Шлях Макара да беларускай мовы пачаўся яшчэ ў школе з простага пытання: чаму беларусы гавораць па-руску? Хлопец расказаў Budzma.org, як пераходзіў з рускай мовы на беларускую, у чым былі складанасці, а таксама — пра літаратурны блог і кнігі, з якіх варта пачынаць знаёміцца з беларускімі аўтарамі.
«Упершыню ўбачыў беларускамоўнага беларуса на кніжнай выставе»
Макар эміграваў у Варшаву ў пачатку 2022 года. «Было шмат размоваў пра тое, што ў вайну можа ўступіць Беларусь, пра мабілізацыю таксама казалі, таму з’ехаў», — кажа ён.
Раней хлопец ужо спрабаваў з’ехаць з Беларусі ў Польшчу ў 2017 годзе: ён збіраўся вучыцца ў адным з еўрапейскіх ВНУ, але сум па радзіме прымусіў вярнуцца. У выніку Макар паступіў ва ўніверсітэт культуры ў Мінску на маркетолага, але не скончыў яго, бо з’ехаў у Польшчу.
Цяпер ён працуе ў польскай кампаніі, якая займаецца распрацоўкай гульняў.
Размаўляе на беларускай мове Макар адносна нядаўна. Цалкам перайшоў на яе ў 2020 годзе.
«Памятаю сябе маленькім, калі хадзіў у першы клас: тады дарылі на 1 верасня кнігу «Мая краіна — Беларусь». У той момант у мяне ўпершыню ўзнікла пытанне, чаму я беларус, жыву ў Беларусі, а мы ўсе размаўляем па-руску», — узгадвае Макар.
Хлопец расказвае, калі і дзе ўпершыню ў жыцці ўбачыў беларуса, які размаўляў на беларускай мове. Гэта было на кніжным кірмашы, на які ён хадзіў у Мінску з бацькамі.
«Гэта быў мужчына, які прадаваў бчб-сувеніры, тады ж гэта ўсё яшчэ было дазволена, — кажа Макар. — І ён мяне тады так уразіў. Гэта я толькі цяпер разумею, што гэта было як у заапарку: паказваць беларускамоўнага беларуса».
Макар канчаткова зразумеў, што хоча размаўляць на беларускай мове, ва ўніверсітэце, калі адна з выкладчыц сказала, што пасля яе прадмету шмат людзей пераходзіць з рускай на беларускую. Але складаней за ўсё было пачаць, узгадвае хлопец.
«На нейкай тусоўцы з сябрам напіліся. Я яму тады расказаў, што вось мару размаўляць па-беларуску, ён мяне ў гэтым падтрымаў, і я наўпрост на той вечарыне стаў гаварыць. А на наступны дзень прачнуўся і працягнуў», — кажа ён.
Але праз два месяцы Макар саскочыў: яму зусім не хапала слоўнікавага запасу.
«Потым на дзень народзінаў сябар падарыў мне кнігу «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. Я прачытаў, а да гэтага, дарэчы, яшчэ Гары Потэра па-беларуску прачытаў. І неяк ува мне стала іскрыць думка, што вось я пачаў справу і яе не скончыў, як нейкі здраднік», — расказвае ён.
«Пасля мяне ўся мая сям’я стала размаўляць на беларускай»
Макар чытаў кнігі на беларускай мове, каб павялічваць слоўнікавы запас і, нарэшце, цалкам перайсці на беларускую мову.
«Тады прачытаў усе творы Віктара Марціновіча, ён на той момант быў самы папулярны сучасны беларускі пісьменнік, — узгадвае ён. — Потым прачытаў Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», і ўсё — пасля такога чытання стаў нармальна размаўляць па-беларуску.
Дарэчы, калі пераходзіў на беларускую, да мяне адразу падключылася маці. Яна да гэтага, памятаю, калі мы выязджалі за мяжу, заўсёды пераходзіла на беларускую мову з намі, каб сярод замежнікаў адрознівацца. Пасля мяне ўся мая сям’я стала размаўляць на беларускай».
Хлопец адзначае, што ён ніколі не сутыкаўся з хэйтам з-за таго, што ён размаўляе на беларускай мове.
«Памятаю, што адзін раз толькі ва ўніверсітэце выкладчыца папрасіла размаўляць з ёй на рускай мове, бо яна нібыта не вельмі разумела беларускую, спаслалася на тое, што Беларусь — двухмоўная краіна, і таму я нібыта мушу размаўляць па-руску на яе парах. Я пагадзіўся, але потым стаў рэфлексаваць, што калі ў нас двухмоўная краіна, то я магу размаўляць па-беларуску, а яна — па-руску. І працягнуў на беларускай мове з ёй камунікаваць, вырашыў, што не зламае мяне», — расказвае ён.
Лайфхакі, як пачаць размаўляць на беларускай мове
Першую параду Макар запомніў ад свайго ўніверсітэцкага выкладчыка Алега Трусава — лупіце на трасянцы.
«І ў гэтым сэнсе я раю пачынаць чытаць з кнігі «Я прыйду за табой у аўгусце» Камілы Цень, яна напісана на трасянцы, — кажа Макар. — Потым чытайце на беларускай усё, што можаце знайсці. Цяпер ёсць шмат перакладаў — пачынаючы ад «Гары Потэра», «Валадара Пярсцёнкаў» да «Марсіяніна», які нядаўна выйшаў».
Другое — час ад часу глядзець альбо слухаць кантэнт на беларускай мове.
«Цяпер некалькі разоў на тыдзень нешта выходзіць на беларускай мове, тыя ж падкасты, напрыклад, «Белліт». Глядзіце і слухайце. Хаця, па мне, лепей чытаць, гэта дапамагае выбудоўваць менавіта сказы на беларускай мове. Калі пачынаў толькі размаўляць, мог хадзіць цэлы дзень па горадзе і ў размовах з сябрамі казаць толькі два словы — «дзіўна» і «цікава», бо не мог нічога сказаць больш грунтоўнага. А тут трэба практыка.
Калі вас нехта пачынае выпраўляць, — не звяртайце ўвагу. Але я асабіста з такім не сутыкаўся. Неяк глядзеў у тык-току нарэзку відэа, дзе брытанцы і амерыканцы не могуць успомніць няправільныя дзеясловы ў ангельскай мове. Ніхто не размаўляе ідэальна, тым больш, калі вы толькі пачынаеце», — расказвае ён.
«Абіраю папяровую кнігу, электронная — гэта нешта складанае»
Макар прызнаецца, што знаёміўся з беларускай літаратурай з нуля. Са школы ён амаль нічога не памятаў.
«Пачынаў з сучаснай, бо была асацыяцыя, што ўсё класічнае, акрамя Уладзіміра Караткевіча, — гэта пра вайну, вёску і каханне. А такое чытаць не вельмі цікава чалавеку, які ўсё жыццё пражыў у Мінску», — кажа ён.
Першая кніга, якую прачытаў Макар на беларускай мове, — «Ноч» Віктара Марціновіча.
«Спадабалася, засталося адчуванне, што хочацца больш. Пасля прачытаў «Сфагнум» гэтага ж аўтара — застаўся ў захапленні. Потым была яго ж «Мова» — у самае сэрца, бо чытаў гэта яшчэ на хвалі 2020 года. Пасля — «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. І на гэтым ужо стала зразумела, што я буду і надалей чытаць беларускія кнігі, аўтараў», — расказвае ён.
Важнай у знаёмстве Макара з беларускай літаратурай была выкладчыца, якая вяла ў яго ва ўніверсітэце сусветную літаратуру.
«Яна рабіла гэта на рускай мове, але пераклады Шэкспіра чытала на беларускай. Казала, што ён лепш перакладзены на беларускую, чым на рускую. І мяне гэты факт захапіў тады», — тлумачыць ён.
На пытанне, якую кнігу абірае — электронную ці папяровую, Макар адказвае, што толькі апошні варыянт.
«Мне вельмі падабаецца набываць кнігі, сам працэс чытання папяровай кнігі, да кожнай, дарэчы, у мяне свая закладка, — расказвае Макар. — Аўдыякнігі слухаю, таму што я ў цэлым павольна чытаю. Электронная — гэта для мяне нешта складанае, трэба яе набыць, запампаваць, не маё.
У бібліятэкі я не хаджу, бо мне трэба менавіта свая кніга. І ў старасці хачу сваю вялікую бібліятэку, як у Нясвіжы бібліятэка Радзівілаў. Гатовы гэта ўсё перавозіць, тым больш з кватэры на кватэру — гэта проста».
Блог Макара пра беларускую літаратуру і топ кніг, якія апісваюць беларусаў і беларусак
З цягам часу хлопец вырашыў завесці свой блог пра беларускую літаратуру.
«У мяне часта бывае стан, калі я хачу штосьці зрабіць, акрамя працы, запусціць нейкі праект. І такога ўжо шмат было — і падкаст рабіў, і торбачкі шыў, і налепкі ствараў. З’явілася ідэя, што хачу расказваць пра кнігі. Перыядычна ў каментарах называюць мяне крытыкам, але не, мой блог — не крытыка, проста дзялюся сваім меркаваннем. Таксама даволі доўга шукаў, пра што мой інстаграм, шукаў нішу. І неяк глядзеў тык-токі, рылсы пра беларускую літаратуру, падборкі кніг, а там нешта такое вельмі прымітыўнае заўсёды было. Думаў, што нашмат жа больш цікавейшага, сучаснага, таму вырашыў сам расказваць», — тлумачыць ён.
Макар стараецца кожны тыдзень выпускаць па два відэа. Пачынаў свой блог ён з роліка, у якім шчыра расказваў, якія кнігі ён набыў і не прачытаў.
«Неяк у беларускім асяроддзі не прынята казаць пра тое, што не спадабалася, расчаравала, нібыта пра такое можна казаць толькі на кухні, — кажа ён. — Я складаю такія спісы час ад часу ў тым ліку, каб кагосьці заахвоціць паспрабаваць прачытаць, бо ёсць выпадкі, калі пад відэа ў каментарах пісалі, што чалавеку наадварот блізкі сюжэт і яго такая б кніга магла захапіць».
Да некаторых кніг, па меркаванні Макара, перад тым, як чытаць, варта падрыхтавацца.
«Прачытаў «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, рабіў гэта ў два заходы — першую частку прачытаў, а астатнія адклаў надоўга. Памятаю, дачытаў у кавярні ў Варшаве, закрыў кнігу, і ў мяне ў галаве завісла пытанне «што гэта было?». Некалькі дзён спатрэбілася, каб скласці ўсё ў пазл. І я лічу, што з гэтай кнігі не трэба пачынаць знаёміцца з беларускай літаратурай, таму што можа напужацца. Тым больш, што там трэба выкарыстоўваць перакладчык, а людзі ўсё ж не прывыклі да такога», — тлумачыць ён.
Макар называе кнігі з класічнай літаратуры, якія, на яго думку, вельмі добра апісваюць беларусаў і беларусак — «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча.
«У Абдзіраловіча закладзена думка пра тое, што ў Беларусі ёсць свой, трэці шлях, які не з Расіяй і не з Польшчай, увогуле яны пра нацыянальнае адраджэнне, пачуццё годнасці. Вельмі раю іх з класічнай літаратуры. А таксама, ужо не па гэтай тэме, — «Запіскі Самсона Самасуя»», — кажа ён.
Што трэба рабіць, каб беларуская літаратура стала папулярнай сярод беларусаў?
«Калі людзям цікава, — яны пачнаюць галасаваць рублём. Гэта было бачна вельмі добра ў 2020 годзе, калі паліцы Oz.by былі застаўлены беларускай літаратурай.
Цяпер нам трэба даваць максімальна шырокі выбар таго, што можна прачытаць па-беларуску, а другое — як мага больш расказваць пра беларускую літаратуру», — падсумоўвае Макар.