Цяжкая дарога дадому

“Нават у дзяржаўных СМІ ўжо агучваецца думка, што надышла пара спыніць пакаранні за ўдзел у пратэстах, што трэба даць многім беларусам магчымасць не скітацца па свеце, а вярнуцца на Радзіму.

З іншага боку, актыўна абмяркоўваюцца і чуткі, што той ці іншы чалавек вяртаўся, а яму нават не далі дадому даехаць — затрымалі на мяжы. Ці праўда гэта? Ці ёсць нейкая афіцыйная інфармацыя на гэты конт?”

Аляксей Сямашка.

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо афіцыйна паведаміў, што ў 2022 годзе пры спробе ўехаць у Беларусь былі затрыманы 52 чалавекі, якія мелі «прыкметы датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці». Так што гэта не чуткі.

Але колькасць затрыманых пасля вяртання ў краіну відавочна большая, бо не ўсіх арыштоўваюць на мяжы, некаторым дазваляюць даехаць дадому. І блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы перыядычна паведамляюць пра такія затрыманні.

Хто ж гэтыя “экстрэмісты”? Вось літаральна некалькі прыкладаў.

У сярэдзіне снежня ў Мінску затрымалі сям’ю фатографаў, якая вярнулася дадому на лячэнне – Варвару і Паўла Мядзведзевых.

Па даных прапагандысцкіх крыніц, сям’я два гады жыла за мяжой, а пасля вяртання ў Беларусь іх затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года, дзейнасць «у складзе дыяспар» і негатыўныя каментары ў інтэрнэце.

Спачатку мужа і жонку асудзілі на адміністрацыйны арышт. Але Варвара пасля “сутак” на волю так і не выйшла – супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Напрыканцы студзеня з тэлеграм-канала сілавікоў стала вядома, што затрымалі 40-гадовую мінчанку Наталлю Ілліч, якая вярнулася з-за мяжы. Яна маці дваіх дзяцей, некалі працавала бухгалтарам у сферы грузаперавозак. Жанчыну затрымалі за тое, што яна ў 2020 годзе нібыта пакідала паведамленні ў дваровых чатах.

Жыхара Брэста Рыгора Васількова затрымалі 19 кастрычніка 2022 года на вакзале, калі ён вяртаўся з працы. З лістапада 2020 года па сакавік 2022 года ён жыў ва Украіне. Але вайна прымусіла вярнуцца ў Беларусь. На яго завялі крымінальную справу за ўдзел у акцыі пратэсту ў Брэсце, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. Рыгора ўжо паспелі і асудзіць — на год пазбаўлення волі.

Ці такія ўжо гэта “злачынствы”, каб праз два гады арыштоўваць і караць людзей за тое, што выйшаў на праезную частку ці пакінуў у чаце эмацыйны каментарый?.. Але вось жа!

Трэба, аднак, прызнаць, што тым, хто вырашыць вяртацца ў гэтым годзе, генеральны пракурор Андрэй Швед прапанаваў алгарытм дзеянняў, згодна з якім напачатку трэба будзе звярнуцца ў спецыяльна створаную камісію, якую ён узначальвае. Пакуль, праўда, на сайце Генеральнай пракуратуры няма ніякай інфармацыі наконт таго, куды канкрэтна могуць звяртацца тыя, хто вырашыць вярнуцца. Хаця Андрэй Швед запэўніваў, што можна будзе накіраваць як электронны, так і пісьмовы зварот і атрымаць грунтоўны адказ.

Гэта азначае, што склад камісіі яшчэ не сфарміраваны. Як абяцана, ў яе ўвойдуць “прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса, службовыя асобы дзяржаўных органаў».

Тым часам

З Беларусі з’язджаюць нават тыя палітвязні, якія ўжо адбылі тэрмін зняволення.

Так, днямі стала вядома, што пакінуў краіну вядомы блогер з Брэстчыны Аляксандр Кабанаў. Ён быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. Напачатку адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, а потым быў пераведзены ў Магілёўскую турму, з якой выйшаў у снежні мінулага года, цалкам адбыўшы тэрмін зняволення.

Ігар Марозаў, nv-online.info