Крыж у гонар змагароў за вольную і дэмакратычную Беларусь усталююць ужо ў гэтую суботу, 21 сакавіка, у Гданьску. На Гарнізонных могілках горада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне памятнага Крыжа.

Беларускае культурнае таварыства «Хатка», дзякуючы якому гісторыя стварэння і рэалізацыя гэтага праекта стала магчымай, запрашае ўсіх жадаючых на ўрачыстае мерапрыемства.
«Дзякуем кожнаму, хто падтрымаў нашую ініцыятыву грашыма, словамі і малітвай. Дзякуючы вам мы змаглі завяршыць праект, які пачаўся яшчэ ў 2018 годзе.
Агульны кошт рэалізацыі гэтага праекту, улічваючы працу столяра, каменшчыкаў, кіраўніка будовы, а таксама будматэрыялаў, склаў амаль 52 000 злотых. Намаганнямі беларускай грамады з усёй Польшчы мы сабралі амаль 27 000 злотых ахвяраванняў на наш банкаўскі рахунак, праз партал zrzutka.pl і непасрэднымі ўплатамі ў касу таварыства. 20 000 злотых ахвяравала Гданскае ўпраўленне дарог і азелянення.
Дзякуем кожнаму за падтрымку. Мы рэалізавалі гэты праект разам!», — напісана ў сацсетках Беларускага культурнага таварыства «Хатка».

Дзе і калі?
Дата: 21.03.2026 г.
Час: 14.00 (час мясцовы)
Месца: Гарнізонныя могілкі ў Гданьску, вул. Ген. Дамброўскага 2. Уваход вольны.
