У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра суворых, справядлівых і звышкампетэнтных людзей. І зараз вельмі гучных. «Для гэтых асобаў усё кепска, усё няправільна, і яны (ці іхныя сябры альбо знаёмыя) ведаюць, як трэба, але хто ж іх будзе слухаць, калі вакол усё куплена ды праплачана, і ўсе ролі раздадзеныя, і ўсё вырашаецца вузкім колам некампэтэнтных асобаў».
Ня ведаю, ці паўсюль так, альбо толькі ў беларусаў, але ты можаш пісаць папулярныя раманы ці вядомыя песьні, можаш быць палітычным ці эканамічным аналітыкам, пісаць маляўнічыя палотны ці проста пакласьці жыцьцё на змаганьне з рэжымам, але заўсёды знойдзецца нехта, хто возьме на сябе сьвятую місію — растлумачыць сьвету, што тое, чым ты займаесься — поўная лухта, і рабіць гэта трэба па-іншаму, а лепей — зусім не рабіць.
Для гэтых асобаў усё кепска, усё няправільна, і яны (ці іхныя сябры альбо знаёмыя) ведаюць, як трэба, але хто ж іх будзе слухаць, калі вакол усё куплена ды праплачана, і ўсе ролі раздадзеныя, і ўсё вырашаецца вузкім колам некампэтэнтных асобаў.
Прычым, да уладаў РБ гэтыя крытыкі асаблівых прэтэнзіяў ня маюць — так, кепскія (як і ўсе), але ў цяперашніх беспрэцэдэнтных рэпрэсіях вінаватыя гора-пратэстоўцы, «неверагодныя», якія хадзілі на пратэсты і гэтым выклікалі хвалю прэсынгу з боку дзяржавы. Не хадзілі б, не крычэлі, не махалі сьцягамі й Пагонямі, дык і жылі б мы ціхамірна, як у якім 15-м, і сымболіку б не забаранілі. І недзяржаўныя аб’яднаньні б не разагналі, хаця іх даўно варта было б і так разагнаць, бо яны займаліся адно грантасмоцтвам і разьмеркаваньнем грошай паміж сваімі сябрамі ды знаёмымі. І нам усім яшчэ пашчасьціла, што Лукашэнку ня скінулі, бо каб да ўлады дарвалася Ціханоўская (ці то, крый Божа, Бабарыка!), дык Беларусь даўно ўжо зрабілася часткай Расеі. А вы як думалі? Па-іншаму? Значыцца вы — проста дурань (дурніца) і не разумееце элемэнтарных рэчаў.
Гэтыя людзі ня маюць спачуваньня да тых, хто ў жахлівых умовах «матляе тэрмін». Адзін знаўца напісаў камэнтар: «Ціханоўскі? Я б яго, наогул, да вышэйшае меры прысудзіў бы, бо ён хацеў здаць нас расеі!».
Гэткія рэзкія, безапэляцыйныя, суворыя людзі. Суворыя і справядлівыя. І звышкампэтэнтныя. У палітыцы, соцыюме, мастацтве, літаратуры, музыцы…
— Вы чытаеце Бахарэвіча? І як вам? Я дык ягоныя творы не ўспрымаю, гэта аўтар зь незаслужана разьдзьмутай папулярнасьцю!
— Слухаеце Вольскага? Спачуваю вам. Па-першае, гэта страшная папса, па другое, вельмі прымітыўная музыка. На тле Sonic Youth дык наогул не чытаецца.
Ці ня так:
— Вось у 80-я быў такі гурт «Белы Крук» — вось то быў сапраўдны рок, а гэта ўсё — так, падробкі. Падробкі і камэрцыя.
— Цікавіцеся, хто будзе ляўрэатам прэміі Гедройця ў гэтым годзе? Вы — сьмешны чалавек, няўжо вы не разумееце, што гэтая прэмія (як і ўсе астатнія, прынамсі, беларускія) створаная вузкім колам бяздарных асобаў, каб яе ўручаць бяздарным асобам з гэтага вузкага кола? Вось я ведаю звышталенавітага пісьменьніка. Ён жыве ў Ёцэвічах і піша раман. Ён чытаў мне ўрыўкі, гэта геніяльна! Дык хіба ж яго дапусьцяць да сваёй харчавалкі-паілкі нашыя «літаратары»? Не! Яны абзайздросьцяцца і заблякуюць яму ўсе шляхі-дарогі.
Цікава тое, што ў Беларусі цяпер амаль зусім адсутнічае хаця б збольшага кампэтэнтная (не хачу выкарыстоўваць слова «прафэсійная») крытыка. Незаўважна зьніклі амаль усе музычныя аглядальнікі-экспэрты-крытыкі, цяжка знайсьці грунтоўны разбор літаратурнага твору, кіно ці спэктаклю…
Зрэшты, палітычна-эканамічныя аглядальнікі пакуль што ёсьць. Але і на іх рэгулярна нападаюць гэтыя — звышкампэтэнтныя ва ўсіх галінах. Як і на ўсіх, хто штосьці робіць.
І як тут не прыгадаць словы крытыка, пра якога пісаў Карэл Чапэк: «Мая задача — растлумачыць пісьменьніку, што ён мусіць пісаць так, як гэта рабіў бы я. Калі б умеў».