Ці не рана здымаць мастацкія фільмы пра пратэсты ў Беларусі? Чаму менавіта гісторыя Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша натхніла рэжысёрку Мару Тамковіч? Колькі выдуманага і колькі праўды ў вобразах галоўных герояў стужкі «Пад шэрым небам? Якую сцэну з фільма найбольш часта цытуюць у замежных рэцэнзіях? Пра гэта распавяла рэжысёрка фільма «Пад шэрым небам» Мара Тамковіч падчас дыскусіі, якая адбылася пасля паказу фільма на фестывалі «Паўночнае ззянне»ў Варшаве.
Фільм «Пад шэрым небам» — мастацкі, але створаны па матывах рэальных падзей: затрыманне журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай і аператаркі Дар’і Чульцовай пасля стрыму з Плошчы Перамен (двор на вуліцы Чарвякова ў Мінску) 15 лістапада 2020 г., суд над дзяўчатамі, зняволенне.
Мы назіраем развіццё адносінаў гераіні Лены і яе мужа Іллі, прататыпамі якіх сталі Кацярына Андрэева з мужам Ігарам Ільяшом: Лена за кратамі і праз адвакатку, а таксама падчас нешматлікіх сустрэч угаворвае мужа з’ехаць з Беларусі. У цэнтры сюжэта — эмоцыі Іллі. Фільм сканчваецца ў момант агучвання другога прысуду гераіні — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі за дзяржаўную здраду. На жаль, мы ўжо ведаем, што пазней затрымаюць і прататып галоўнага героя — аб тым, што журналіст Ігар Ільяш знаходзіцца за кратамі, стала вядома сёлета 22 кастрычніка.
Стужка «Пад шэрым небам» знятая ў Польшчы. «Фармальна гэта польскі фільм, — адзначыў мадэратар дыскусіі Ігар Сукманаў. — Я думаю, што ў гісторыю сучаснага беларускага кінамастацтва ён увойдзе як першы мастацкі фільм аб пратэстах у Беларусі, што пачаліся ў жніўні 2020 года».
Пра што размаўлялі падчас абмеркавання стужкі? Запісалі самыя цікавыя пытанні і адказы Мары Тамковіч.
— Чаму з усіх падзей 2020 г. для экранізацыі выбрана менавіта гісторыя Кацярыны і Ігара?
— Гэта гісторыя журналістаў. Я звязаная з журналістыкай праз уласную сямейную гісторыю — мой тата быў незалежным журналістам (гаворка пра Аляксандра Тамковіча — рэд.), праз маю прафесійную гісторыю — я працавала журналісткай для «Еўрарадыё» і для «Белсата», для якіх працавалі Каця з Ігарам, таму гэта той погляд на пратэсты, які я найбольш разумею і адчуваю. Стартавым пунктам да фільма «Пад шэрым небам» быў кароткі метр «У жывым эфіры», які паказваў менавіта працу журналістак Каці Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас пратэстаў. Мой муж быў выдаўцом, які арганізоўваў працэс вяшчання, гэта адбывалася са мной побач.
Для мяне «Пад шэрым небам» — гэта не фільм пра пратэсты. Гэта фільм перадусім пра людзей, пра каханне, пра адносіны, пра павагу, пра надзею, пра прыняцце пэўных рэчаў, пра ўсведамленне коштаў пэўных рэчаў. Менавіта чалавек у кантэксце вялікай палітычнай падзеі быў для мяне найбольш цікавы.
— Чаму фільм мае менавіта такую назву?
— Спачатку была працоўная назва «Восем гадоў і тры месяцы». Проста трэба было прыдумаць нейкую назву, каб падаць заяўку на фінансаванне. Мне яна не падабалася, бо гэта тэрмін, які паводле двух прысудаў мусіла адсядзець Каця, і такая назва ў пэўным сэнсе раскрывала фінал для незаангажаваных людзей. А галоўнае, што назва вельмі не падабалася Каці: яна падумала, што калі мы так назавем фільм, то яна столькі і адсядзіць. У апошнія дні здымак стала зразумела, што назву трэба мяняць цяпер. Яна выйшла з радка песні: «Я нарадзіўся тут, у краіне пад шэрым небам…» Тады фільм «Восем гадоў і тры месяцы» ператварыўся ў «У краіне пад шэрым небам». Мінуў пэўны час, я адкрыла часопіс Zwierciadło, у якім выйшаў матэрыял пра здымкі кіно, і пабачыла там «Pod szarym niebem».
— Чаму ты адмаўляешся ад моцных эмацыйных акордаў у карціне? Няма музыкі, акрамя песні «Я нарадзіўся тут»…
— Парадаксальна ў маім разуменні адсутнасць тыповых кінасродкаў, як музыка, якія падкрэсліваюць эмоцыі, якія дапамагаюць пэўныя рэчы адчуваць, у выпадку гэтага фільма працуе адваротна: яна забірае нам камфорт думкі, што гэта толькі кіно. Здымае дыстанцыю між прыдуманым светам, з якім мы дачыняемся ў кінатэатры, і рэчаіснасцю, якая ў гэтым свеце паказаная. Я таксама перакананая, што гледачы ў стане адчуваць гэты фільм, і разумець яго, і ведаць свае эмоцыі без дадатковых падказак з майго боку.
— Цікава, як гэта — здымаць мастацкі фільм пра людзей, якія яшчэ жывыя, маюць свой характар, свае асабістыя рысы? Як гэта суаднесці з так званай licencia poetica? Напрыклад, калі мы кажам пра Касцюшку, то вядома, што маем на ўвазе нейкія свае ўяўленні пра яго. Якая прапорцыя праўды і выдумкі ў вобразах галоўных герояў твайго фільма?
— Перадусім не было мэты стварыць біяграфічныя партрэты канкрэтных людзей. І менавіта таму свядома выкарыстоўваецца фармулёўка «натхнёны рэальнымі падзеямі» (фільм — рэд.), героі маюць іншыя імёны, каб збудаваць гэтую дыстанцыю.
Першай часткай працэсу (стварэння фільма — рэд.) была спроба зразумець сапраўдных людзей, тое, як яны перажылі пэўныя падзеі. Збудаваць сабе такую журналісцкую храналогію — як было, што было, чаму такі выбар, а не іншы, як на гэта глядзяць цяпер, з перспектывы часу.
Другой часткай працэсу было зразумець, пра што я хачу распавесці ў гэтым фільме, штосьці змяніць, штосьці скараціць, штосьці прыбраць, штосьці дадаць і стварыць такіх герояў, якія будуць найбольш адпавядаць мэце фільма, а не жывым постацям. І мы размаўлялі пра гэта з Ігарам, што мэтай ёсць перадаць пэўную эмоцыю. У маім адчуванні галоўная гераіня больш інтравертычная, чым Каця. І людзі, якія Кацю ведаюць, кажуць: «Ну, яна ж такая, не зусім такая». Я разумею. Але ў маім адчуванні лепш спрацоўвае менш гераічная постаць, менш рашучая. З ёй прасцей збудаваць кантакт.
— Чым ты кіравалася, адбіраючы актораў на галоўныя ролі?
— Энергетычнай адпаведнасцю персанажам. Не было мэты знайсці актораў, якія будуць вонкава падобныя да персанажаў. Той, хто ведае Ігара Ільяша, зразумее, што актор Валянцін Навапольскі да яго зусім не падобны.
— Я маю пытанне наконт мовы персанажаў: у жыцці яны размаўляюць па-руску, а потым у эфіры «Белсата» кажуць добра пастаўленай беларускай. Калі мэтай фільма было паказаць эмоцыю, то якую ролю ў гэтым адыгрывае руская мова персанажаў?
— Выбар мовы ў гэтым выпадку тэхнічны: акторы, якія граюць галоўныя ролі, не валодаюць беларускай. Яны былі ў стане засвоіць яе на некалькі вельмі кароткіх сцэнаў, але былі не ў стане адыграць цэлы фільм па-беларуску. Быў зроблены выбар захаваць прысутнасць беларускай мовы ў фільме, але ўсё ж такі не ставіць актораў у вельмі эмацыйным фільме ў сітуацыю сталага дыскамфорту грання на мове, якой яны проста не валодаюць, а літоўскі актор Валянцін Навапольскі, які грае Іллю, нават не да канца разумее. Мяне цешыць, што гэтага не чуваць, таму што мы ўклалі вялікую працу ў тое, каб беларуская мова актораў, якія па-беларуску не размаўляюць, гучала без акцэнту.
— Некаторыя дэталі ў фільме, кшталту трох майткоў, якія надзявае гераіня, прымусілі ўзгадаць рэчаіснасць 2020 г. Можа быць, трэба патлумачыць для гледачоў-палякаў, што жанчыны, ідучы на пратэсты, надзявалі дадатковую бялізну, каб з ёй лягчэй ператрываць магчымае зняволенне.
— Наконт сцэны з майткамі цікава, што ў меркаваннях беларусаў паўтараецца думка, што гэта нешта, што трэба растлумачыць замежнікам. А гэта найбольш цытаваная сцэна ў замежных рэцэнзіях, у англа-, італамоўных. Людзі маюць пэўную сатысфакцыю, што яны ў стане расшыфраваць гэта самі, без тлумачэння. І трэба верыць у свайго гледача.
— У традыцыі польскага «кіно маральнага неспакою» яно робіцца тут і цяпер. Але ёсць і меркаванне, што яшчэ рана здымаць мастацкія фільмы на тэму, якая яшчэ выклікае шмат у каго моцныя эмоцыі. Што б ты адказала на гэта?
— Мяне заўжды непакояць размовы пра тое, калі што трэба здымаць, ці можна ўжо, ці нельга. А дзе тая камісія, якая будзе вырашаць, што ўжо можна? Гэты фільм паўстаў з глыбокай маёй патрэбы, каб ён паўстаў цяпер. Так, цяпер, у момант, калі Каця сядзіць, калі таксама сядзіць Ігар. Я лічу, што пра гэта трэба казаць цяпер. Я маю патрэбу казаць пра гэта цяпер. І мне падаецца, што людзі маюць патрэбу глядзець гэта цяпер таксама. Не бачу нагоды адкладаць гэтыя перажыванні на калі-небудзь пасля.
Прагучала таксама пытанне, ці выхад фільма менавіта цяпер не зашкодзіць прататыпам галоўных герояў, Кацярыне Андрэевай і Ігару Ільяшу, якія знаходзяцца за кратамі. Мара Тамковіч адказала, што зняволеныя журналісты хацелі, каб фільм выйшаў, і каб пра сітуацыю ў Беларусі ведалі ў свеце.
Стужка перамагла ў намінацыі «Рэжысёрскі дэбют» фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні. Яе прэм’ера адбылася на фестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку. 23 лістапада адбудзецца паказ на фестывалі «Бульбамуві» ў Варшаве.