Беларуска-брытанскі тэатральны рэжысёр і акцёр Уладзімір Шчэрбань, вядомы апошнім часам як стваральнік сотняў па-майстэрску зробленых арт-рэплік, анасаваў працяг свайго нашумелага праекта «The Art life Project». Гэтым разам тэатральны дзеяч і актывіст плануе пераўвасобіць творы беларускіх незалежных мастакоў, а гэтаксама зрабіць арт-рэплікі карцін са збору Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, піша reform.by.
Мастацкі дырэктар HUNCHtheatre лічыць, што стварэнне арт-рэплік — гэта спраўднае мастацтва. «Унікальнае спалучэнне жывапісу, тэатра, фатаграфіі і ілюзіі», — падкрэслівае рэжысёр.
Уладзімір Шчэрбань захапіўся гэтым незвычайным хобі ў час пандэміі, калі на паўзу была паўстаўлена дзейнасць яго тэатра. Лічы, дзеля жарту, рэжысёр пачаў ствараць арт-рэплікі на творы мастацтва, далучыўшыся да адмысловай групы ў сацсетках, пакуль… Пакуль захапленне нечакана не перарасло ў паўнавартасны праект з колам сваёй публікі ды, можна сказаць, гледачоў. Пры тым, што рэжысёр рабіў пераўвасабленні вядомых карцін і скульптур з дапамогай падручных сродкаў, а гэтаксама на старую тэхніку. Але справа, вядома, у іншым — у шчырым захапленні і адданасці ідэі стварэння цэлага свету ў адной рэпліцы-фатаграфіі.
Як вынік — за тры гады беларуска-брытанскі аўтар зрабіў больш за сто арт-рэплік, звярнуўшы на сваю дзейнасці ўвагу не толькі тысячы аматараў мастацтва, а прафесіяналаў і музеяў. Скажам, яго майстэрства і выдумку адзначыў вядомы французскі ілюстратар Жэрар Дзюбуа, не засталася абыякавай да творчасці акцёра Сью Цілі, любімая мадэль мастака Люсьена Фрэйда. Падтрымка многіх і многіх людзей заахвоціла рэжысёра працягнуць праект.
Сёлета Уладзімір Шчэрбань запланаваў два новыя цыклы.
«Я хачу пазнаёміць [публіку] з творчасцю незалежных беларускіх мастакоў: як тых майстроў, якія адбыліся, так і тых, хто пачынае», — падзяліўся ён у сацсетках.
Ды гэтаксама тэатральны дзеч хоча прадставіць гледачам творы — «візуальныя перліны» — з Беларускай бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лондане.
«Кожны этап стварэння арт-рэплікі стане ўнікальным і выйдзе за межы выявы як такой. Я хачу дзеля пераўвасаблення запрашаць цікавых людзей са ўсяго свету, у працэсе рабіць з імі — па магчымасці, з мастакамі, скульптарамі — інтэрв’ю», — паведаміў пра пашырэнне фармату творца.
Каб планы сталі рэальнасцю, спадар Уладзімір звярнуўся да дапамогу да публікі. Акцёру неабходны сродкі на набыццё новага камп’ютара з праграмай па працы з выявамі і відэа, мікрафон. Аўтар самастойна ўжо набыў новую лепшую камеру.
«Я буду вельмі ўдзячны за любы ўнёсак у гэты вельмі важны для мяне праект, і гарантую рэгулярна знаёміць вас з цікавымі людзьмі, і, канечне, працягну радаваць новымі арт-рэплікамі на творы мастацтва, у якіх заключаны вельмі важны, бясцэнны досвед чалавецтва, — звярнуўся да свойго гледача Уладзімір Шчэрбань. — Менавіта мастацтва выратуе свет — праверана на асабістым досведзе», — зазначыў ён.
Сачыць за «тэатрам у мастацтве» беларускага аўтара можна тут і тут.
Падтрымаць праект тут.