Асноўная беларуская перыёдыка ў Вільні – газэта “Рунь” адзначыла свой 25-гадовы юбілей пераходам у новую форму існаваньня. Падобна іншым медыям у час новых тэхналёгіяў рэдакцыя газэты прыняла рашэньне працягнуць сваю дзейнасьць у электронным варыянце, у інтэрнэце. Гэтак сама, як і наша газэта “Беларус”. Выдаўцы спадзяюцца, што новы фармат дазволіць газэце больш аператыўна рэагаваць на выклікі часу і запрашаюць да супрацоўніцтва.
Трэба адзначыць, што бібліятэка пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне рэгулярна атрымлівала асобнікі газэты і цяпер іх можна там паглядзець, каб пераканацца, што газэта была вельмі зьмястоўным выданьнем, у якім можна знайсьці разнастайныя зьвесткі пра беларускае жыцьцё ў Вільні, у цэлай Літве, як у наш час , так і ў гістарычным асьпекце.
Раім нашым чытачам не пакідаць без увагі газэту “Рунь” і далей наведваць яе старонкі ў інтэрнэце на адрасе: hazetarun.info. Тым больш, што Вільня стала цяпер адным з самых актыўных беларускіх цэнтараў у замежжы.