Як зразумець, ці не пад забаронай твая пакупка.

4 ліпеня на беларуска-польскай мяжы пачалі дзеяць новыя правілы, але іх сутнасць пакуль не да канца зразумелая. «Белсат» сабраў уражанні беларусаў, якія перасякалі мяжу гэтымі днямі, і звесткі пра тое, якія новыя тавары яны змаглі ўвезці ў краіну. Спойлер: не ўсё так страшна, як малююць у чатах.

Пральныя парашкі ў Беларусі звычайна каштуюць больш, чым у Польшчы. 3 траўня 2022 года. Фота: Белсат

Што здарылася?

Другі месяц лета для беларусаў пачаўся з шэрагу забаронаў. 4 ліпеня польскія памежнікі перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі амаль з усімі таварамі, спасылаючыся на санкцыі, уведзеныя рэгламентам ЕЗ ад 29 чэрвеня. Гэтая забарона тычыцца ў тым ліку новых тавараў, набытых фізічнымі асобамі ўраздроб.

9 ліпеня польская мытня перастала ўпускаць у краіну аўтамабілі з Беларусі, калі ў салоне няма ўладальніка, і паведаміла пра забарону на ўвоз алкаголю і цыгарэтаў. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў чатах аб перасячэнні мяжы. На мытні новыя абмежаванні абгрунтоўваюць той жа пастановай ЕЗ.

Дагэтуль ніякіх тлумачэнняў наконт тавараў, акрамя спісу на 265 старонак, не было, таму каб даведацца, што можна правозіць, а што не, застаецца толькі пытаць відавочцаў і ўдзельнікаў падзеяў.

Пункт пропуску «Берасце» («Варшаўскі мост»). Фота: Мілана Харытонава / Белсат

«Тры дні жыцця ў дупу». Што кажуць відавочцы?

Беларусы паведамляюць, што легкавыя аўтамабілі на польскай мяжы старанна правяраюць, а вось багаж пасажыраў аўтобусаў часцей за ўсё прапускаюць праз сканер.

«Ехаў 11 ліпеня праз Тэрэспаль, вёз з сабой алкаголь (3 л), крыху новага адзення, пару абутку і фен жонцы. Шчыра кажучы, я пра забарону даведаўся толькі ад людзей у аўтобусе і пачаў баяцца, што ўзнікнуць пытанні. Але палякі нічога ўвогуле не правяралі, беларусы на сканер адправілі. У выніку ніякіх праблемаў не было ні ў кога ў аўтобусе».

«Я ехала з Варшавы ў Менск аўтобусам 10 ліпеня, мяжа заняла ў нас 9 гадзінаў. Везла розныя тавары, людзі ў аўтобусе таксама – адзенне, усякія кабелі, цукеркі, побытавую хімію і г. д. Я везла капсулы для прання і пасудамыйнай машыны, прысмакі, вітаміны, кабелі (HDMI для ўзмацняльніка), новае адзенне. Нікога не глядзелі ўручную, толькі сканер – і спакойна прапусцілі. А вось машыны глядзяць больш дэталёва – здаецца, гэтыя ўсе абмежаванні ў асноўным для іх.

Банэр ля памежнага пункту «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку – «Брузгі» ў Гарадзенская вобласці). Кузніца, Польшча. 13 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

Як паведамляюць падарожнікі, апроч звычайнага пашпартнага кантролю цяпер на мяжы з’явіўся дадатковы адмысловыя супрацоўнікі яшчэ раз глядзяць пашпарт на кожнай старонцы, хто дзе і калі быў. І ўжо калі чалавек іх зацікавіць, то яны тады могуць выклікаць на размову з пашпартам і тэлефонам. З намі ў аўтобусе было пяць украінцаў, іх усіх выклікалі на размову, вярнуліся потым толькі тры. З картай паляка такіх праблемаў не было».

«Я ехаў 5 ліпеня з Польшчы на машыне. Вёз сваякам два смартфоны, але ватаў (VAT, падатак на дададзеную вартасць. – Заўв. «Белсату») не намагаўся вярнуць. Польскі памежнік нават нічога не глядзеў: папрасіў адкрыць багажнік. На маё адчуванне, калі едзеш без ватаў і не пад столь завалены новымі скрынкамі, то палякі не капаюцца і не шукаюць спецыяльна нічога».

«Праходжанне дзвюх межаў 9 ліпеня заняло ў нас 9 гадзінаў, у чарзе было ўсяго пяць аўтобусаў. Польская – 2,5 гадзіны, увесь астатні час на беларускай мяжы правяралі ўкраінцаў. Іх адпраўлялі на нейкі дадатковы кантроль. На прадукты і побытавую хімію ваты пакуль адбіваюць, на побытавую тэхніку, электроніку, запчасткі – ужо не».

Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Мы скокнулі ў «апошні вагон» і прайшлі мытню раніцай 9 ліпеня. Ужо тады мытнікі казалі, што з 13:00 нельга будзе везці цыгарэты і спіртное».

«Толькі што праехаў палякаў, спытаў у мытніка пра машыну і гарэлку з цыгарэтамі. Машына едзе польская, з гаспадаром. Ён адказаў, што ўладальнік можа быць і не за стырном, няважна, на якіх машына нумарах, але алкаголь і цыгарэты – па нулях, інакш разварот і штраф».

Але некалькі чалавек распавялі, што змаглі правезці ў Польшчу алкаголь і цыгарэты паводле «старой нормы», бо ніякага дагляду не было.

Пры гэтым на літоўскай мяжы, калі глядзець водгукі, памежнікі звычайна не вельмі дэталёва глядзяць нават легкавікі.

«Я ехаў учора на ўласным аўце праз Беняконі (Літва). Мытнікі спыталі толькі, ці ёсць ваты, я сказаў, што не. Ніхто нічога не глядзеў, і я паехаў далей. Правозіў аліву для аўтамабіля (6 л), пачак парашку і 6 кг цукерак».

Але так пашанцавала не ўсім: «Ехаў 5 ліпеня праз Беняконі. Ваты на тэлефоны не адбіваюць, на побытавую тэхніку ўсё роўна сказалі «не». Па выніку прывёз усё даражэй, чым на «Онлайнэры», бо ватаў не адбіў. Тры дні жыцця ў дупу».

«Я езджу праз мяжу часта дзеля працы, таму магу падзяліцца назіраннямі. Наколькі я бачу, цяпер пад забаронай практычна ўсе аўтазапчасткі. Учора вось адзін такі мужык на польскай мяжы здзівіўся, маўляў, што значыць – нельга? Здаецца, ён недзе праспаў усе гэтыя спісы. Таксама бачу, што людзі па-ранейшаму спакойна вязуць адзенне, красоўкі, парфуму і касметыку. Але гэта павінна быць у разумных маштабах. Памежнікі не ідыёты, таму не дакалупваюцца да сям’і, якая на закупы прыязджала і купіла трошкі таго-сяго, але калі ты вязеш 10 параў абутку і 50 духоў і кажаш, што гэта для сябе… Падрыхтуйся да праблемаў».

Аўтобусы на мяжы цяпер амаль не правяраюць, у адрозненне ад аўтамабіляў. Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

«Коды вызначаеце – і наперад шукаць іх у дакуменце пра санкцыёнку»

Але канкрэтыкі ўсё роўна няшмат: пакуль большасць людзей у суполках падобная на сляпых кацянятаў – яны недзе нешта чулі, але знайсці нічога нават у навінах не могуць. Таму 90 % пытанняў зводзяцца да «а можна правезці праз мяжу (уставіць неабходнае слова)?».

«Коды ТН ЗЭД* вызначаеце – і наперад шукаць іх у дакуменце пра санкцыёнку, – раіць пасярэднік у пакупках за мяжой. – Але ў гэтым крыецца і самая вялікая складанасць: коду на самім тавары могуць і не пазначыць. Што рабіць? Першы варыянт – падбіраць самому з дапамогай тлумачэння да кода, але гэта складана, таму што некаторыя тавары падыходзяць пад апісанне некалькіх кодаў (напрыклад, сантэхніка). Другі – напісаць прадаўцу і запытаць код ТН ЗЭД, у яго ён павінен быць. Напрыклад, сваіх кліентаў я забяспечваю адразу кодамі, каб яны не губляліся на мяжы. Трэці варыянт – звярнуцца да спецыяльных мытных агентаў, якія за грошы дапамогуць вызначыць код».

Так што пакуль даводзіцца канстатаваць, што ўніверсальнай інструкцыі наконт таго, што можна везці, а што не – проста не існуе.

«Акрамя таго, дакумент аб забароне змяшчае мноства ўдакладненняў. Напрыклад, забаранілі не ўсе прадметы раскошы, а толькі тыя, што каштуюць больш за 300 еўраў за штуку. Тое ж самае з сантэхнікай – пад забарону большая частка так і не трапіла. Таму ўсё трэба правяраць і ўдакладняць», – кажа «памочнік».

* ТН ЗЭД (таварная наменклатура замежнаэканамічнай дзейнасці) – класіфікатар тавараў, які выкарыстоўваецца пры правядзенні мытных аперацыяў і ад якога залежаць стаўкі імпартнага і экспартнага мыта.

Тэса Анэйда, belsat.eu