Ігар Станкевіч – дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі ў Варшаве. Зараз ён пачынае вывучаць справы рэпрэсаваных з архіваў КДБ Беларусі. У пачатку 90-х гадоў дакументы апынуліся ў адным з архіваў польскай сталіцы. Гэта каля 1000 спраў. Racyja.com пацікавіліся, што гэта за дакументы і як яны апынуліся ў Польшчы.
РР: У Вас з’явілася магчымасць па вывучэнні архіваў спецслужбаў БССР. Што гэта за дакументы і ў якім стане захоўваюцца?
Ігар Станкевіч: Гэта копіі дакументаў КДБ ад пачатку 90-х гадоў зрабіў польскі бок і перавёз з цэнтральнага архіву КДБ сюды, у архіў “Акт новых”. Гэта дакументы, якія тычацца сталінскіх, нават камуністычных рэпрэсій, скажам шырэй, з дваццатых гадоў па сорак другі. І гэтыя дакументы тычацца рэпрэсіяў супраць польскай меншасці, якая жыла на тэрыторыі Беларусі і, магчыма, жыхароў памежных раёнаў і ваколіцаў Менску.
РР: Як удалося палякам забраць копіі гэтых дакументаў?
Ігар Станкевіч: Мне падаецца, што паколькі гэта быў пачатак 90-ых гадоў, тады была вялікая хваля дэкамунізацыі, адкрыцця архіваў, шмат казалі пра рэпрэсіі. І вось, магчыма, нейкая група польскіх даследчыкаў дайшла да гэтых дакументаў, што сёння немагчыма, зрабіла копіі і перавезла іх сюды, у Варшаву.
РР: Якая тэма з гэтых дакументаў вас асабліва зацікавіла?
Ігар Станкевіч: Пакуль я не вывучаў увесь масіў дакументаў, бо гэта амаль тысяча спраў, і яны налічваюць, у залежнасці ад таго, ці гэта індывідуальная, ці групавая справа, ад некалькі дзясяткаў ці некалькі сотняў старонак.
Прагледзеў некалькі дзясяткаў спраў, па-першае, чым яны цікавыя і карысныя – гэта тое, што значная частка з іх утрымлівае ўвесь набор працэсуальных дакументаў, якія тады меліся ў НКВД І ГПУ. Там не схаваныя прозвішчы трэціх асобаў, якія сёння хавае архіў КДБ, і самае галоўнае – там, магчыма, утрымліваюцца прозвішчы тых катаў, што катавалі, забівалі людзей, якія былі ні ў чым не вінаватыя.
РР: І даносчыкаў у тым ліку там павінны быць прозвішчы?
Ігар Станкевіч: Так, магчыма, і даносчыкаў. І гэта вельмі карысна, таму што сёння архіў КДБ старанна хавае гэтыя прозвішчы. Калі ты атрымліваеш дакументы на сваіх сваякоў, то бачна, што прозвішчы катаў яны заціраюць.
РР: Бо, можа, гэта іх бацькі, дзяды, сваякі і г.д.?
Ігар Станкевіч: Так, проста такім чынам яны паказваюць пераемнасць той сістэмы з сённяшняй. Таму што яны сёння таксама хаваюць твары і ўчыняюць рэпрэсіі фактычна ананімна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Аліна Андрыевіч, racyja.com