Беларуска, якая купіла машыну за акіянам, расказала «Белсату», што літоўская мытня не хоча аддаваць аўта, спасылаючыся на санкцыі. Паводле яе, з гэтым сутыкнуліся сотні асобаў, якія сумняюцца ў законнасці затрымання машынаў.
Літва 4 чэрвеня раптоўна абмежавала правоз аўтамабіляў праз мяжу ў Беларусь у сувязі з ранейшымі санкцыямі Еўразвязу на ўвоз у Расею люксавых машынаў (коштам больш за 50 тысяч еўраў) і машынаў з вялікім аб’ёмам рухавіка (больш за 1,9 л), электрамабіляў і гібрыдных аўтамабіляў.
Новыя літоўскія правілы датычаць любых аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў з моманту вытворчасці, незалежна ад таго, ці трапляюць яны пад санкцыі адносна Расеі. Пры іх экспарце або транзіце літоўскія мытнікі патрабуюць дамову куплі-продажу, выпіску з банку, звесткі пра канцавога атрымальніка тавара і тлумачэнне, дзе ён будзе ўжывацца, абавязальніцтва або пацверджанне экспарцёра і грузаатрымальніка, што тавар не трапіць у Расею.
Сярод дакументаў, што патрабуюцца, ёсць так званая дэкларацыя вытворцы – пра тое, што вытворца ўпэўнены, што пастаўкаю такой машыны санкцыі не будуць парушаныя, што вытворца ведае канцавога пакупніка ў трэцяй краіне і што ўпэўнены: пакупнік таксама не будзе парушаць санкцыяў.
«Завіслі» зусім не люксавыя машыны
Гэтыя санкцыі навучыліся абыходзіць: рэгістравалі машыны ў Літве, выязджалі ў Беларусь ці Расею – і проста не вярталіся імі ў Літву.
Разам з тым, як расказала «Белсату» чытачка, пад фактычную забарону вывазу з 4 чэрвеня раптам трапілі машыны, вываз якіх з Літвы ў Беларусь не забаронены санкцыямі. Яна паказала «Белсату» лісты, скіраваныя да літоўскай мытні, з падрабязным апісаннем законаў і пастановаў аб санкцыях, а таксама адказы ад літоўскай мытні, што не задаволілі яе і іншых, чые машыны «завіслі» ў Клайпедзе.
Гаворка пра ўжываныя машыны са значнымі дэфектамі (большасць з якіх лічыцца за «ўтыль»), набытыя пераважна на аўкцыёнах у Злучаных Штатах. Такія машыны купляюць для наступнага рамонту і асабістага выкарыстання, каб проста заашчадзіць. Дакладна вядома, што праблемы ў машынаў з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 л, электрамабіляў і гібрыдных машынаў. Але ходзяць непацверджаныя чуткі (якія чытачка «Белсату» лічыць «страшылкамі»), што быццам не выпускаюць і машыны з рухавікамі аб’ёмам да 1,9 л.
На гэтыя машыны ў Літве патрабуюць дэкларацыю вытворцы. Атрымаць на такія машыны дэкларацыю ад вытворцы немагчыма, бо набытыя не праз дылерскую сетку вытворцы, а былі ў выкарыстанні і набытыя праз аўкцыён, падкрэсліваюць беларусы. З вытворцамі спрабавалі звязацца – тыя або адмаўляюць, або не адказваюць. Раней беларусы скардзіліся, што патрабаванне дэкларацыі вытворцы нават на новую машыну ад афіцыйнага дылера практычна немагчыма выканаць, калі гаворка пра адну машыну для фізічнай асобы.
Паводле чытачкі, з праблемаю сутыкнуліся больш за дзве тысячы асобаў, якія аб’ядналіся ў Telegram-чат і спрабуюць дамагчыся адказу ад літоўскай мытні. Машыны тым часам трымаюць на платнай стаянцы ў порце Клайпеды, за якую трэба плаціць ад 5 да 20 еўраў за дзень.
«Мы на гэты момант ужо зразумелі, што змагацца з Літвою менавіта на юрыдычным полі мы не можам, – кажа чытачка «Белсату». – І мы хочам заклікаць краіны Еўразвязу, каб яны далі нам правезці гэтыя машыны. Каб далі калідор, які Літва абяцае».
Перавознікі, праз якіх купляліся гэтыя машыны, прапануюць два варыянты: або прадаваць машыны ў Еўропе, або перапраўляць аўты праз іншыя краіны, як то праз Грузію. Першы варыянт беларусы лічаць стратным і наагул маларэальным, бо машынаў шмат. Другі варыянт будзе каштаваць дадатковыя 5–7 тысяч еўраў. Гэта асабліва нявыгадна з улікам таго, што некаторыя машыны за такія сумы і былі купленыя.
Гэтыя машыны не трапляюць пад санкцыі Еўразвязу, а праблема – у пагадненні пяці краінаў?
Да нядаўна санкцыі Еўразвязу наўпрост не забаранялі экспарту ў Беларусь звычайных аўтамабіляў (калі не лічыць вайсковых машынаў і спецтэхнікі для сілавікоў). Але пэўныя забароны датычылі экспарту машынаў у Расею, а па беларускім аўтарынку ўдарыла «рыкашэтам».
Пакуль некаторыя бізнесоўцы перапрадавалі машыны праз Беларусь у Расею, некаторыя пастаўнікі неахвотна везлі машыны ў Беларусь, бо тыя маглі трапіць у Расею, і нават прапісвалі ў дамовах забарону на рээкспарт. 23 сакавіка Польшча перастала пускаць у Беларусь машыны з рухавікамі аб’ёмам болш за 1,9 л без дэкларацыі вытворцы ды іншых дакументаў наконт непарушэння санкцыяў. 27 сакавіка да Польшчы далучылася Латвія.
Толькі праз тры месяцы пасля гэтага з’явіліся санкцыі, што забаранілі ўвозіць некаторыя машыны ў Беларусь.
Даведка
У Беларусь можна ўвозіць машыны з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 л і клірэнсам да 165 мм, а з 1,9 л і менш – з любым клірэнсам.
24 чэрвеня Еўразвяз увёў 14-ы пакет санкцыяў, а 29 чэрвеня Рада Еўразвязу ўхваліла новую рэгуляцыю адносна абмежаванняў для Беларусі і Расеі. Адзін з дадаткаў дакументу забараніў увозіць у Беларусь машыны з клірэнсам (або дарожным прасветам – адлегласцю ад дна машыны да дарогі) 165 мм і больш і з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 л. Хадзілі чуткі пра забарону на ўвоз у Беларусь люксавых аўтаў, але пра гэтае не дамовіліся.
Таксама ў санкцыях было пазначанае, што новыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на выкананне ўгодаў да 2 кастрычніка 2024 года, калі яны заключаныя да 1 ліпеня 2024 года, або дадатковых угодаў, неабходных для выканання тых заключаных. То бок адназначна нельга ўвозіць у Беларусь машыны з клірэнсам 165 мм і больш і з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 л, калі яны набытыя пасля 1 ліпеня. Але калі машыны набытыя раней і толькі даплылі да Літвы для далейшай дастаўкі ў Беларусь, іх можна ўвозіць у Беларусь да 2 кастрычніка.
Ды літоўская мытня на момант публікацыі захавала свае правілы: з 4 чэрвеня патрабуе падаваць сярод іншых дакументаў дэкларацыю вытворцы на любыя машыны ўзростам да 5 гадоў, незалежна ад клірэнсу і аб’ёму рухавіка.
Гэтае патрабаванне ўвялі на падставе пагаднення (PDF) Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі пра супрацьдзеянне санкцыям, у тым ліку транзіту праз Беларусь тавараў, што не пад санкцыямі адносна Беларусі, але пад санкцыямі адносна Расеі. Пагадненне месціць патрабаванне дэкларацыяў ад вытворцаў тавараў незалежна ад таго, прадае яго сам вытворца або хтосьці іншы: напрыклад, за выкананне санкцыяў адносна паставак патрыманых машынаў «General Motors» нясе адказнасць сама кампанія «General Motors».
Ад Літвы і Еўразвязу не могуць дамагчыся зразумелага адказу
Беларусы высылалі розныя запыты да літоўскай мытні, але атрымлівалі аднолькавыя адказы, якія іх не задаволілі. Літоўская мытня тлумачыць патрабаванне дэкларацыі вытворцы тым, што санкцыі адносна Беларусі мякчэйшыя, чымся адносна Расеі, у якую забаронена ўвозіць любыя машыны аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 л, усе электрычныя і гібрыдныя машыны. З адказаў беларусы так і не зразумелі, на якой законнай падставе не выпускаюць менавіта іхных машынаў і патрабуюць на іх дэкларацыю вытворцы, нягледзячы на «непадсанкцыйнасць» або «акно» на завяршэнне ўгодаў да 2 кастрычніка.
Беларусы таксама не могуць адшукаць законы, што патрабавалі б дэкларацыю вытворцы на легкавікі ўсіх тыпаў, незалежна ад аб’ёму рухавіка і клірэнсу: прыводзяць пастановы, у якіх аўты ўсіх тыпаў не згадваюцца ў санкцыйных спісах, а такіх, дзе згадваліся б, не знаходзяць. А ў пагадненні пяці краінаў, на падставе якога Літва патрабуе дэкларацыі вытворцаў, вядзецца пра экспарт менавіта падсанкцыйных тавараў.
У кантакт-цэнтры Еўракамісіі на ліст аднаго з беларусаў адказалі, што па тлумачэнні наконт рэалізацыі санкцыяў трэба звяртацца ў нацыянальныя органы, то бок у літоўскае Міністэрства эканомікі.
Беларусы, якія спрабуюць вывезці машыны, цяпер дзеляцца на дзве групы:
• тыя, каму не далі часавага калідору на завяршэнне ўгодаў на машыны, згаданыя ў санкцыях;
• тыя, у каго машыны не трапляюць пад санкцыі, але ім усё роўна не даюць вывезці аўтаў з Літвы без дэкларацыі вытворцы.
Чытачка «Белсату» думае, што літоўская мытня не чытае лістоў і высылае загадзя падрыхтаваны адказ. Яна дадае, што ведае чалавека, які не здолеў вывезці машыну ў Беларусь нават з дэкларацыяй вытворцы.