Беларуская рэжысёрка Дар’я Жук плануе зняць навукова-фантастычную сатыру на тэму сучаснага аўтарытарызму

Дар’я Жук

Фільм, спрадзюсаваны кампаніяй Allfilm Воляй Чайкоўскай, Іва Фельтам (Эстонія) і Віялетай Крэчатавай, заснаваны на арыгінальнай кароткай аповесці Таццяны Заміроўскай, якая выступіць у якасці суаўтара. Фільм будзе зняты на беларускай, англійскай і рускай мовах.

У стужцы сямейная пара — Надзя і Фёдар — шукае палітычнага прытулку ў ЗША. Яны нечакана аказваюцца тэлепартаванымі назад у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай вучонымі пры дыктатарскім рэжыме. Пераследуемыя як злачынцы ў лясах сваёй радзімы, яны павінны выправіць свае дысфункцыянальныя адносіны, каб забяспечыць сабе вяртанне ў бяспеку.

«Гэта не фільм з вялікай колькасцю эфектаў, а прызямлёная версія нашай рэальнасці з адной здагадкай: што гэтая тэхналогія існуе, і ўсе, хто настальгуе па Беларусі, могуць быць неадкладна тэлепартаваны назад. Але, здаецца, гэта працуе толькі ў адзін бок, паколькі на серверы захоўваюцца толькі беларускія ўспаміны», — распавяла Дар’я Жук Variety.

«На жаль, для некаторых гэтая тэхналогія — горшы кашмар. Маіх герояў шукаюць за палітычную актыўнасць на радзіме, таму ім небяспечна вяртацца».

Разам з Таццянай Заміроўскай Дар’я Жук вырашыла выкарыстаць жанр, каб «атакаваць» праблемы, якія было б цяжка пераварыць у больш рэалістычнай драме.

«Сатыра і навуковая фантастыка цудоўна падыходзяць для стварэння патрэбнай дыстанцыі ад суровай рэальнасці цяперашняга дыктатарскага рэжыму і для вывучэння нядаўняй эмацыйнай траўмы няўдалай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе. Мы таксама хочам зрабіць гэтую гісторыю даступнай больш шырокай аўдыторыі, якая, магчыма, нічога не ведае пра бягучыя падзеі», — адзначае Дар’я Жук.

«Exactly What It Seems» будзе «пераклікацца» з яе папярэднімі працамі.

«У фільме закранаюцца складаныя адносіны з маёй радзімай і расколіны амерыканскай мары, з якімі сутыкаюцца новыя эмігранты», — распавяла Дар’я Жук, якая вывучала кінарэжысуру ў Гарвардскім універсітэце, а затым у Калумбійскім універсітэце.

«Гэта антыўтапічная навукова-фантастычная драма, якая даследуе тэмы таксічнай настальгіі і пошуку ідэнтычнасці на фоне таталітарнага рэжыму. Я разумею, што мая галоўная гераіня, Веля, у «Крыштальным лебедзе» таксама шукала сваю ідэнтычнасць, згубіўшыся паміж прорвай, калі ты з Беларусі, і жаданнем быць вольнай у Амерыцы. Толькі цяпер ёсць яшчэ большая неабходнасць даследаваць сутнасць таго, хто ты ёсць, і твае глыбінныя страхі».

budzma.org