Летась яе літоўская дачка EPAM Sistemos заплаціла ў мясцовую казну 10,4 млн еўра і абышла чэмпіёна многіх папярэдніх гадоў — дата-цэнтр амерыканскага плацежнага сэрвісу Western Union (9,1 млн еўра), распавядае Office Life.
У ліку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў IT-сектара Літвы апынуліся яшчэ некалькі кампаній з беларускімі каранямі. Гэта Wargaming Vilnius (€8,5 млн), Melsoft LT (€4,1 млн) і Gurtam (€2,5 млн).
EPAM Sistemos, Wargaming Vilnius і Melsoft LT, паводле падлікаў Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Мінфіне Літоўскай Рэспублікі, па выніках 2022 года ўвайшлі ў топ-500 найважнейшых падаткаплацельшчыкаў краіны. У ім яны занялі 128-ы, 165-ы і 404-ы радкі адпаведна.
Мінулы год стаў рэкордным па прадстаўніцтве ў рэнкінгу кампаній з беларускімі каранямі.
Больш за ўсё падаткаў заплаціў прыватны трэйдар тэхнічнай солі LIT Salt Trade. Кампанія заняла 126-е месца. Акрамя літоўскага рынку, LIT Salt Trade працуе таксама на рынках Латвіі, Польшчы і Эстоніі.
Таксама ў гэты спіс уключаны вытворца і дыстрыб’ютар оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide (174-е месца і €7,9 млн выплачаных падаткаў) і кампанія Vidar Baltic (225-ы радок і €5,7 млн). Vidar Baltic — гэта рэарганізаваная ў мінулым годзе збытавая структура аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў кармоў ГК «Садружнасць». Раней яна называлася Sodrugestvo Baltija.
У рэгіянальныя рэйтынгі ўвайшлі санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі (€0,6 млн) і металатрэйдар Prekubos namai BMZ-Baltija ў Шаўляі (€1,5 млн).
Нагадаем, што беларуская дыяспара ў Літве друга па колькасці пасля ўкраінскай. Паводле апошніх дадзеных, у гэта краіне зараз пражываюць амаль 50 тысяч беларусаў. Гэта найвышэйшы паказчык за ўвесь перыяд незалежнасці.
Увогуле, паводле дадзеных за другое паўгоддзе 2022 года, агульная колькасць зарэгістраваных і пражываючых у Літве замежнікаў складае 189 411 чалавек. У сярэдзіне мінулага года, паводле звестак на 1 ліпеня, такіх асоб налічвалася 145 118 чалавек.
Таксама зафіксаваны і найбольшы скачок колькасці замежнікаў, якія пражываюць у Літве, на працягу каляндарнага года. У пачатку 2023-га ў Літве пражывала на 89 працэнтаў замежнікаў больш, чым у пачатку 2022-га, калі ў краіне было зарэгістравана 100 184 грамадзяніна іншых краін.
Найбольшая доля замежнікаў у Літве прыпадае на грамадзян Украіны — 94 891. Больш двух трацін з іх прыбылі ў Літву, ратуючыся ад вайны ў сваёй краіне.
Другую па велічыні групу замежнікаў складаюць грамадзяне Беларусі. Іх у Літве зарэгістравана 48 804.
На трэцім месцы знаходзяцца грамадзяне Расіі — іх налічваецца 15 706. Варта адзначыць, што больш за палову такіх грамадзян РФ складаюць расійцы, якія пасяліліся ў Літве некалькі дзясяткаў гадоў таму, то бок задоўга да пачатку ўварвання ва Украіну і ўвядзення розных санкцый супраць агрэсара — Расіі.
Характэрна, што па колькасці выдадзеных дазволаў на пражыванне ў Літве на падставах працы на першым месцы менавіта беларусы — 25 556. Грамадзян Расіі, якія часова пражываюць у Літве на падставе працы, налічваецца на парадак менш — 2 568.