На беразе затокі Sheepshead Bay паміж Emmons Ave i Shore Blvr знаходзіцца Парк памяці ахвяраў Халакосту (Holocaust Memorial Park). Ён быў заснаваны ў 1985 годзе й стаў першым такім мэмарыялам у Нью-Ёрку. У 1997 годзе мэр гораду Рудольф Джуліяні афіцыйна адкрыў тут помнік ахвярам Халакосту. Зроблены ў выглядзе гранітнай стэлы з сталёвымі прутамі й бронзавым вагнём у якасьці наверша, ён нагадвае ці то маяк, ці то трубу крэматорыя. Наверсе надпіс “Remember — Помните”, унізе вакол стэлы пазначаныя краіны, насельніцтва якіх пацярпела ад Халакосту (у тым ліку й Беларусь), а таксама на адмысловай пліце зьмешчаная гістарычная даведка пра тое, што такое Халакост, шасьці мільёнам ахвяраў якога й прысьвечаны помнік.
Акрамя цэнтральнай стэлы, у парку разьмешчаныя больш за дзьве сотні гранітных плітаў, што нагадваюць паламаныя надмагільлі рознай формы. У 2021 годзе ў часе ўрагану Сэндзі парк моцна пацярпеў, былі зьнішчаныя высокія дрэвы, таму пляцоўкі з каменнымі плітамі давялося пераплянаваць. Цяпер яны знаходзяцца не паміж дрэвамі, а на адкрытых месцах.
Некаторыя камяні-пліты пустыя, іншыя з памятнымі надпісамі, прысьвечанымі як асобным людзям, гэтак і сем’ям, грамадам, супольнасьцям, пацярпелым ад Халакосту, тут жа малітвы й выказваньні розных дзеячаў. Прыкладам, асобныя пліты прысьвечаныя пэдагогу й пісьменьніку Янушу Корчаку або паэту Іцхаку Кацнэльсону, ці швэдзкаму дыплямату Раулю Валенбэргу. Шмат калектыўных шыльдаў зь пералікам двух і болей імёнаў асобаў, часам з розных краінаў або наогул без геаграфічных прывязак. Ёсьць пліты, прысьвечаныя ахвярам канцэнтрацыйных лягераў Аўшвіц, Трэблінка, Майданэк, Дахаў і інш., а таксама габрэям, зьнішчаным у гета розных краінаў. Асобныя помнікі зробленыя ў памяць цыганаў-ромаў, сьведкаў Іеговы, палітвязьняў, асацыяльных асобаў і гомасэксуальнай супольнасьці.
У кнізе Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” зьмешчаная выява памятнага каменя-помніка ахвярам Менскага гета, усталяванага нью-ёрскім габрэйскім Беларускім зямляцтвам. Надпіс тут па-ангельску й па-расейску: “В память о более ста тысяч евреев, уничтоженных нацистами в Минском гетто (Беларусь) в 1941—1943 гг.”. Аднак па-за ім, ёсьць і іншыя пліты, зьвязаныя зь Беларусьсю. Так, адна зь іх прысьвечаная памяці габрэйскай супольнасьці Беларусі й Малдовы. Яшчэ адна “В память о сотнях евреев, зверски расстрелянных нацистами в Логойске, Беларусь. Август 1941 года”. На іншай напісана “Yelsk, Belarus. In memory оf Aron & Riva Grenadier and hundreds of Jewish men, women and children drowned by Nazis in the Pripyat River in Yelsk, Belarus, October 1941”. Асобная пліта зробленая “В память о семьях Эпштейн, Халипских, Соловейчик, Левин, Ригер, Гуревич и тысячах евреев, расстрелянных нацистами в гетто Белыничи, Круглое и Шепелевичи. Беларусь. Декабрь 1941 — июнь 1942”.
На плітах зь пералікамі імёнаў сярод іншых можна знайсьці, прыкладам, Сямёна Рыўкіна са Слуцку, Залмана Карасіка з Бабруйску, Эстэр Левітан са Смалявічаў, Хаіма Залмана-Вольскага з Дамачава й ягоную жонку Лібу зь Берасьця й іншых. Пэрсанальны помнік прысьвечаны славутаму Туўю Бельскаму, аднаму зь ведамых братоў-партызанаў з Налібоцкай пушчы. Між іншага, трое з чатырох братоў Бельскіх, што засталіся жывымі пасьля вайны, жылі й памерлі ў Брукліне.
Шмат у каго са згаданых на памятных камянях не пазначана паходжаньне, таму можна меркаваць, што габрэяў зь Беларусі ўшанавана ў парку значна болей. Агулам мэмарыял зроблены адначасова як месца памяці й як асьветны цэнтар, дзе прадстаўлена багата інфармацыі. У будучыні плянуецца побач з паркам адкрыць Holocaust Education Center.
Дабрацца да парку лёгка ад станцыі Sheepshead Bay лініі цягнікоў В і Q (5 хвілінаў пешкі). Больш інфармацыі пра мэмарыял можна знайсьці на сайце Memorial – Holocaust Memorial Committee (myftpupload.com).