Нягледзячы на заявы беларускіх уладаў, націск міграцыйнага крызісу не спыняецца. Паглядзелі сьвежыя лічбы.
На мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс. Пра гэта сьведчаць дадзеныя памежных службаў Польшчы, Літвы і Латвіі. За 16 ліпеня было 60 спробаў нелегальна трапіць у Польшчу зь беларускага боку, у Латвію — 24 спробы, у Літву — 5 спробаў.
6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, на вайскоўца напаў мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Беларусь адмовілася выдаваць вінаватых польскаму боку.
25 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведаў Кітай і абмеркаваў пытаньне крызісу на беларуска-польскай мяжы з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам.
Тады былі такія лічбы па спробах нелегальна трапіць у ЭЗ з боку Беларусі:
- Польшча — каля 100 спробаў на суткі
- Латвія — 6
- Літва — 1
Перад паездкай Дуды ў Кітай, 22 чэрвеня, польскі міністар замежных спраў Радослаў Сікорскі заявіў, што Польшча можа цалкам закрыць мяжу для беларускіх грузаў.
Пасьля Польшча цягам 33 гадзін фактычна блякавала рух на буйным чыгуначным тэрмінале ў Малашэвічах, на мяжы зь Беларусьсю. Фармальна гэта называлася «кантрольнымі захадамі», паведаміла польскае выданьне RMF FM.
15 ліпеня міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь гатовая весьці дыялёг па сытуацыі на мяжы з польскім бокам.
«Мяч на польскім баку. Мы гатовыя да дыялёгу, і прэзыдэнт на гэта настроены. Але, відаць, польскаму боку ня вельмі цікава вырашэньне гэтага пытаньня. І, напэўна, у яго плянах працяг нагнятаньня напружанасьці на мяжы», — адзначыў беларускі міністар.
«Ніякага зьніжэньня няма»
Старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, сацыёляг Генадзь Коршунаў сочыць за дынамікай міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і ЭЗ ад ягонага пачатку. На думку Коршунава, няма падставаў гаварыць ні пра яго завяршэньне, ні пра пазытыўную дынаміку.
«Калі паглядзець мінулы тыдзень, то адносна папярэдняга колькасьць спробаў ня зьнізілася, а падвысілася. Калі глядзець дадзеныя па другой палове чэрвеня і другой палове ліпеня, то колькасьць спробаў адносна папярэдняга месяца зьнізілася. А калі адносна пачатку году, то тады некалькі тыдняў было каля нуля спробаў. І таму хваля далёка ня зьнізілася. У дынаміцы бачна, што хваля мігрантаў сынхранізуецца з падзеямі», — кажа Генадзь Коршунаў.
Навуковец прыводзіць прыклад саміту NATO ў Вільні ў ліпені 2023 году, калі «імкліва зьнізіліся спробы нелегальнага пераходу мяжы».
Цяпер, па словах Генадзя Коршунава, мэтанакіраванае зьніжэньне спробаў нелегальна перайсьці мяжу пачалося з другой паловы траўня, яно назіралася цягам 7 тыдняў.
«На мінулым тыдні трэнд на зьніжэньне зламаўся, пачаўся рост. Таму нельга казаць, што спробы нелегальнага пераходу мяжы зьнізіліся. Яны зьніжаліся крыху яшчэ да палітычных заяў з боку Польшчы і Беларусі», — дадае навуковец.
Генадзь Коршунаў прыводзіць і іншыя акалічнасьці, якія, на ягоную думку, ня сьведчаць пра заканчэньне міграцыйнага крызісу.
«Ёсьць намёкі, што прамацваюцца новыя лягістычныя ланцужкі для мігрантаў. У прыватнасьці, самалётны рэйс з Бэйруту ў Менск», — кажа суразмоўца.
Канал «Мотолько Помоги» зьвярнуў увагу, што ў нядзелю 14 ліпеня ў Менск прыляцеў рэйс з Бэйруту сырыйскай авіякампаніі Cham Wings. Раней, гэты ж рэйс прылятаў у Беларусь з Дамаску 7 ліпеня. У 2021 годзе гэтую авіякампанію ўжо заўважалі ў дачыненьні да міграцыйнага крызісу.
Чаму словы разыходзяцца з справамі
Беларускія ўлады гавораць пра магчымасьць дыялёгу, але ў той жа час спробы нелегальна пераходзіць мяжу працягваюцца. Генадзь Коршунаў зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія ўлады так сябе паводзілі ўвесь час, пакуль з 2021 году цягнецца міграцыйны крызіс.
«У мінулыя гады таксама казалі, што міграцыйны крызіс трэба вырашаць, што трэба перамовы. Гэта адбывалася хвалямі. У 2023 годзе Лукашэнка казаў, што „суседзі нам дадзеныя Богам“. Такая рыторыка, якая ўвесь час мяняецца. Зараз, магчыма, Лукашэнка шукае нейкіх дадатковых апірышчаў, каб ураўнаважыць уплыў Расеі. Адсюль і павышаная ўвага да Кітаю ня першы год, а таксама ўваход у ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва), але гэта толькі гіпотэза», — кажа Генадзь Коршунаў.
Ці магчымыя новыя хвалі
Навуковец мяркуе, што магчымыя і новыя віткі міграцыйнага крызісу, і новае напружаньне.
«Цягам трох гадоў гэтага крызісу заўсёды працэс разьвіваецца хвалямі. Цягам некалькіх тыдняў быў спад, пасьля сытуацыя выраўнялася на пэўным узроўні: каля 500 спробаў нелегальнага пераходу. А зараз вельмі верагодна, што назапашваюцца лягістычныя рэсурсы, схлыне сьпёка, і можа быць новы ўздым. Нельга сказаць, ці будзе ён павольны, ці будзе выбуховы», — прагназуе Генадзь Коршунаў.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Афіцыйныя Варшава, Вільня і Рыга называюць гэта «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
У 2024 годзе суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ спынілі ўжо каля 23 тысяч спробаў пранікненьня на сваю тэрыторыю (зь іх Польшча — ня менш за 20 тысяч).