«Дзе мая яблыня?»: мастачкі ў Беларусі вырошчваюць сакрэтнае дрэва

Ілюстрацыя Ліліі Бусаравай

Беларуска-шведская мастачка і куратарка Людміла Хрысцесева ініцыявала праект у развіцці. Сэрца яго — яблыня, таемна пасаджаная ў Беларусі.

«Для сімвалізацыі неабходнага цярпення, надзеі і чакання 1 чэрвеня 2024 года мастачкі пасадзілі яблыню ў сакрэтным месцы ў Беларусі, — расказала Людміла Хрысцесева. — Пасадку гэтага дрэва мы разглядаем як сімвалічнае дзеянне ў сваёй барацьбе з дыктатурай праз творчасць і мастацтва».

А таксама Людміла Хрысцесева звярнулася да беларускай мастачкі Ліліі Бусаравай з ідэяй спячы яблычны пірог па рэцэпце беларускіх зняволеных, і гэта прапанова ператварылася ў яркую гісторыю, пераплеценую з асабістай біяграфіяй Ліліі. У адказ на гэтую прапанову Лілія зрабіла арт-кнігу пра яблыню з уласнага сада. Праект паступова знайшоў водгук у іншых творцаў, аб’яднаўшы беларускіх аўтараў з розных рэгіёнаў. Адгукнуўся ён і ўкраінскім бежанцам, якія ўбачылі адлюстраванне свайго асабістага вопыту ў аповедзе «Мая яблыня».

Паводле кнігі Лілія Бусарава зрабіла і анімацыйны фільм «Мая яблыня за кратамі». У кнізе аўтарка расказвае пра ўлюбёную яблыню, пра родны дом, які не можа наведаць.

«Маленькае каліўца, пасаджанае ў зямлю, гэта падтрымка і палітвязняў, і тых, хто вымушаны быў пакінуць родныя мясціны. І гэта наш сімвал свабоды, таму што тыя творцы, якія засталіся ў Беларусі, па-іншаму выказацца не могуць», — разважае Лілія.

Цяпер мастачка пражывае ў Польшчы, сумуе па роднаму саду, і ў сваёй арт-кнізе перапрацоўвае досвед, звязаны з радзімай, турмой і эміграцыяй.

«Ідэя ў тым, — патлумачыла Лілія reform.news, — што ў нас ніхто не можа адабраць ні нашую любоў, ні нашыя пачуцці. Па сутнасці, мая кніжка найперш пра палітвязняў, пра наш боль. Важна не сядзець склаўшы рукі, а нешта рабіць для іх свабоды.

У кнізе я дзялюся рэцэптам яблычнага пірага маёй бабулі. І гэта вельмі сімвалічны момант, бо яблыкі ў чужой краіне ніколі не будуць такімі духмянымі, як дома, і цяпер у пірагах мне як быццам чагосьці бракуе».

Куратарка праекта Людміла Хрысцесева пацвярджае: «Яблыкі — не з майго саду і не з майго дрэва, таму іх смак ніколі не будзе ранейшым. І мне няма з кім падзяліцца гэтым — мае сябры ў турме. Мая краіна, некалі багатая на культуру, цяпер знаходзіцца ў аблозе. Мой дом, напоўнены сямейнымі гісторыямі, быў забраны. Гэтую пустэчу немагчыма запоўніць».

Людміла Хрысцесева ператварыла звычайны працэс выпякання яблычнага пірага ў акт салідарнасці.

«З набліжэннем восені і пачаткам сезону яблыкаў, а таксама таму, што мая каманда складаецца ў асноўным з украінскіх жанчын, я вырашыла пераплесці нашы гісторыі з тэмамі яблычнага пірага, дома і сям’і. Мая мэта была ў тым, каб дапамагчы маёй камандзе наладзіць сувязі са шведскім грамадствам і завесці новыя сяброўствы. Я задаю простае, але глыбокае пытанне: «Які на смак яблычны пірог, калі яблыкі не з майго саду? Такі ж ён смачны, як дома?»

«Fred» па-шведску азначае «мір». Яблычная інсталяцыя Людмілы Хрысцесевай з украінскімі дзецьмі ў Стакгольме

I як быццам прырода з імі заадно. Сёлета ў Швецыі высокія ўраджаі яблыкаў і беларускія пірагі са шведскіх яблыкаў, выпечаныя ўкраінскімі ўцекачамі, сервіруюцца на важных мерапрыемствах.

Украінскія жанчыны таксама былі натхнёныя магчымасцю падзяліцца сваімі кулінарнымі сакрэтамі і ўнікальнымі рэцэптамі, якія захоўваюцца ў іх сем’ях. Працэс выпякання яблычнага пірага стаў спосабам распавесці асабістыя гісторыі болю і траўмы. Успамінаючы свае любімыя рэцэпты, жанчыны вярталіся думкамі ў мірнае мінулае.

Таня Яхно з Кіева спякла 200 піражкоў са шведскіх яблыкаў для ўкраінскіх дзяцей

На пытанне, чаму менавіта яблыня і яблыкі выбраны ў якасці сімвала салідарнасці, Людміла Хрысцесева адказвае, што яблыні — своеасаблівае адлюстраванне нашага культурнага кода, нешта зразумелае і агульнае для ўсіх нас. «Калі людзі засяляюцца ў новы дом, першым дрэвам у сваім садзе звычайна выбіраюць яблыню. Яблыня становіцца сімвалам хатняй утульнасці, цяпла маміных рук і сямейных традыцый, бо няма дома, дзе не пяклі б яблычны пірог. Яго інгрэдыенты простыя і даступныя кожнаму. Нават калі на стале сціпла, заўсёды можна знайсці яблыкі са сваёй яблыні, жменю мукі, шклянку цукру і некалькі яек. Гэтага дастаткова, каб парадаваць родных і сяброў, аб’яднаць іх за агульным сталом. Яблычны пірог — гэта сімвал яднання і цяпла, праява клопату адзін пра аднаго.

Яблычны пірог, зроблены з простых інгрэдыентаў, нагадвае нам, што і дэмакратыя складаецца з такіх жа простых і зразумелых рэчаў — свабоды слова, правоў чалавека, справядлівасці. Гэты пірог — акт неабыякавасці. Калі ты прапануеш камусьці кавалачак пірага, ты хочаш, каб гэтаму чалавеку стала ўтульней.

Раней мы дзялілі пірог на маленькія кавалачкі, каб усім хапіла, і сёння мы задумваемся пра тое, хто з намі застаўся побач і на колькі частак падзяліць яблычны пірог».

reform.news