Створаная Беларуская незалежная кінаакадэмія. Яе абвесцяць на Берлінскім міжнародным кінафестывалі

17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю будзе прэзентавана новая арганізацыя беларускай кінематаграфічнай супольнасці — Беларуская незалежная кінаакадэмія. Яе ўтварэнне ўжо падтрымала адна з буйных інстытуцый Еўропы — Еўрапейская кінаакадэмія.

Арганізацыя мяркуе ўзяць на сябе задачу прасоўваць інтарэсы незалежных кінатворцаў у тым ліку на міжнародных пляцоўках. Ідэя стварыць аб’яднанне нарадзілася пасля пачатку вайны ва Украіне: тады больш за 130 беларускіх фільммэйкераў падпісалі калектыўны стэйтмэнт з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Салідарнасць кінематаграфічнай супольнасці, дзе кожны ўсё яшчэ выступаў перад выклікамі паасобку, падштурхнула да стварэння інстытуцыі, якая зможа выступаць ад імя незалежных беларускіх кінааўтараў адным голасам.

«Пасля падпісання ліста нашая салідарнасць стала пашырацца, і мы падумалі, што ў нас павінна быць кінаакадэмія — аб’яднанне прафесійных творцаў, якія разам прымаюць рашэнні і разам стаяць за сябе. Падобныя кінаакадэміі ў Еўропе існуюць не адзін дзясятак гадоў і дзякуючы ім мы больш ведаем пра кіно іх краінаў. Нашая задача, каб мы лепш ведалі адно аднаго і разам з тым, каб свет ведаў пра нас», — кажуць сябры ініцыятыўнай групы, што заснавала кінаакадэмію. 

У ініцыятыўную групу ўваходзяць рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Цяпер кінаакадэмія прымае сябраў.

Аб’яднанне створанае, улічваючы досвед кінаакадэміяў іншых еўрапейскіх краінаў, і ўжо атрымала падтрымку Еўрапейскай кінаакадэміі.

«Мы лічым стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі вельмі своечасовым і неабходным. Еўрапейская кінаакадэмія імкнецца спрыяць далейшай інтэграцыі незалежнага беларускага кіно ў агульнаеўрапейскую кінасупольнасць. Нашым беларускім сябрам патрэбная нашая падтрымка ў Еўропе: мы дапаможам наладзіць кантакты з еўрапейскімі кінаінстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі. Неўзабаве мы прывітаем Беларускую незалежную кінаакадэмію ў якасці новага сябра Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэміяў», — кажа генеральны дырэктар і дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйc Ваўтэр Кноль.

Новае аб’яднанне павінна паспрыяць таму, каб голасам беларускай кінасупольнасці былі менавіта незалежныя кінематаграфісты. Кінаакадэмія такім чынам складае альтэрнатыву кінааб’яднанням ад афіцыйнага боку і мяркуе мэтанакіравана лабіяваць беларускі незалежны кінематограф, пашыраць яго магчымасці, а таксама прасоўваць свабоду ад цэнзуры ды дзяржаўнага ціску. 

Афіцыйна арганізацыю прэзентуюць 17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю — у Producers & Projects Hub на галоўнай пляцоўцы EFM Martin Gropius Bau. Тут жа будуць прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў. На Еўрапейскім фільммаркеце, у гатэлі Marriott, таксама будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, да якога далучыцца Леанід Каліценя як прадстаўнік Беларускай сеткі фільммэйкераў.

budzma.org