Ён стаяў ля вытокаў першых венчурных фондаў у Беларусі, кіраваў інавацыйным фондам і менавіта яго ўдзелам суправаджаліся самыя знакавыя інвестыцыйныя праекты краіны. Цяпер Дзмітрый Калінін жыве і працуе ў Польшчы. У Варшаве ён адкрыў кансалтынгавую кампанію Kalinin.agency, працуе як венчурны прадзюсар, ментар і стартап-эдвайзер. «Але ўсе гэтыя новамодныя словы аб’ядноўвае адно, – кажа наш суразмоўца, – я дапамагаю беларускім стартапам шукаць фінансаванне і развіваць іх праекты».
Пра новыя бізнес-магчымасці, польскую інавацыйную экасістэму і лепшыя беларускія стартапы з Дзмітрыем Калініным паразмаўляла Аліна Крамко.
– Дзмітрый, «дзе ўзяць грошы?» або «як іх зарабіць?» Да вас лепш з якім пытаннем звяртацца?
– А мне цікава працаваць з кожным гэтым запытам. І ўсё ж часцей прыходзяць людзі, якія ўжо ведаюць, як зарабляюцца грошы. А мая задача – падказаць ім, дзе гэтыя грошы знайсці.
– Пасля рэлакейту ў Варшаву вы адразу зразумелі, чым тут было б цікава займацца?
– У Беларусі мне пашчасціла запускаць першы венчурны фонд і ўзначальваць некалькі знакавых праектаў. Былі пэўныя навыкі і кампетэнцыі, якія не хацелася губляць. Я прыехаў у Польшчу і тыдні праз паўтара ўжо пачаў шукаць беларусаў, з якімі я раней працаваў. Венчурная тусоўка Варшавы зараз віруе, сфера беларускай стартап-індустрыі вельмі жывая. Такое адчуванне, што ўсе самыя актыўня і бадзёрыя тут.
– Як вас змяніла Варшава?
– Рэлакацыя прымусіла быць адкрытым і праактыўным. Я быў экспертам у беларускай інавацыйнай экасістэме, а тут усё стала новым. Аказалася, што ў Польшчы непараўнальна больш магчымасцей, вялікая колькасць грантавых праграм. Штогод іх каля 100! Гэта тая опцыя, якую беларускія стартапы яшчэ не выкарыстоўваюць, яна ім малазнаёмая. Дарэчы, сумесна з Сафіяй Драбышэўскай мы стварылі супольнасць WeStart. Яна яднае інвестараў, экспертаў і прадпрымальнікаў, якія шукаюць фінансаванне ў Польшчы і ЕС. Беларускім стартапам мы дапамагаем знаходзіць грантавыя конкурсы, перапакоўваць і суправаджаць іх прадукт і ў выніку атрымліваць фінансаванне.
– Летась беларусы адкрылі ў Польшчы амаль у 4 разы больш фірм, чым у 2020-м годзе. Таксама яны ўсё часцей выбіраюць Польшчу для працы і бізнесу. У вас ёсць адказ, чаму?
– Польшча – гэта найлепшае месца для беларускага стратапа. Калі параўноўваць беларускую і польскую экасістэмы, то ў Беларусі можна налічыць паўтара венчурных фонда, а ў Польшчы іх каля 200. І я заўсёды кажу: калі мы ў Беларусі стваралі цуды, то ўявіце, што можна зрабіць тут!
– Пасля 24 лютага для беларускіх прадпрымальнікаў штосьці змянілася?
– Увесну беларускія заяўкі на гранты альбо замарожваліся, альбо грантадаўцы цягнулі з іх разглядам. Цяпер сітуацыя выправілася. Мы бачым, што нашыя заяўкі ўспрымаюцца.
– Ёсць беларускія стартапы, якія ўжо стрэлілі ў Польшчы?
– Трэба разумець, што вельмі шмат прадпрымальнікаў прайшлі нялёгкі шлях рэлакацыі і адаптацыі. Па шчырасці, на слыху яшчэ няма такіх вось суперкейсаў з нуля. Але ёсць параснік, ён узыходзіць, і гэта будзе не лакальная гісторыя. Гэта будуць беларускія стартапы з сусветнымі перспектывамі.
– Напрыклад?
– Мне вельмі падабаецца праект CleverPoint. Ён выкарыстоўвае VR-тэхналогіі і праз гейміфікацыю здымае фізіялагічныя паказчыкі чалавека. У выніку мы атрымліваем характарыстыку псіхатыпу. Гэта можна выкарыстоўваць, напрыклад, у найманні супрацоўніка. Або ў працы з персаналам: будзе магчымасць дыягназаваць на ранняй стадыі выгаранне чалавека і гэтак далей.
Ёсць праект We#AR і ён звязаны з выкарыстаннем дапоўненай рэальнасці ў сферы анлайн-прымервання адзення. Сэнс у тым, што на экране смартфона тканіна будзе паўтараць свае фізічныя ўласцівасці. Напрыклад, ваша шаўкоўвая сукенка будзе так жа прыгожа лунаць, як і ў рэальным жыцці. Так што выбіраць рэчы анлайн стане яшчэ прасцей.
– Дзмітрый, для стартапа любы час – спрыяльны?
– Ёсць жа выраз, што найлепшы час для пачатку бізнесу – гэта ўчора. Наступны найлепшы час – гэта сёння. У любым выпадку, трэба пачынаць. Хаця цяпер не самы спрыяльны час. На венчурным рынку заўважаецца інвестыцыйны голад. За мінулы год у сусветнай эканоміцы назапасілася звыш 500 мільярдаў долараў неінвеставаных грошай. І яшчэ мінімум 2-3 гады інвестары буду чакаць лепшых часоў. Без гэтай фінансавай апоры стартапам будзе даволі цяжка развівацца. Таму мы і прапанавалі нашым беларускім прадпрымальнікам альтэрнатыву – пераход да грантавага фінансавання, якое значна больш даступнае для стартапаў. Як кажуць, з цытрыны заўсёды можна зрабіць ліманад, галоўнае – не баяцца.
– А найлепшая інвестыцыя ўвогуле ў жыцці – яна якая?
– У кожнага на гэта свой адказ. Але мне падаецца, што чалавек народжаны для таго, каб самарэалізавацца. Хтосьці з нас добры бацька, хтосьці – бізнесмэн ці мастак. Галоўнае – знайсці сваё і інвеставаць у сферу, для якой ты створаны.
– Вам зараз цікава працаваць?
– Мне вельмі прыемна жыць у гэты дзіўны час – няпросты, але з вялікім магчымасцямі, вялікай колькасцю актыўных зараджаных людзей. У Варшаве я назіраю, як яны нібыта нараджаюцца наноў, скідаюць сваю старую абалонку. Назіраць за гэтым неверагодна цікава.
Размову з Дзмітрыем Калініным слухайце ў плэеры ніжэй.