Пошукі старых кніг і рукапісаў, здымкаў і паштовак трохі адцяняюць настальгію па родных гарадах і людзях, калі жывеш на эміграцыі і не ведаеш, калі дакладна ты зноў пабачыш тое, што бачыў дзясяткі і сотні разоў. Блукаючы па віленскіх і варшаўскіх блышыных рынках, антыкварных крамах, я заўсёды спрабую знайсці нешта звязанае з Беларуссю. Часам атрымліваецца адшукаць сапраўдныя рэдкасці. 

Пра адну са знойдзеных рэдкасцей распавядае Ціхан Чарнякевіч.

Кніга «Міндоўг, кароль Літвы», выдадзеная ў Варшаве ў 1909 годзе

У пошуках слядоў беларускага жыцця ў Вільні

Наагул, нягледзячы на тое, што беларускае жыццё досыць актыўна бруіла ў Вільні сто гадоў таму, слядоў ад яго захавалася зусім няшмат. Найперш, памяткі пра гэта захоўвалі «далучаныя» да таго жыцця людзі, а многіх з іх выкасіла і вайна, і рэпрэсіі часоў сталіншчыны, і проста бязлітасны да ўсяго мінулага час. Рэдка-рэдка мільгане паштоўка ці кніга па-беларуску ў калекцыях літоўскіх антыквараў, якія, з ясных прычын, больш скіроўваюцца на пошукі свайго, літоўскага, а такога вельмі нават нямала — багатыя калекцыі іх здымкаў, кніг, паштовак, канвертаў я бачыў не адзін раз. Міжволі звяртаеш увагу і на тое, што хаця б мае дачыненне да Беларусі — не важна ўжо, на якой мове — літоўскай, польскай, расейскай. Пры сціплай прапанове ў цябе няма іншага выбару. 

Антыкварная крама Відмантаса Станюліса ў Коўне — адно з найлепшых букіністычных месцаў у Літве. Гаспадар, які памёр пару гадоў таму, з савецкіх часоў займаўся збіральніцтвам, а ў 1994 годзе адчыніў уласную кропку, у якой спачатку гандляваў сам, а цяпер крамай займаецца ягоная сям’я. Нельга сказаць, што калекцыя багацее, хутчэй расцярушваецца, бо галоўны рухавік і арганізатар сышоў, але і на сёння гэта найлепшая калекцыя кніг і рэдкасцей у краіне, такою яна была і гадоў дзесяць таму, толькі значна больш цікавай.

Канстанцыя Скірмунт — апошняя ўладальніца палаца Бутрымовічаў

Разбіраючы каталогі антыкварыяту, я звярнуў увагу на адно прозвішча, якое, зразумела, вядомае кожнаму адукаванаму пінчуку — Скірмунт. Гэта была кніжка «Міндоўг, кароль Літвы», выдадзеная ў Варшаве ў 1909 годзе. 

Аўтарка — Канстанцыя Скірмунт — асоба добра вядомая гісторыкам і Польшчы, і Літвы, і Беларусі. Нарадзілася яна ў сям’і архітэктара Казіміра і скульптаркі Галены Скірмунт (пляменніцы мастака Напалеона Орды), у радавым маёнтку Калоднае на Піншчыне (цяпер Столінскі раён).

Канстанцыя Скірмунт

Падчас паўстання 1863 года на тэрыторыі маёнтка праходзілі бітвы атрада Рамуальда Траўгута, Галену потым зняволілі за сувязь з паўстанцамі, а Казіміра, які, будучы адным з выбітных дзеячаў Піншчыны, адмовіўся падпісаць паперу аб лаяльнасці цару, выслалі ў Кастраму. Маёмасць прымусова прадалі. Казіміру і Галене не дазволілі вярнуцца, і яны жылі ў Крыме, атрымаўшы некалькі балаклаўскіх вінаграднікаў. Дачку Канстанцыю выхоўвала бабуля Гартэнзія, сястра Напалеона Орды і ўладальніца пінскага палаца Бутрымовічаў (цяпер ён, адзін з першых мураваных будынкаў горада, у падмурак якога заклаў камень кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас свайго візіту на Палессе ў верасні 1784 года, з’яўляецца гарадскім ЗАГСам).

Пасля смерці бабулі Канстанцыя стане апошняй уладальніцай палаца. Цікава, што зусім побач ад яго стаіць цяперашні будынак гарадскога аддзела адукацыі, а раней — вучылішча і гімназіі, у якой вучыліся розныя вядомыя людзі, у прыватнасці будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. А спраектаваў будынак у 1852 годзе архітэктар Казімір Скірмунт, бацька Канстанцыі.

Палац Бутрымовічаў у Пінску, 1936 год

Лічыла і сябе літоўкай

Аўтарка вылучалася з арыстакратычных польскіх родаў сваёй прыкметнай адданасцю Літве і літоўскай нацыі, лічыла і сябе літоўкай. Пісала кнігі пра гісторыю Літвы, змагалася за правы літоўскага народа на самавызначэнне і нават паставілася рашуча адмоўна да польскай акупацыі Вільні ў 1920-я гады. Скірмунты і краёвая ідэя — наогул досыць шырокая тэма, і я не буду ў яе моцна паглыбляцца, хіба параю кнігі і тэксты Алеся Смаленчука, дзе яна раскрываецца вельмі падрабязна.

Кнігі Канстанцыі Скірмунт

У 23 гады, пасля смерці маці, Канстанцыя з’ехала з Крыма і пасялілася ў Пінску, дзе і пражыла да канца, і пахаваная на старых могілках па цяперашняй вуліцы Спакойнай.

Магіла Канстанцыі Скірмунт у Пінску

Будучы прыкаванай цяжкой хваробай да інваліднага вазка, Канстанцыя рэдка кудысьці выязджала і шмат часу аддавала кнігам і творчасці. «Міндоўг, Кароль Літвы» — трэці томік цыклу «Над Нёманам і Балтыкай». Першыя два, «На зары гісторыі» і «Паданні, часы перадміндоўгавыя, гісторыя старажытных прусаў» выйшлі ў Варшаве і Кракаве ў 1897-м і 1903-м гадах адпаведна. Гэта не адзіныя яе кнігі, былі яшчэ цікавыя агляды літоўскай гісторыі, артыкулы, палеміка ў «Краі», «Віленскім весніку», «Віленскім аглядзе», дыскусіі пра лёс нацый былога Вялікага Княства…

Кнігі Канстанцыі Скірмунт не такія ўжо і рэдкія, але менавіта на гэтай стаяў аўтограф.

Зразумела, кніжку з аўтографам знакамітай паляшучкі я б купіў нават калі б там не было адрасата альбо нейкіх цікавых разгорнутых развагаў. Аднак адрасат выявіўся вельмі нават неардынарнай асобай, таксама звязаны з Палессем, Скірмунтамі і вялікай гісторыяй.

Хто такі Альфрэд Сташэвіч, якому Канстанцыя падпісала кнігу

16 студзеня 1923 года Канстанцыя Скірмунт падпісала свайго «Міндоўга» Альфрэду Сташэвічу, пляменніку, сыну Пятра Сташэвіча і Феліцыі Скірмунт. Маміным братам Альфрэда быў, дарэчы, знакаміты магнат, краёвец і кароткі час прэм’ер-міністр Рады БНР Раман Скірмунт. Дзед Сташэвіча Аляксандр і бацька Канстанцыі Казімір былі роднымі братамі.

Альфрэд Сташэвіч — пляменнік Канстанцыі Скірмунт

Нарадзіўшыся ў 1896 годзе ў маёнтку Мокрая Дубрава пад Пінскам, Альфрэд вучыўся ў Вільні і Варшаве, а ў 1914-м пайшоў на фронт Першай сусветнай вайны. У рускай арміі прайшоў афіцэрскую школу і ў 1917-м прыбыў у Францыю, дзе ўступіў у польскія корпусы французскай арміі, якія неўзабаве стануць польскай арміяй генерала Юзафа Халера. Быў цяжка паранены і застаўся ў Францыі, дзе фактычна і пражыў усё жыццё. Наколькі я разумею з тых крыніц, якія былі мне даступныя, Сташэвіч не прымаў удзелу ў баях арміі Халера ў Польшчы, не ваяваў з конарміяй Будзёнага і іншых бітвах новай Польшчы. У яго была зусім іншая мэта і жарсць.

Паспяховая кар’ера ў спорце

Асноўнай справай Альфрэда стаў спорт, а менавіта — фехтаванне, практыкаваць якое ён пачаў яшчэ на афіцэрскіх курсах. Выступаў за французскі клуб Cercie Hoche-Anjou, а ў 1928 годзе нават перамог на спаборніцтвах не абы-каго, а дзейнага алімпійскага чэмпіёна Люсьена Гадэна. 

У 1936 годзе Польшча, складаючы дэлегацыю на Алімпійскія гульні ў Берліне, запрасіла Альфрэда Сташэвіча ўвайсці ў склад нацыянальнай каманды. Кадры з той алімпіяды добра вядомыя ўсім, хто бачыў прапагандысцкія фільмы Лені Рыфеншталь, але я ніколі б не падумаў, што сярод тых шэрагаў спартсменаў дзесьці крочыць і пінскі хлопец з Мокрай Дубравы. 40 гадоў, канечне, не найлепшы ўзрост для алімпійца, аднак былыя заслугі Сташэўскага былі важныя, ён меў імя ў сусветным спорце. Каманда польскіх фехтавальшчыкаў заняла 5-8 месцы. Альфрэд працягваў выступаць і далей, і нават у 50 год перамог у міжнародных спаборніцтвах у Вене. Там, у Аўстрыі, ён і памёр у 1973-м.

Лёс Альфрэда Сташэвіча і яго сям’і

Досыць шчаслівы лёс, як на той час. Родным ягоным братам, Яну Леону і Аляксандру, лёс адмераў трапіць у расстрэльныя спісы Катыні.

Ахвяра Катыні Ян Леон Сташэвіч

Мама Феліцыя з дачкой Матыльдай былі вывезеныя камуністычнай уладай з маёнтка Тэклінопаль на Пастаўшчыне ў глыб Сібіры, і толькі фармаванне польскай арміі Андэрса дазволіла зяцю Феліцыі Яну Мысліньскаму нейкім цудам вызваліць і вывезці з сабой жонку, двух дачок і цешчу.

Феліцыя Скірмунт

Памерла сястра Рамана Скірмунта ў Вялікабрытаніі і пахаваная на могілках шпіталя Хортан у Эпсаме, графства Суррэй.

За двума радкамі аўтографа бруяць і пульсуюць токі гісторыі, стары добры атрамант чарнее на тытульным аркушы, нібы паказваючы, наколькі моцная гэтая пульсацыя, наколькі цяжка яе перарваць, нават калі ўсе ўдзельнікі гэтай букіністычнай гісторыі даўно ляжаць у зямлі.

Для гэтага і варта збіраць кнігі, бо напісанае, вядома, застаецца — але далёка не заўсёды. Толькі тады, калі рукапіс хтосьці добра захоўвае.

Ціхан Чарнякевіч, budzma.org,
фота: Вікіпедыя; polska-org.pl; hortoncemetery.org; уласны архіў