Амаль месяц таму з’явілася беларуская краўдфандынгавая платформа Gronka. Што ўяўляе сабой пляцоўка цяпер? Якія яе асаблівасці і якія тэндэнцыі ўжо назіраюцца? Пра гэта і не толькі для racyja.com апавяла прадстаўніца платформы Крысціна Дробыш.
РР: У чым перавага платформы Gronka?
Крысціна Дробыш: Мне здаецца, што шмат перавагаў, яна створаная беларусамі і беларускамі для беларусаў і беларусак. Гэта такі выключна мэтанакіраваны на беларускую аўдыторыю праект, куды вы заходзіце і вы разумееце, што можаце знайсці там выключна беларускія праекты. Альбо, калі вы шукаеце, што падтрымаць сваё – вось яно ў адной кропцы ўсё сабранае і будзе збірацца, я спадзяюся, хутчэйшым часам. Больш за тое, ужо ёсць паспяховыя кейсы збораў.
Зручнасць, простасць карыстання, вельмі зручная верыфікацыя. Платформа на сябе не бярэ верыфікацыю, гэта робіцца праз Страйп, то бок гэта надзейная крыніца верыфікацыі, якой складана не давяраць. Шырокія магчымасці заданаціць, гэта не толькі там картка, гэта можа быць і крыпта ў тым ліку, што не абмяжоўвае нас абсалютна ніяк. Вельмі проста падаць заяўку, мне здаецца, таму што прасцей ужо і не прыдумаць. І проста заданаціць.
Пакуль у нас была прэзентацыя на пікніку “Летуцень”, пакуль мы сядзелі, людзі паспелі заданаціць на той збор, які акурат першым і быў сабраны. Мне падаецца, зручны для карыстання з усіх бакоў, няважна, ты данацер альбо той чалавек, каторы падае заяўку. І тое, што гэта беларускі прадукт.
РР: Які, дарэчы, самы вялікі данат у вас быў?
Крысціна Дробыш: Самы вялікі данат – гэта 500 еўра, і гэта было на альбом “Мандзіка”, каторы хлопцы і дзяўчаты рыхтуюць. А першы збор, гэта мяне проста ўразіла, таму што калі я глядзела на ўсю палітру збораў, думаю, вось цікава чыста так па-чалавечы, які збор збярэцца першы. Таму што платформа толькі стартанула, і было цікава. І для мяне было вельмі нечакана, што гэта будзе падкаст пра космас па-беларуску, то бок гэта для мяне было адлюстраваннем таго, чаго сапраўды бракавала. Вельмі не простага, не чагосьці звыш, а падкаст пра космас. Не тое, што гэта маленькае штосьці, не, гэта дужа цікавае, вузкая досыць тэма, але пры гэтым проста падкаста пра космас па-беларуску выходзіць, што бракавала. Гэта вельмі класна.
РР: Якога яшчэ кшталту ёсць праекты на платформе?
Крысціна Дробыш: Шмат збораў на выданне кніг, гэта і “Граф Монтэ-Крыста” Янушкевіча, напрыклад, і Саша Чарнуха збірае на свой зборнік апавяданняў пад назвай “Гвалт”. Сяргей Доўгашаў збірае таксама, сярод іншага там збірае “Мандзік” на альбом, быў яшчэ сабраны збор на беларускія мясціны ў Грузіі. То бок гэта такі абзор беларускіх мясцінаў у Грузіі. Вельмі розныя, але пакуль што дзевяць актыўных збораў ідзе на сайце, і я спадзяюся, што мы будзем далучацца. Я разумею, што мы першы час, платформа запусцілася ў сярэдзіне ліпеня, і гэта такі час, калі ўсе прамацваюць гэта, як працуе, нясуць часам шалёныя ідэі на заяўку. Але ёсць пэўныя рэчы, каторыя платформа не будзе браць. Калі гэта нейкія зборы на палітвязняў умоўна. Таму што для гэтага ёсць іншыя платформы, дзе гэта ўсё паспяхова робіцца. Гэта хутчэй пра культуру, пра мастацтва, хутчэй пра тое, што мы робім незалежна ад гэтай усёй рэпрэсіўнай гісторыі.
Больш пра платформу можна даведацца на сайце: https://gronka.org/
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: