Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, спасылаючыся на апошні санкцыйны пакет супраць уладаў у Менску. Аднак адпаведная пастанова не абавязвае краіны ЕЗ уводзіць гэтую забарону, а толькі дае такое права.
«Восьмы пакет санкцыяў найперш скіраваны супраць рэжыму Лукашэнкі. Так атрымалася, што некаторыя краіны літаральна распаўсюдзілі санкцыі на ўсіх беларусаў», – канстатаваў у размове з «Белсатам» дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Лявон Марозаў.
Ён запэўніў, што Офіс змагаецца за права беларусаў наведваць ЕЗ, «як гэта і прадугледжана еўрапейскімі каштоўнасцямі»:
«Мы, натуральна, узнімаем гэтыя пытанні на ўсіх міжнародных сустрэчах і працуем над гэтым. Мяркую, вынікі хутка будуць».
Марозаў адзначыў, што апошняя пастанова наконт санкцыяў не прадугледжвае наўпроставай забароны на ўезд легкавікоў з беларускімі нумарамі:
«Гэтая рэзалюцыя прадугледжвае права ўезду беларусам сваймі аўтамі з беларускімі нумарамі – тым, хто мае візу або ВНЖ. Мы цяпер працуем з гэтым, тут пытанне трактавання гэтага дакументу на нацыянальным узроўні. Мне падаецца, што сітуацыю можна пераламаць».
Дарадца пры гэтым адмовіўся раскрываць канкрэтныя крокі, якія робіць Офіс:
«На жаль, мы пакуль не можам разгалашаць зместу перамоваў з нашымі міжнароднымі партнёрамі, аднак каманда Офісу Ціханоўскай робіць усё магчымае для ўрэгулявання сітуацыі. Беларусы і беларускі могуць апынуцца ў няпростай сітуацыі».
Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд легкавікоў, зарэгістраваных у Беларусі, спасылаючыся на артыкул 1ra пастановы ЕЗ аб восьмым пакеце санкцыяў. Аднак там пазначана:
«Кампетэнтныя органы на ўмовах, якія палічаць неабходнымі, могуць дазволіць уезд у ЕЗ транспартавага сродку, што не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, які мае візу або від на жыхарства, строга для асабістага карыстання».
Такім чынам, краіны Еўразвязу могуць, але не абавязаныя забараняць уезд аўтаў з беларускімі нумарамі.
Даведка
Літва ўвяла забарону з адтэрмінаваннем на месяц: да 16 жніўня заехаць у краіну легкавіком, зарэгістраваным у Беларусі можна, але пры ўмове, што едзе ўласнік. Раней такое ж правіла – абавязковая прысутнасць уласніка машыны – увяла Польшча.
Чаму краіны Балтыі скарысталіся правам не пускаць аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, афіцыйна не тлумачыцца. Ва ўрадавых паведамленнях сцвярджаецца, што рэспублікі проста выконваюць уведзеныя санкцыі. Міністр замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна назваў такую пастанову слушнаю, бо лукашэнкаўскі «рэжым наўпрост спрыяе і падтрымоўвае агрэсію Расеі ва Украіне».
Дыпламат адзначыў, што сінхронная забарона разам з балтыйскімі суседзямі «больш эфектыўная»: «Такім чынам мы можам павысіць цану, якую плаціць рэжым за суўдзел у агрэсіі і перадухіліць абыход санкцыяў, уведзеных супраць Расеі».
Адначасова міністр запэўніў, што Эстонія працягне падтрымліваць беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму з увагі на рэпрэсіі.
«Белсат» даслаў уладам Літвы, Латвіі і Эстоніі пытанні, чаму яны ўвялі забарону, хаця маглі ўстрымацца, якім чынам пацярпіць рэжым Лукашэнкі і якія страты панясуць цяперашнія ўлады, калі беларусы не будуць ездзіць у ЕЗ аўтамабілямі.
У літоўскім МЗС нам адказалі, што «забарона скіраваная не супраць беларускіх грамадзянаў або іхных паездак у ЕЗ, а супраць рэжыму і яго магчымасці атрымліваць прыбытак ад магчымага продажу або выкарыстання аўтамабіляў».
Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту ў размове з «Белсатам» адзначыў: новая захада краінаў Балтыі не азначае жалезнай заслоны, маўляў, аўтобусны рух працягнецца і магчымасць выехаць у ЕЗ застанецца. Палітолаг пры гэтым прызнаў, што Вільня, Рыга і Таллін «даволі строга інтэрпрэтавалі апошні пакет санкцыяў».
«Гэта нязручна, што паедзем у Літву не машынай, а аўтобусам. Мяркую, гэта не гэткая ўжо вялікая-вялікая трагедыя. Бальшыня беларусаў і іхных сваякоў і так ездзіць аўтобусамі, а цяпер, можа, чэргаў на мяжы паменее, бо перакупнікі ўсялякія не будуць ездзіць», – сказаў Юрконіс.
Суразмоўца ўпэўнены, што найперш забарона закране кантрабандыстаў, чаўночнікаў ды іншых прадпрымальных грамадзянаў, якія зарабляюць на гандлі:
«Тут, натуральна, пытанні дробнай кантрабанды, перакупаў, якія нешта купляюць і зарабляюць капейку. Гэта б’е па іх».
Юрконіс пры гэтым адзначыў, што Літва адтэрмінавала забарону на месяц. Калі б не беларускія дэмакратычныя сілы, і такой палёгкі б не было: «Офіс Святланы Ціханоўскай і агулам беларуская дэмакратычная супольнасць вельмі стараецца, і, як мне падаецца, вельмі паспяхова, каб каналы стасункаў захаваліся і не зазнавалі абмежаванняў».
Адначасова палітолаг прызнаў, што забарона на ўезд аўтаў «суперэфекту не дасць», акрамя пэўнага раздражнення, і большую ўвагу трэба надаваць вывазу тавараў, у тым ліку аўтамабіляў, з ЕЗ у Беларусь, пакуль жа «кірунак пераблытаны». А што датычыць выключэння для дыпламатычнага транспарту, то гэта дазваляе амбасадам краінаў Еўразвязу працягваць працу ў Беларусі і выдаваць візы, растлумачыў суразмоўца «Белсату»:
«Няма аніякай жалезнай заслоны, аднак, калі нехта і намагаецца гэтую заслону апусціць і хто адказны за такое ўспрыманне Беларусі і беларусаў, то гэта, натуральна, рэжым. Найбольш важна змагацца з прычынамі, а не наступствамі, а прычына – у Менску: гэта злачынны рэжым, што катуе людзей, садзіць людзей за краты. І ўсім нам трэба ў гэтым кірунку рухацца і рабіць максімальнае напружанне тут».