
Гэта гісторыя пра тое, як украінцы сабралі ў дарогу беларускіх палітвязьняў. Як прыгатавалі за ноч больш за сто абедаў і як знайшлі для іх сто тэлефонаў і паўэрбанкаў, хоць было няпроста.
«Хворыя жывоцікі»
«Такая замова ў нас упершыню», — кажа «Радыё Свабода» супрацоўніца кавярні «Праект» у Чарнігаве Хрысьціна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).
Яны з паплечнікамі за ноч прыгатавалі больш за сто абедаў у дарогу для вызваленых беларускіх палітвязьняў, якія пераяжджалі з Украіны ў Польшчу і Літву.
13 сьнежня Лукашэнка выпусьціў з турмаў і загадаў вывезьці за межы Беларусі групу палітвязьняў — 123 чалавекі. Некаторыя зь іх сядзелі больш за пяць гадоў. Прынамсі ў часткі нядаўніх вязьняў падарванае здароўе, яны схуднелі за кратамі.
У апошні момант стала вядома, што большасьць вызваленых прывезьлі не ў Літву, як пры ранейшых выправаджэньнях, і не ў суседнюю Польшчу, а ва Ўкраіну, дзе ідзе вайна. Прыняць іх пагадзіўся прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Вызваленых давезьлі да Чарнігава. Яны некалькі дзён жылі ў закрытым памяшканьні, куды не пускалі наведнікаў. Доступ да вызваленых мелі толькі валанцёры. Шараговыя беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, пісалі ў сетках, што забарону візытаў ім тлумачылі небясьпекай для жыцьця былых палізьняволеных.
Былым палітвязням было дзе спаць, што есьці. Яны праходзілі мэдычны агляд. Пра пераезд на тэрыторыю Эўразьвязу дамаўляліся прадстаўнікі некалькіх дзяржаваў.
Выезд з Украіны заплянавалі на ранак 17 сьнежня. Шлях да Варшавы аўтобусам разам з працэдурамі на мяжы заняў прыкладна содні, да Вільні яшчэ больш. Людзям варта было сабраць у дарогу ежу. Аднак час ад’езду з Чарнігава стаў вядомы толькі напярэдадні ўвечары.
«Пра гэта казалі і раней, але было незразумела. Хтосьці казаў, што нельга будзе перадаць ежу, хтосьці казаў, што можна. Я сяджу на нізкім старце. Думаю, дайце мне ўжо зялёнае сьвятло, каб нешта рабіць! Бо напружыць некага столькі працаваць, калі ў выніку будзе нельга (перадаць ежу), таксама так сабе», — тлумачыць у размове з «Радыё Свабода» Маша Анімія, якая працуе ў фондзе дапамогі рэпрэсаваным беларусам BySol, жыве ў Кіеве і дапамагала апошняй групе вызваленых палітвязьняў.

Каля восьмай гадзіны вечара 16 сьнежня яна пачала абзвоньваць кухні Чарнігава. Многія ўжо не працавалі і не адказвалі, кажа Маша. Некаторыя адмаўляліся, бо ім не хапала рэсурсаў, каб пасьпець з замовай. Хтосьці тлумачыў, што ў іх праблемы зь сьвятлом і максымум, што яны могуць, — размарозіць піцу. Падчас вайны Расея зруйнавала многія аб’екты энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. Там рэгулярна адключаюць электрычнасьць на гадзіны.
«А што такое есьці піцу ў дарозе, калі могуць быць хворыя жывоцікі ў кагосьці? Патрэбная нармальная ежа. Я проста ведала, што калі трэба пакарміць людзей, значыць, трэба. Будзем шукаць да апошняга», — разважае Маша.
Так яна перабрала дзевяць установаў. І дазванілася да ашаламляльнай, зь яе словаў, каманды.
«Толькі, калі ласка, прысядзьце. Цяпер будзе не зусім стандартная просьба», — яна вырашыла падрыхтаваць суразмоўцу пасьля многіх адмоваў.
«Гэта людзі, якія нас падтрымлівалі»
«Нам пазванілі 16 сьнежня ўвечары, каля 19:40. І адразу дзяўчына сказала: „Вы толькі мяне, калі ласка, не пасылайце. Але нам трэба 109 порцыяў на шостую ранку. Я знайшла ваш нумар на Glovo (служба дастаўкі ежы. — РС). Ці вы можаце такое прыгатаваць?“ Я спачатку, вядома, думаю: „Мы ня можам. У нас няма такіх запасаў“», — расказвае Свабодзе Хрысьціна з кавярні «Праект».
Потым ейная суразмоўца патлумачыла, што гатаваць трэба ў тым ліку для палітычных вязьняў, якія сядзелі за ахвяраваньні на патрэбы ўкраінскага войска.
«Гэта людзі, якія нас падтрымлівалі, таму я вырашыла, што трэба гэта рабіць… Я разумела, што больш хіба ніхто не пагодзіцца. Падлічылі нашыя рэсурсы і падумалі, што мы можам узяцца, пагатоў гэта важная справа», — працягвае Хрысьціна.

Дапамагчы Хрысьціне вырашылі ейная сяброўка, ейны муж і яшчэ адна супрацоўніца кавярні, апавядае Хрысьціна. Працавалі ўчатырох. Адразу паехалі ў краму і купілі прадукты.
«Добра, што ў нас былі запасы ўпакоўкі, ланч-боксы, каб усё запакаваць», — адзначае яна.
«Можна мы ня будзем фрукты рэзаць?»
Гатаваць пачалі пад поўнач. У выніку атрымаўся комплексны абед: грэчка, катлеты і мяса, салата з капусты і гуркоў.
«Учатырох усю ноч пад музычку гатавалі, каб пасьпець. Мы спадзяваліся, што пасьпеем яшчэ паспаць. Але не — акурат пасьпелі на шостую ранку. Прывезьлі і аддалі гэтую ежу», — расказвае Хрысьціна.
На старонках кавярні ў сацыяльных сетках няма аповеду, як накармілі беларускіх палітвязьняў. Але Хрысьціна кажа, што неўзабаве будзе. Не пасьпелі, бо адсыпаліся пасьля працоўнай ночы.

Задача ўскладнялася тым, што ва Ўкраіне ноччу дзейнічае камэнданцкая гадзіна, калі нельга выходзіць на вуліцу без спэцыяльнага дазволу. У Чарнігаве яна цяпер доўжыцца з поўначы да чацьвёртай ранку. Кухары вырашылі, што правядуць гэты час у кавярні. Звычайна яны начамі не працуюць, заўважае суразмоўца.
Хрысьціна расказала, што цяпер у Чарнігаве часта гучаць паветраныя трывогі, Расея атакуе горад «шахедамі». Сёлета ў чэрвені бесьпілётнік трапіў у жылы дом. Апошні «прылёт» у горадзе быў у канцы кастрычніка, ударыў па прадпрыемстве.
«Нашая кавярня ў паўпадвальным памяшканьні, фактычна мы як сховішча. Вельмі часта пры паветранай трывозе да нас заходзяць госьці, каб перачакаць яе», — расказвае Хрысьціна.
Акрамя комплекснага абеду, Маша папрасіла пакласьці беларусам у дарогу садавіну, дадалі таксама ваду.
«Яны мне сказалі: „У нас ёсьць грушы, яблычкі, але можна мы ня будзем іх рэзаць, а пакладзем цэлымі, бо ў нас няма столькі ўпакоўкі?“ Мяне ледзь на часткі не парвала. Там я ўжо сядзела, плакала. Яблык жа можна і так есьці, а яны так да гэтага паставіліся…» — Маша робіць паўзу на гэтых словах.

Прадстаўніца BySol кажа, што гэта быў максымум ежы, якую яны змаглі зарганізаваць у апошні момант. Яна дапускае, што ў вызваленых палітвязьняў мог быць з сабой яшчэ нейкі сухі паёк. Наколькі яна ведае, ранкам перад выездам яны таксама маглі пасьнедаць.
«Мне трэба сто паўэрбанкаў»
Маша таксама займалася купляй смартфонаў і паўэрбанкаў для вызваленых палітвязьняў. Яна кажа, што некалькі тэлефонаў перадаў полк Каліноўскага. Рэшту тэхнікі набывалі за сродкі ініцыятывы дапамогі былым палітвязьням «Вольныя».
Суразмоўца заўважае, што грошай, каб купіць айфоны, не было. Набылі «міленькія» тэлефоны, зь якіх можна выйсьці ў інтэрнэт, хутка ўсталяваць аплікацыі, з нармальнай фотакамэрай. Гаджэты яна шукала ўжо ў Кіеве. Задача з тэхнікай таксама стала выклікам.
«Колькі б ні было крамаў, ня вельмі проста некуды прыйсьці і ўзяць вялікую колькасьць. Клясна, калі ты маеш час і можаш тры дні пакатацца па крамах і пазьбіраць. А калі часу няма, ты прыяжджаеш у краму і кажаш: „Мне трэба сто паўэрбанкаў“, і ўжо пасьля гэтага цябе ніхто не слухае, бо бедны кансультант пачынае спаўзаць па сьценцы», — апісвае яна.

Маша кажа, што званіла па тэлефоне ў буйныя сеткі крамаў і шукала, дзе ёсьць найбольш прыладаў. Калі б езьдзіла на машыне па Кіеве, то, жартуе, у заторах дачакалася б, пакуль вызваляць усіх беларускіх палітвязьняў. «А калі б паехала на Левы бераг (Дняпра), то вярнулася б толькі сёньня», іранізуе яна. Урэшце знайшла патрэбную колькасьць у адной краме. Брала ўсё, што ёсьць.
«Першая рэакцыя: „А вам аднаго колеру трэба? А ў нас адной мадэлі столькі штук ня будзе“. Я кажу: „Давайце падобныя набіраць“. Мы пакінулі пустыя паліцы ў краме», — кажа суразмоўца.
Пяць гадзін у краме
І тут зьявілася новая праблема. Не атрымлівалася правесьці аплату з рахункаў літоўскага фонду.
«Ня так і проста ва Ўкраіне можна аплаціць такія сумы, проста пікнуўшы карткай», — заўважае прадстаўніца BySol.
Маша ўспамінае, што правяла ў краме пяць гадзін, пакуль яны шукалі выхад. Дапамагала з рашэньнем прадстаўніца ініцыятывы «Вольныя».
«У выніку мы хакнулі гэтую сыстэму. Мы прыдумалі, каб я замовіла гэта ўсё праз інтэрнэт-краму, аформіўшы адразу дастаўку ў фізычную краму. Яны гэта хутка перахапілі ў сваіх сыстэмах. Ужо крама закрылася, ужо ралеты апусьцілі, і ў выніку ў нас усё атрымалася», — успамінае яна.
Усім гэтым займаўся «легендарны прадавец Рынат», як яго называе Маша, з крамы Comfy. Тэхніку выносілі ў скрынях і пакетах. Суразмоўца адзначае, што тары не хапала, каб усё адразу запакаваць.
«Паўэрбанкі вельмі цяжкія, неймаверна цяжкія. Я ніколі ня думала, што гэта можа быць так цяжка. Я не магла адну скрыню адарваць ад зямлі. Тэлефоны лягчэйшыя», — дзеліцца суразмоўца.
Сэрцайкі на боксах зь ежай
Маша мяркуе, што украінцы адгукаліся на ейную просьбу не таму, што проста хацелі зарабіць грошы. Бо тады чалавек можа проста прабіць замову і не выходзіць за межы працоўных абавязкаў, думае яна.
«Калі прадавец цягне непад’ёмныя скрыні ў машыну, дае наказ на дарогу добра даехаць: „Потым адпішыце мне, скажыце, як што прайшло“ — гэта ўжо чалавечае ўключэньне. Калі кухня, нягледзячы на тое, што яны ўсю ноч працавалі, малюе сэрцайкі на боксах зь ежай, — гэта мяне проста размазала. Гэта ня праца, гэта ўключэньне. У межах працы яны маглі сказаць: „Вы тэлефануеце ў восем вечара, мы працуем да дзесяці, потым камэнданцкая гадзіна. До побачення, телебачення!“», — разважае Маша.

Яна дадае, што кавярня не ўзяла дадатковых грошай за пільную працу ўначы, а палічыла абеды за звычайную цану.
«Яны маглі сказаць: „Вы ня можаце прабіць карткай. Вы дзесяць разоў ужо паспрабавалі. Усё, бывайце!“ Але яны прапанавалі мільён варыянтаў. Зараз мы прынясем дзесяць тэрміналаў, будзем праз усе нашыя банкі спрабаваць. Ніводзін не атрымаўся. Значыць, разьбіваем суму. Рынат перапіквае, каб ня ўсё адразу, а па кавалку. Давайце паспрабуем на столькі грошай, на столькі, на столькі… Не атрымліваецца! Давайце думаць», — апісвае Маша доўгія пошукі спосабу заплаціць за тэхніку.
Супрацоўніца фонду BySol кажа, што ні разу не сутыкалася з тым, каб украінцы адмовіліся нешта рабіць для беларусаў праз тое, што яны беларусы.
«Колькі я тут жыву, колькі мы тут робім — пячатка для BySol або нашая чатырохмэтровая качка байсолаўская таксама з Украіны прыехала — я ні разу не сутыкалася з тым, каб нехта мне сказаў, што мы, беларусы, нейкія не такія. Ні разу за ўсе гады! У мільёне камэнтароў пад допісамі, якія я пісала, беларусы кажуць „дзякуй“, украінцы кажуць „дзякуй“. Непаразуменьня ці хэйту няма», — падкрэсьлівае Маша Анімія.
