1900 рублёў
За ўтрыманьне ў прытулку і апеку над дачкой маці мусіла заплаціць 1900 рублёў, калі выйшла з турмы. Гэтыя грошы ёй дапамаглі сабраць. Суразмоўца адзначае, што не ўва ўсіх бацькоў ёсьць магчымасьць заплаціць такія сумы, каб вярнуць сабе дзяцей.
Дзяўчынка амаль два гады не расказвала маці дэталяў пра сваё жыцьцё ў прытулку. Толькі апошнім часам яна «адтала» і пачала дзяліцца. Нехта яе папярэдзіў, што маці яна нічога не павінна расказваць, каб не засмучаць.
«Недзе тыдзень Багдане нічога не казалі. Яна ня ведала, дзе мы», — кажа Натальля.
Што дзяўчынка думала ў гэты пэрыяд, маці ня ведае. Яны пра гэта не гаварылі. Пазьней жанчына даведалася ад дачкі, што пэдагогі ў СПЦ крычалі на дзяцей.
«Кармілі невядома чым, дзяцей ванітавала. Ёй (Багдане. — РС) спрабавалі зрабіць прышчэпку. Ёй давялося адстойваць сябе, каб без дазволу бацькоў не рабілі. Ёй давялося стаць больш дарослай», — кажа Натальля.
Перад тым як Багдану забралі ў прытулак, яна была хатнім, тактыльным дзіцем, успамінае маці.
«Увесь час абдымалася, і ранкам, і ўвечары, і перад сном. Ты ідзеш у краму, ёй трэба было з табой абняцца. Яна абдымалася з усімі, і для яе гэта было важна. І такое тактыльнае дзіця трапляе невядома куды, дзе няма бацькоў, незразумела, што будзе далей. Нічога ёй не расказваюць», — дзеліцца маці.
Пасьля гэтага дачка стала вельмі закрытай, адзначае Натальля. Доўга крыўдавала. Маці шмат ёй тлумачыла, што ніхто зь іхнай сям’і не вінаваты ў тым, што адбылося. З Багданай працаваў школьны псыхоляг. Апошнім часам яна стала больш расказваць і адкрывацца.
«У турме я проста выла тыдзень»
У Натальлі здарыўся нэрвовы зрыў, калі яе перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага. Яна зразумела, што дачку забралі, ня ведала, што з партнэрам.
«У турме я проста выла тыдзень», — успамінае Натальля.
На Акрэсьціна яна два тыдні была бяз душа, без магчымасьці пачысьціць зубы, без прагулак. Спала на падлозе. Была ў джынсах, майцы і шлёпках.
«На другім тыдні ў мяне пачалі сінець ногі ад холаду», — успамінае суразмоўца.
На «Валадарцы» ёй выдалі матрац, койкамесца. Яна змагла памыць свае доўгія валасы ў тазіку.
«Я пастаянна на нэрвовай глебе разьдзірала скуру галавы да крыві. Дзяўчаты правяралі, каб там не было вошай», — успамінае Натальля.
У камэры на 12 «квадратаў» сядзелі восем чалавек.
«Здавалася, што калі мяне выпусьцяць, то я буду ісьці, ісьці, ісьці. Цяпер хаджу ўжо менш», — кажа суразмоўца.
У камэру пасялілі бяздомную жанчыну, якая некалькі разоў на дзень хадзіла пад сябе.
«Гэта было максымальна непрыемна», — адзначае палітзьняволеная.
У душ іх вадзілі раз на тыдзень на 10 хвілін. За гэты час трэба было разьдзецца, памыцца і адзецца. На кожны кранік па 2-3 чалавекі. Натальля ўспамінае: супрацоўнікі ізалятара казалі, што палітвязьні «сядзяць ні за што».
У СІЗА Натальлі прапісалі антыдэпрэсанты, выдавалі таблетку штовечар. Натальля прымае іх дагэтуль. Прэпараты дапамаглі ёй вярнуцца ў больш роўны эмацыйны стан. Яна плянуе ўлетку скончыць прыём таблетак, бо жыцьцё стабілізавалася. Апошні год Натальля таксама штотыдзень сустракалася з псыхатэрапэўтам. Пасьля выхаду з турмы жанчына даведалася, што на фоне стрэсу ў яе разьвіўся цукровы дыябэт.
Кажа, што пасьля турмы ёй дапамагалі вельмі шмат людзей: пералічвалі грошы, прыносілі ежу.
«Мяне людзі акружылі такой цеплынёй і клопатам, што я ўвесь час казала, што беларусы неймаверныя», — кажа беларуска.
«Выпіла таблетку і паехала»
Натальлі далі тры гады «хатняй хіміі». Спачатку яна плянавала адбыць гэты тэрмін. Аднак зь міліцыі па начах да яе прыходзілі з праверкамі. Прыходзілі са школы, правяралі лядоўню, шафы, спраўджвалі ўмовы жыцьця дачкі. Маці баялася, што за нейкую драбязу дзіця зноў забяруць, а саму яе адправяць на Акрэсьціна.
«Мой дом стаў прахадным дваром. Гэта пастаяннае напружаньне — ведаць, што да цябе могуць уламіцца і ўдзень, і ўночы», — прызнаецца суразмоўца.
Яна вырашыла ўцякаць з краіны.
«Сама сабе дзіўлюся, як я наважылася на гэты крок», — дзеліцца Натальля.
Багдана хацела зьехаць як мага хутчэй. Пра абставіны эвакуацыі Натальля не расказвае. Заўважае толькі, што было вельмі страшна. Яна купіла таблеткі, якія запавольваюць рытм сэрца, каб супакоіцца ў дарозе.
«Я выпіла таблетку і паехала», — кажа яна.
Вырашылі пажаніцца
Ужо год Натальля зь сям’ёй жыве ў Вільні. Першыя паўгода прыбірала чужыя кватэры. З пачатку 2024-га знайшла працу ў майстэрні з керамікай, праводзіць майстар-клясы. Сваю майстэрню пакуль не адкрыла. Яшчэ не разумее, як працуе гэтая сыстэма ў Літве. На старт сваёй справы патрэбна сама меней 3 тысячы эўра.
«Я яшчэ ня вырашыла, ці гатовая я маральна акунацца па вушы ў працу, як у Менску. Там я працавала 24/7 штодня. Тут у мяне ёсьць кавалак любімай працы, якой дастаткова, каб наймаць кватэру, на ежу, на адзеньне, і застаецца час на хобі. Атрымліваецца зусім простае жыцьцё, без унутранага напружаньня. Чалавечае жыцьцё, якое бывае ў людзей. Яно раптам здарылася», — прызнаецца керамістка.
Майстэрню ў Беларусі Натальля прадала.
«Я сумую па сваёй майстэрні. Гэта быў мой куточак сілы. Мне не хапае такога фармату», — кажа яна.
У Вільні Натальля пачала маляваць. Псыхоляг прапанавала ёй маляваць свае эмоцыі. З эмоцыямі ня выйшла, але Натальля стала маляваць кветкі, пэйзажы. Вучыцца па бясплатных онлайн-уроках і з выкладчыцай ужывую.
«Гэты працэс вельмі падобны да мэдытацыі. Я супакойваюся. Потым спакойны стан вельмі доўга», — кажа яна.
Нядаўна Натальля вышыла сабе Ван Гога. Гэта ейны любімы мастак. Яна хацела набыць такую кашулю, але не было ейнага памеру. Тады яна зрабіла яе сабе сама. Вышывала два тыдні.
Натальля дадае, што вяртацца да жыцьця ёй дапамагае дом і магчымасьць быць сабой. Паўгода пасьля пераезду яны жылі ў шэлтары. Там былі прыемныя людзі, але Натальлі стала лягчэй, калі яны пераехалі ў асобнае найманае жытло.
«Мне добра цяпер дома. Я напаўняюся домам», — кажа яна.
Турма зьмяніла і адносіны ў пары. Партнэры вырашылі ажаніцца. Перад гэтым яны жылі разам восем гадоў. Але раней Натальля не пагаджалася на шлюб.
«Калі я сядзела ў турме, то зразумела: калі чалавек мне зьбірае перадачы, здымае з цукерак абгорткі і прысылае мне ўсё тое, што я люблю, то, бадай, ён варты таго, каб выйсьці за яго замуж», — прызнаецца яна.
Пара ўжо сабрала неабходныя дакумэнты зь Беларусі. Вясельле ладзіць не плянуюць, толькі расьпішуцца. Раней Натальля будавала пляны на кожны дзень, тыдзень, месяц, год. Цяпер далёкіх плянаў ня мае.
«Хочацца верыць, што калісьці мы вернемся ў Беларусь», — кажа яна.