Валянціна Андрэева: «Хацелася б, каб выдавецкая сфера не выглядала групай прадпрымальнікаў, а была структурай з задачамі і амбіцыямі нацыянальнага маштабу»

Галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher — пра чытанне ў эміграцыі, чаму штучны інтэлект не заменіць жывых аўтараў і мову, якую трэба пагладзіць, як котку.

«Салідарнасць» працягвае сумесны праект з Беларускай Радай культуры, у якім разам з экспертамі абмяркоўвае, чым жыве беларуская культура сёння па абодва бакі мяжы, а таксама ці ёсць святло ў канцы тунэлю.

Сёння суразмоўца gazetaby.com — Валянціна Андрэева, галоўная рэдактарка еўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher, а прадмет гаворкі — кнігі.

Ці да чытання беларусам у эміграцыі, што і для каго выдаецца, ці лёгка захоўваць сувязі з Беларуссю, як заахвоціць дзяцей чытаць і ці заменіць штучны інтэлект жывых аўтараў?

Усе фота дадзеныя суразмоўцай

«Не фіксацыя на нашых траўмах, а жыццё ў яго дробязях, і ўменне ўсміхнуцца ў кожны момант»

Пасля 2020 года беларуская культура шмат што страціла, і кніжная галіна — не выключэнне. Але набыткаў тут, падаецца, болей. Так, у краіне фактычна не засталося незалежных выдавецтваў — але ў замежжы многія аднавілі працу. Да таго ж паўсталі новыя выдавецтвы, кнігарні, бібліятэкі, фестывалі — кніжны рух зрабіўся сапраўднай з’явай, а кніга — важнай часткай беларускай ідэнтычнасці.

— Як гэта ўдалося, і ці выпадкова немалая частка беларускіх выдавецтваў паўстала ў Польшчы?

— Гэта працэсы натуральныя. З аднаго боку, мноства актыўных людзей былі выціснутыя з Беларусі — хоць у спрыяльных, добрых умовах яны шмат чаго маглі зрабіць, і ўсплёск беларускай кніжнай актыўнасці, думаю, быў бы ўнутры краіны. А з другога, абурэнне сітуацыяй сублімавалася, пераўтварылася ў нястрымную энергію.

Так раней і 2006 год стаў штуршком для актыўнасці: калі паглядзець гады нараджэння многіх знакамітых цяпер ініцыятыў, то яны акурат паўсталі пасля Плошчы-2006. Вось і 2020 год вызваліў энергію нязгоды з нясправядлівасцю і даў сілы рабіць яшчэ больш, эфектыўней, цікавей. І гэта абсалютна нармальна, гэтага можна было чакаць.

Таксама  натуральна, што большасць ініцыятыў з’явіліся ў Польшчы. Перадусім тут трэба падзякаваць палякам, якія вельмі хутка зрэагавалі на нашу сітуацыю і далі досыць спрыяльныя ўмовы, пусцілі нас на рынак працы з гуманітарнымі візамі/статусам уцекача, што вельмі дапамагло і нам, і прынесла эканамічную выгаду палякам.

— Падаецца, усяго год таму з’явілася Gutenberg Publisher, адным з першых прадуктаў, калі не памыляюся, стаў пазл «Бітва пад Воршай» — а сёння на сайце вочы разбягаюцца: кнігі, гульні, налепкі, мапы, падарункі.

Што карыстаецца найбольшым попытам, а якія навінкі, мажліва, на падыходзе?

— Самая папулярнае — гульня Ганны Шымановіч і Даны Мігуновай «Я ніколі не…», фактычна, яе наклад ужо скончыўся. І мала што ён скончыўся ў нас — поспех заўважылі нават у Беларусі, мы ведаем, што Oz.by зрабіў рэпліку гэтай гульні.

Зразумела, тут не ідзе гаворка пра аўтарскія правы, бо ідэя вядомая і яны проста стварылі новую версію — але нешта мне падказвае, каб не была гульня такой паспяховай, мо і не ўзяліся б за яе выпуск у Беларусі.

Мяркую, гэта паказвае патрэбу беларусаў, па-першае, у ідэнтыфікацыі сябе беларусамі, а па-другое, у гумары і лёгкасці. Не фіксацыя на нашых траўмах, не бясконцая барацьба, а жыццё ў яго дробязях, і ўменне ўсміхнуцца ў кожны момант.

Выдавецтва, дадае галоўная рэдактарка, мае ўжо амаль 30 тытулаў кніг, цягам восені запланавана здаць у друк яшчэ 9 найменняў.

З найбольш чаканых навінак — «Чырвоны крыж» Сашы Філіпенкі (на сайце выдавецтва ўжо можна рабіць перадзамовы). Таксама ідзе актыўная праца над дзіцячымі кнігамі.

— Вось-вось пойдуць у друк першыя кніжкі серыі для самастойнага чытання дзяцей-беларусаў, якія пачалі чытаць на замежнай мове, хто ў 2021-2024 пайшоў у першы клас у Польшчы, Літве, у Грузіі ці Штатах. Бо кірыліца для іх можа быць складанай, і правільныя націскі, дый само чытанне на роднай мове можа не прыносіць таго задавальнення, як нам, бацькам, хацелася б.

Беларуская мова — тая нітачка, якая звязвае нас усіх у адну вялікую супольнасць, дазваляе адчуваць сябе «сваімі», прыналежнымі да нейкай групы ў гэтым свеце, і мы хацелі б таго ж для нашых дзяцей. Але і кірыліца мусіць быць для іх зразумелай, не «белым шумам», як яе ўспрымаюць людзі ў краінах з іншай сістэмай пісьма.

І раз мы можам, раз беларуская мова ляжыць у нас побач, на канапе, яе трэба толькі ўзяць і пагладзіць, як коціка, каб яна стала роднай — то варта гэтым скарыстацца.

У дзіцячай серыі, распавядае «Салідарнасці» спадарыня Валянціна, тры ўзроўні складанасці, у залежнасці ад таго, наколькі дзіця прызвычаілася ўжо да чытання.

Выдавецтва таксама набыло адмысловы шрыфт, які палягчае чытанне (ён быў распрацаваны для дыслексікаў), а ў дадатак да тэкстаў ідуць налепкі, розныя заахвочвальныя стымулы — каб дзіця пачало чытаць не пад прымусам, а па любові, ганарылася поспехамі і набывала ўпэўненасць ва ўласных сілах.

— Усё, што тычыцца беларускай мовы, для мяне павінна быць адначасова звязана са свабодным выбарам. Я не прымушаю ні дзяцей, ні калег і сяброў гаварыць на беларускай — бо калі будзе прымус, не свабодны выбар, гэта не мае ніякай каштоўнасці.

— Ведаю, што выдавецтва ладзіць таксама літаратурныя лекцыі і сустрэчы — наколькі запатрабаваны такі фармат у беларусаў замежжа, і ці толькі яны прыходзяць на сустрэчы?

— Акрама гутарак і лекцый, цяпер мы таксама пачалі праводзіць майстар-класы. Прастора ў нас невялікая, яна не можа прыняць болей за 15 чалавек, інакш будзе ўжо няўтульна. Але акурат невялікая камфортная група людзей збіраецца заўжды.

І насамрэч гэта не толькі беларусы — часам украінцы і нават палякі. Але беларусы заўсёды вядуць рэй. То бок, гэта відавочна беларускае мерапрыемства, з акцэнтам на беларусаў, але цікавае і людзям іншых нацыянальнасцяў.

Звычайна ў нас няма моўнага бар’еру, як правіла, усім камфортна — а мы трымаемся свайго і вітаем кожнага, хто далучаецца.

«Было б добра, калі б кнігі — гэта было пра канкурэнцыю»

— Летась у адным з інтэрв’ю вы казалі, што стараецеся захоўваць асабістыя кантакты з беларусамі ўнутры краіны і прыцягваць іх да працы, каб захоўваць адзіную інтэлектуальную прастору, не падзяляць на «тых, хто з’ехаў» і «тых, хто застаўся». Але за год сітуацыя з рэпрэсіямі ўскладнілася — ці атрымліваецца гэта цяпер?

— Мала таго, што ёсць рэпрэсіі і пераслед, яшчэ ёсць звычайныя бізнес-працэсы. Мы не можам сабе дазволіць нейкія «шэрыя» схемы, падвойную бухгалтэрыю. А для нас важна плаціць людзям за іх працу, прынамсі, ставім такую мэту. І сам працэс аплаты — вялікі выклік: складанасці з дакументацыяй, рызыка падставіць пад удар чалавека, які ў Беларусі і не хацеў бы, каб хтосьці ведаў, што ў яго ёсць прыбыткі з-за мяжы, бо невядома, як гэта могуць трактаваць.

З іншага боку, калі не ўказваць падатковае рэзідэнцтва чалавека, якому мы плацім (у выпадку з беларусамі гэта так), падатак складае 20% ад сумы ганарару. Мяркую, кожны разумее, што гэта немалы адсотак, пры тым што і самі ганарары — не сотні тысяч еўра ці даляраў. Здавалася б, дробязь,  але яна ўжо ставіць значны бар’ер у супрацы з беларусамі.

Тым не менш, мы імкнёмся да таго, каб працягваць супрацу, не падзяляць беларусаў на «тых» і «гэтых». Спадзяёмся, якраз у дзіцячай серыі будуць публікавацца і аўтары з Беларусі, магчыма пад псеўданімам, і гэта дасць ім магчымасць творчай самарэалізацыі.

Дарэчы, плануем таксама і дарослую серыю кніг, дзе маглі б публікавацца аўтары з Беларусі — можа, тое, што раней выходзіла ў краіне надта малымі накладамі і не паспела ўвайсці ў грамадскую інтэлектуальную прастору. Крок за крокам рушым у гэтым кірунку.

— Ці ўзаемадзейнічаеце вы з іншымі беларускімі выдавецтвамі ў замежжы, альбо кнігі — усё ж пра канкурэнцыю, не пра талаку?

— Было б добра, калі б кнігі — гэта было пра канкурэнцыю, каб у нас быў рынак і было што дзяліць. Але няма. Наш чытач — у тым ліку нашы аўтары і калегі, мы чытаем кнігі адно аднаго. Канешне, ёсць супраца, сяброўства і ўзаемападтрымка, за якую я вельмі ўдзячная старэйшым калегам.

Аднак я б хацела скарыстацца магчымасцю і, умоўна кажучы, устаць на крэселка і сказаць: трэба яднацца. Добра, што мы стварыліся як аўтаномныя адзінкі, што маем асабістыя сувязі для ўзаемападтрымкі. Але як арганізмы ўскладняліся, так і нашы структуры мусяць.

У прыватнасці, я б вельмі хацела, каб стварылася Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў, якая выпрацавала б нейкія стратэгіі камунікацыі са знешнімі партнёрамі, прадстаўнікамі іншых краін, культурных інстытуцый гэтых краін. Каб наша выдавецкая сфера не выглядала групай індывідуальных прадпрымальнікаў, а была структурай з задачамі і амбіцыямі нацыянальнага маштабу.

— Задачка, канешне, з зорачкай. Але ж прыемна, што ёсць, каму яднацца: беларусы ўжо маюць выдавецтвы, якія працуюць з паэзіяй (Строцаў), з аўдыякнігамі (Litaralna), жаночае (Пфляўмбаум), «белліт без цэнзуры» (Мяне няма), Янушкевіч, GutenbergPublisher, Скарына Press, Сzabor… Гэтага дастаткова, ці пэўныя кірункі яшчэ не ахопленыя?

— Так, ёсць слаба ахопленыя кірункі — кажу прынамсі пра навуковую літаратуру. Мы шмат страцілі ад таго, што не працуе выдавецтва Arche. Гэта вельмі ёмістая праца, якая патрабуе шмат высілкаў, шмат грошай, часу — і тым не меней, трэба, каб такое выдавецтва з’явілася, мо пры нейкай інстытуцыі, і пачало выдаваць навуковыя кнігі.

Мала выдаваць (бо можна сабрацца добрай камандай і зладзіць self-publishing, дзякуй богу, цяпер хапае магчымасцяў), яшчэ распаўсюджваць. Гэта тое, чаго моцна нестае: кнігагандлярчай структуры. Такога вялікага кніжнага складу, які б меў камунікацыю з усімі выдаўцамі і мог бы пастаўляць беларускія кнігі па ўсім свеце цэнтралізавана.

Аднак усё ўпіраецца ў грошы, бо такое прадпрыемства патрабуе большых інвестыцый, чым ініцыятыва выдання адной-дзвюх кніжак. І таксама ў асобу — ініцыятыўнага чалавека, які ўзяў бы на сябе такую адказнасць.

Мне самой вельмі цікава, я змагаюся з жаданнем ствараць кніжны склад, бо тады давядзецца выбраць: альбо я займаюся лагістыкай кніжных патокаў, альбо выдаю кніжкі — адначасова гэта рабіць немагчыма.

— Некаторыя кнігі GutenbergPublisher пазначаныя адмысловым знакам NoAIContentInside— «створана без штучнага інтэлекту». Гэта прынцыповая пазіцыя? Мо, ШІ і не зашкодзіў бы ў распаўсюдзе беларускіх кніг і перакладаў?

— Калі вы набываеце рукавічкі хэнд-мэйд, звязаныя нейкай бабуляй, а не на фабрыцы — ці гэта прынцыповая пазіцыя? Не, канешне. Проста вы цэніце, што яны створаныя рукамі чалавека. А яшчэ больш прыемна, калі вы ведаеце гэтага чалавека альбо нейкую яго гісторыю, ці ён сімпатычны сваімі поглядамі.

Таму No AI Content Inside — толькі пазнака. Напамін, што мы людзі, і ў кожнага з нас ёсць хваробы, дзеці, праца, безграшоўе, перапоўнены трамвай. І тым не менш, мы сядаем і пішам кнігу, альбо малюем да яе ілюстрацыію.

Канешне, гэты знак навырост, бо ў беларускай літаратуры няма такой праблемы, якая ўжо напаткала англамоўную: на тым жа Amazon безліч кніг, створаных цалкам АІ. Яны пустыя, зробленыя дзеля грошай.

Беларуская мова з гэтым яшчэ не сутыкнулася. Але мы людзі свету і ўжо не прывязаныя толькі да сваёй праблемы, нават дзіўна, што такі знак не прыдумалі да нас.

Дарэчы, у працы наогул мы скарыстоўваем АІ, напрыклад, у вокладцы кнігі Вашынгтона Ірвінга «Сонная лагчына». Важна падкрэсліць, што і тут дызайнеру давялося папрацаваць, даючы заданне штучнаму інтэлекту, каб часнок не быў большы за гарбуз і г.д. То бок, гэта робіцца не на шчаўчок пальцамі, гэта таксама праца, проста іншага кшталту.

«Папяровая кніга ў эміграцыі — адназначна раскоша»

— Калісьці, Мінкультуры з гонарам казала, Беларусь уваходзілі ў лік самых чытаючых краін прынамсі ў СНД. Цяпер, калі меркаваць па  стасунках з чытачамі, наведнікамі кніжных кірмашоў: ці масава чытаюць беларусы ў эміграцыі? Папяровая кніга — раскоша ці паўсядзённасць?

— Папяровая кніга ў эміграцыі — адназначна раскоша. Ёсць, канешне, група людзей, якія прызналі паразу ў гэтым змаганні, паддаюцца сваёй любові да кніг і набываюць усё тое, што хочацца, на кожным новым месцы маючы бібліятэчку. Іх няшмат, але пры тым яны вельмі заўважныя.

Бо  чытаючыя людзі сталі больш гуртавацца (магчыма, дзякуючы 2020 году, а магчыма, гэта шырэйшы працэс, не звязаны з нашымі падзеямі —нават у TikTok ёсць BookTok, дзе дзеці чытаюць і абмяркоўваюць кніжкі, а ў  ЗША, як я чула, новы рэнесанс бібліятэк).

Такія заўзятыя чытачы — самыя нашы любімыя і дарагія людзі. Але ж вельмі многа і тых беларусаў, каму ў эміграцыі зусім не да чытання: «усё складана, дазволіць сабе набываць кніжкі не магу, тут бы выжыць».

Таму рэальны ўзровень чытання ў параўнанні з тым, які быў дома, у  Беларусі, наўрад ці вырас. Хіба адбылося пераразмеркаванне ў бок беларускамоўнай літаратуры, бо многія маюць патрэбу адчуць сябе беларусамі або прынамсі адчуць вайб беларускамоўных кніг.

— Хочацца вярнуцца да таго, з чаго пачыналі гутарку: беларуская кніга за чатыры гады, безумоўна, стала з’явай, якая аб’ядноўвае нас у замежжы, незалежна ад краіны пражывання.

Кнігі, кірмашы, фэсты, творчыя прэміі — іх вельмі многа, і гэта цешыць, але той, хто толькі далучаецца да беларускага, можа разгубіцца. Якія вы б назвалі самыя яркія кніжныя падзеі, да чаго  варта спрычыніцца беларусам і замежнікам, хто хоча чытаць беларускае?

— Складанае пытанне, насамрэч. Шмат што залежыць ад таго, дзе вы знаходзіцеся і які фармат абіраеце, што больш даспадобы.

На мой погляд, агульнанацыянальнай і шматнаселенай з’явай  мог бы быць фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Не ведаю, ці палохае азначэнне «інтэлектуальная», і людзі думаюць, можа, гэта не для мяне, не такі ўжо інтэлектуал. Але папраўдзе, калі вы задумаліся пра кнігу — варта звярнуць увагу на PRADMOVA, бо менавіта там робіцца падсумаванне ўсёй кніжнай сферы за год.

Варта паглядзець на YouTube нейкія стрымы, далучыцца налета (нават  сёлета яшчэ можна трапіць на фестываль у Варшаве і Познані), прыйсці, каб пабачыць нажыва аўтараў, выдаўцоў, паглядзець, хто гэтыя людзі і чым яны жывуць. А яны падкажуць і параяць кнігі, што могуць адказаць на вашы ўнутраныя патрэбы.

І другое, што хачу назваць — усіх запрашаю ўлетку на Picnic Letucien у Кракаве. Гэта тое мерапрыемства, на якое варта прыехаць з любога канца свету. Найлепшы беларускі фестываль, які ўвогуле дзе-небудзь калі-небудзь я бачыла ці чула. Як Burning Man у Амерыцы, куды варта паехаць хоць раз у жыцці.

Тут вы сустрэнеце і музыкаў, і кніжнікаў, і прадстаўнікоў гастранамічнай сферы — усіх на свеце, і ў нашым парку імя Ёрдана вам будзе вельмі камфортна і цікава.

Паўліна Бярозавік, gazetaby.com