
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і дзеліцца сваімі думкамі з гэтай нагоды на сайце «Беларускай Рады Культуры».
Са Святланай мы бачымся рэдка. Настолькі рэдка, што можа падацца, што мы рухаемся паралельнымі шляхамі, жывём у розных рэальнасцях і занятыя сваімі справамі, якія між сабою аніяк не перасякаюцца. “А што там з культураю?” – Святлана можа запытаць пры нагодзе як пра нешта важнае, але далёкае ад яе.
Насамрэч жа ўсё, што робіць і яе Офіс, і нашая каманда штодзень – пра адно і тое ж. Мы прыкладаем высілкі, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя змены, каб у свеце не ставілі знак роўнасці паміж рэжымам і беларусамі, каб у нашай грамадзянскай супольнасці была засяроджанасць на самым галоўным: як нам захаваць сябе, беларускую суб’ектнасць, рэсурснасць, назапасіць сілы, веды, уплывы і быць гатовымі дзейнічаць у розных сцэнарах развіцця нашай гісторыі.
Офіс Святланы робіць сваю справу на найвышэйшым узроўні – безумоўна, што часам навобмацак ды метадам спробаў і памылак (бо ўпершыню і рашэнні трэба прымаць імгненна), але з відавочнымі поспехамі пры гэтым. Самы галоўны вынік іх працы – у тым, што беларусы захоўваюць свой голас у гэтым зменлівым і жорсткім палітычным свеце. У нас ёсць пэўная суб’ектнасць, пра якую, напрыклад, расійская апазіцыя з усімі яе рэсурсамі і магчымасцямі можа толькі марыць.
Даволі проста зразумець, у якіх умовах і абставінах робіцца гэтая праца. Так, ёсць спрыянне шматлікіх беларускіх і замежных актывістаў, валанцёраў, экспертаў, прафесіяналаў, арганізацый і інстытутаў. Але пры гэтым ёсць неймаверны ціск з розных бакоў, крыміналізаванасць дзейнасці ўнутры краіны, вялікія чаканні грамады пры абмежаванасці рэсурсаў. Вельмі часта што Офіс на палітычным узроўні, што іншыя інфраструктурныя арганізацыі – як тая ж Рада культуры – робяць незаўважную паслядоўную працу, плён ад якой не можа быць бачным на наступны дзень, бо гэта тэхнічна немагчыма. Але гэтая ціхая праца ўплывае на тое, што ўжо пачалі дзейнічаць, напрыклад, вялікія праграмы падтрымкі для беларусаў – дзеячаў культуры і культурніцкіх арганізацый у тым ліку. І на тое, што нашая супольнасць можа даносіць свой голас да самых розных міжнародных структур і ўплываць на прыняцце рашэнняў, датычных нашай будучыні. І ўрэшце на тое, што беларусы – Сіла, з якой мусяць лічыцца ворагі.
Кожны з нас справаздачыцца за свае дзеянні, але значная частка гэтай працы застаецца непублічнай – найперш з меркаванняў бяспекі.
Таму мы сыходзімся ў гэтым галоўным з Офісам Святланы Ціханоўскай, як і з кожным ды кожнай, хто бачыць Беларусь незалежнай еўрапейскай краінай. І мне вельмі імпануе жаданне самой Святланы быць карыснай для беларускай супольнасці. “Чым я магу быць вам карыснай?” – гэтае пытанне яна і задае пастаянна.
Думаючы больш прадметна над тым, што можна зрабіць у сферы культуры ў супрацы з палітычнымі сіламі проста цяпер, я б засяродзіўся на 5 канкрэтных ідэях, каб далей іх прапрацаваць у размовах і дыскусіях разам з усімі зацікаўленымі ў іх рэалізацыі.
Па-першае, украінскі кірунак і перазагрузка адносінаў паміж украінцамі і беларусамі праз культуру. У нас хапае праблемаў і боляў, але пры гэтым ёсць натхняльныя прыклады і гісторыі супрацы падчас вайны і вялікая прастора для сумеснага абмеркавання, думання і супрацы. І мы рыхтуем прапановы, як можна адладзіць адносіны праз дыялог на важныя для нас усіх тэмы і сумесныя праекты.
Па-другое, удзел беларусаў у існых і новых рэсурсных праграмах Еўрапейскага Саюза. Тут важна мець на ўвазе найперш вялікую праграму Agora EU на 2028-2034 гг., якая з’явілася ў выніку аб’яднання дзвюх іншых маштабных еўрапейскіх праграмаў – Creative Europe і CERV+. У яе ўключаныя ўсе краіны Еўропы і Усходняга партнёрства… акрамя Беларусі. Мы мусім падабраць ключы, каб адамкнуць і гэтыя дзверы для беларусаў. Ну і безумоўна важны працяг праграмы ArtPower Belarus і з’яўленне іншых істотных для беларускай культуры праграмаў не толькі з ЕС, але і з Вялікабрытаніяй і ЗША.
Гранічна важна, каб беларусы былі прадстаўленыя на належным узроўні на культурніцкіх падзеях па ўсім свеце. Напрыклад, налета і цягам наступных пяці гадоў у Любліне пачнуцца актыўнасці з нагоды Еўрапейскай сталіцы культуры-2029. Візіт Святланы ў гэты горад і выкарыстанне Любліна як пляцоўкі для дыялогу ў тым ліку на палітычным узроўні – дужа важная справа для Беларусі.
Па-трэцяе, у культурніцкай супольнасці выспявае ідэя двухбаковай праграмы супрацы паміж краінамі ЕС і беларускімі інфраструктурнымі арганізацыямі, якую мы называем “Краінавы патранат”. Кожная з іх магла б быць прысвечаная канкрэтнай сферы культуры і даць штуршок у абмене досведам і рэсурсамі між творцамі і інстытуцыямі. Мы гатовыя распрацаваць канкрэтныя прапановы па асобных краінах, з якімі ў беларускіх дэмакратычных сілаў усталяваліся трывалыя кантакты.
Па-чацвёртае, гэта сумесны ўдзел у распрацоўцы альтэрнатыўных мадэляў фінансавання беларускай грамадзянскай супольнасці. І тут вельмі важная каардынацыя, абмен інфармацыяй і досведам, каб стварыць рэальную працоўную інфраструктуру. Бо ад таго, наколькі актыўна самі людзі будуць падключацца на розных узроўнях да стварэння і развіцця важных нацыянальных праектаў, залежыць будучыня нашай краіны.
Пятую ідэю, датычную працы ўнутры Беларусі, пакіну ў непублічным полі, а пра кожную з чатырох мы яшчэ распавядзем асобна ў спадзеве запусціць сумеснае думанне і працу над гэтымі тэмамі.
