Фундацыя імя Пётры Крэчаўскага перадала ў кнігазбор “Чытальні”, якая месціцца ў віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, калекцыю выданняў паваеннай эмігранцыі. Многія з перададзеных кніг з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Кнігі ўжо знайшлі месца на паліцах бібліятэкі і іх можна браніраваць у анлайн-каталозе на адмысловым сайце Сytalnia.com. Каманда “Чытальні” запрашае дакрануцца да сапраўдных каштоўнасцяў, якія дабраліся да Вільні з-за Атлантыкі, дзякуючы намаганнямі адданых беларушчыне людзей.

Фундацыя, якая носіць імя трэцяга старшыні, а пазней Прэзідэнта Рады БНР Пётры Крэчаўскага, была заснаваная беларусамі ў 1958 годзе ў ЗША як некамерцыйная навукова-культурная арганізацыя. Ініцыяваў яе стварэнне Мікола Абрамчык, тагачасны старшыня Рады БНР. А ў рэгістрацыі Фундацыі ў 1959 годзе ўзялі ўдзел самыя розныя прадстаўнікі беларускай эміграцыі — скарыназнавец Вітаўт Тумаш, літаратуразнавец і гісторык Антон Адамовіч, грамадскі дзеяч Кастусь Мерляк, вайсковец Віталь Кажан і паэтка Наталля Арсеннева.

Фундацыя паслядоўна і паспяхова дзейнічае да сённяшняга дня: арганізуе і падтрымлівае вывучэнне беларускай спадчыны, спрыяе выданню навуковых кніг і ўспамінаў, мае архівы і бібліятэку ў Нью-Ёрку (Куінс).

“У Фундацыі Крэчаўскага дзесяцігоддзямі старанна збіраюцца і захоўваюцца матэрылы і архівы пра гісторыю, культуру і традыцыі Беларусі, у тым ліку кніжныя выданні. Мы даўнія сябры і партнёры. Асобнікі, што мы атрымалі ад Фундацыі для бібліятэкі і музея, насамрэч вельмі аўтэнтычныя і адметныя. Мы шчыра ўдзячныя за такі клопат пра чытацкую супольнасць у Вільні”, — тлумачыць дырэктарка віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс.

bellit.info