ЕЗ перастаў лічыць Беларусь краінаю, дзе сітуацыя з шаленствам у жывёлінаў не выклікае асцярогі, і ў хуткім часе для паездак за мяжу спатрэбіцца адмысловы тэст акрэдытаванай лабараторыі. Праблема ў тым, што такіх лабараторыяў у Беларусі няма. Якое ёсць выйсце?
Еўракамісія час ад часу пераглядае пералік краінаў, дзе, на меркаванне Бруселю, сітуацыя з шаленствам у жывёлінаў не выклікае асцярогі. У красавіку Беларусь выкраслілі з «белага спісу». Цяпер, каб вывезці сабаку ці ката ў ЕЗ, спатрэбіцца тэст на колькасць антыцелаў да віруса шаленства. Аднак будзе пасаваць аналіз, зроблены толькі ў акрэдытаваных Еўразвязам лабараторыях. Ніводнай такой лабараторыі ў Беларусі няма.
У Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе паведамілі, што ў Беларусі такое тэставанне робіць Віцебская абласная ветэрынарная лабараторыя, і параілі спраўджваць у той краіне, куды плануецца паездка, ці будзе пасаваць сертыфікат з гэтай установы. Еўрапейскай акрэдытацыі лабараторыя не мае:
«Мы ліставаліся з нашымі сябрамі з ЕЗ, спачатку яны нам сказалі, што наступная акрэдытацыя будзе налета, а потым наагул адмовіліся яе ладзіць, перасталі адказваць. Хаця ў Віцебску мы праводзім усе магчымыя даследаванні, там добрая лабараторыя».
У дэпартаменце канстатавалі, што сёння няма нават прыблізных тэрмінаў, калі віцебскую лабараторыю акрэдытуюць, дый не вядома, ці акрэдытуюць наагул.
Найбліжэйшыя да Беларусі лабараторыі, дзе можна зрабіць тэст, – у Расеі. У некаторых надоечы скончыўся тэрмін акрэдытацыі, на момант публікацыі ў актуальным пераліку – усяго дзве ўстановы:
- Ветэрынарны цэнтр Усесаюзнага дзяржаўнага навукова-кантрольнага інстытуту кантролю ветэрынарных прэпаратаў (ВГНКИ) у Маскве;
- Лабараторыя Федэральнага цэнтру аховы здароўя жывёлы (ВНИИЗЖ) ва Уладзіміры за 180 кіламетраў на ўсход ад расейскай сталіцы.
У Маскве аналіз зробяць цягам 14 працоўных дзён за 6000 расейскіх рублёў (каля 220 беларускіх), а калі пільна, цягам 3–5 дзён, то давядзецца заплаціць удвая болей.
У гэтай лабараторыі запэўнілі, што можна прыехаць з гадаванцам самастойна, папярэдняга запісу на здаванне крыві не патрабуецца. Сертыфікат поштаю не дасылаюць:
«Але вы ж можаце звярнуцца да нашых партнёраў у Беларусі, не абавязкова ехаць. Або пераслаць біяматэрыял кур’ерскаю службаю».
Ва Уладзіміры кошт паслугі крыху меншы: 5863 рублі (214 нашых), але з Беларусі да яго без перасадкі не дабярэшся.
Самы танны квіток на цягнік з Менску ў Маскву каштуе 123 рублі ў адзін бок, а туды і назад давядзецца ехаць двойчы: першы раз – з гадаванцам, здаць кроў; другі раз – па сертыфікат. У выніку аналіз у Расеі абыдзецца мінімальна на 712 рублёў.
Самастойна адвезці сываратку крыві ў Расею тэарэтычна можна, практычна – вельмі складана. Прабірка мусіць быць у лёдзе ў адмысловым тэрмакантэйнеры з пэўнымі тэмпературнымі ўмовамі.
Некаторыя ветэрынарныя клінікі ў Беларусі надаюць пасярэдніцкія паслугі: кроў бяруць на месцы, з яе вылучаюць сываратку, якую ў належных умовах адпраўляюць у Расею. Гаспадар атрымае гатовы сертыфікат поштаю.
У адной з менскіх лякарняў за гэта возьмуць 527 рублёў (усё зробяць за 25 працоўных дзён) або 758 рублёў, каб было хутчэй (цягам 14 дзён). У іншай клініцы такі аналіз будзе даражэйшы.
«Мы робім забор раз на месяц. Калі вынік не пільны, то забіраць прыкладна праз чатыры тыдні, гэта будзе каштаваць 1300 рублёў», – сказалі карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе.
Знайсці ветэрынарны цэнтр, які дапаможа з сертыфікатам у Беларусі, можна праз запыт у пошукавіку «тэст на антыцелы і шаленства» або «цітр антыцелаў да віруса шаленства».
Рабіць тэст можна праз месяц пасля апошняй вакцынацыі і за два месяцы да чарговай. Калі засталося менш часу, то будзе трэба зрабіць прышчэпку крыху раней за планаваную дату і пачакаць месяц.
Таксама пазапланавую вакцынацыю давядзецца правесці, калі ўзровень антыцелаў да шаленства будзе меншы за патрэбны (менш за 0,5 МА/мл), а потым паўторна зрабіць тэст пасля 30 дзён чакання.
Акрамя таго, кроў на аналіз мае быць здадзеная не пазней за тры месяцы да даты ўезду ў ЕЗ.
Гэтак, калі планаваць паездку за мяжу, напрыклад, на 1 снежня, то зрабіць тэст трэба не пазней за 1 верасня, папярэдняя прышчэпка ад шаленства мусіць быць зробленая не раней за 1 жніўня, а наступная мае быць не пазней за 1 лістапада. Але трэба памятаць, што ўзровень антыцелаў можа аказацца меншы за норму, таму рацыянальна пачынаць гэты экшан з аналізамі раней, каб пры неабходнасці паспець зрабіць пазапланавую прышчэпку і прачакаць месяц.
Новае правіла пачне дзеяць 16 верасня. Для выезду ў ЕЗ у дадатак да тэсту, які вызначае, ці мае жывёліна імунітэт да шаленства, спатрэбяцца, як і раней, іншыя дакументы і працэдуры:
- ветэрынарны пашпарт міжнароднага ўзору (можна аформіць у любой дзяржаўнай ветстанцыі);
- чыпаванне жывёліны з залучэннем інфармацыі ў міжнародную базу звестак;
- вакцынацыя ад шаленства (абавязкова пасля чыпавання, іначай жывёліна не будзе лічыцца вакцынаванаю);
- ветэрынарная даведка з дзяржаўнай ветстанцыі – беспасярэдне перад выездам за мяжу (дзеіць 5 дзён).
Пакуль яшчэ можна паспець праскочыць праз мяжу паводле цяперашніх патрабаванняў. І калі гаспадару будзе трэба вярнуцца з гадаванцам у Беларусь, а потым ужо пасля 16 верасня зноў паехаць у ЕЗ, то мае сэнс зрабіць тэст на антыцелы падчас «дасанкцыйнага» візіту. Потым гэты сертыфікат прыдасца, пагатоў ён фактычна не мае тэрміну дзеяння, калі своечасова (то бок раз на год) рабіць прышчэпкі ад шаленства.
Напрыклад, у віленскіх ветклініках такі тэст з заборам крыві будзе каштаваць у сярэднім 55 еўраў (190 рублёў у пераліку); у варшаўскіх – 420–480 злотых (342–390 рублёў), сертыфікат на англійскай і польскай мовах будзе гатовы праз 4–5 тыдняў.
Еўракамісія выкрасліла Беларусь (і Расею) з пераліку краінаў з прыстойнай сітуацыяй з шаленствам праз пагрозу завозу віруса. У адпаведнай пастанове адзначаецца, што правяранні на вонкавых межах ЕЗ выявілі неаднаразовыя парушэнні, якія «выклікаюць істотныя сумневы ў сталым ужыванні і эфектыўным выкананні правілаў прафілактыкі ды змагання з шаленствам, а таксама ў дакладнасці афіцыйных сертыфікатаў, выдадзеных кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі».
«Нядобрая эпідэмічная сітуацыя ў Беларусі і Расеі, дзе шаленства дасюль прысутнічае ды рэгулярна выяўляецца ў сабакаў і катоў, што пацвярджаецца інфармацыяй Сусветнай арганізацыяй здароўя жывёлінаў, спрыяе павелічэнню рызыкі завозу шаленства на тэрыторыю ЕЗ», – сцвярджаецца ў пастанове.
Такім чынам, у Бруселі прыйшлі да высновы: афіцыйныя ўлады Беларусі і Расеі, хаця і давалі гарантыі, што будуць эфектыўна змагацца з вірусам, гэтага не робяць.
Імаверна, з часам, калі даць Еўразвязу новыя гарантыі і ў далейшым прыкладаць намаганні, нашую краіну зноў залучаць у «белы спіс», і сертыфікаты на антыцелы да шаленства не будуць патрэбныя. Аднак пакуль прасвету не відаць: выехаць у ЕЗ робіцца цяжэй не толькі беларусам, але і іхным пухнатым кампаньёнам.