Купалавец Ігар Сігаў распавёў «Салідарнасці» пра сённяшні тупік, што з яго выцягвае, любоў і перспектывы беларусаў.
— Ігар, 6 год таму, напярэдадні вашага 50-годдзя, вы расказвалі мне ў кавярні Купалаўскага пра свой не самы лепшы перыяд у жыцці, калі перажылі інфаркт, праблемы з другой сям’ёй, калі збеглі ад яе на хутар з любімым сабакам. Тады, у 2018-м, здавалася, што ў жыцці наступіў…
— Злом?
— Так. Ці то тупік. Але ж мінула 6 год, жудасныя падзеі 2020-га, якія перажылі беларусы, а вы перанеслі яшчэ і анкалогію. Зараз вы па-за межамі Радзімы, жывяце ў Варшаве, без магчымасці вярнуцца. Ці можаце параўноўваць сённяшні і тыя перажытыя «тупікі»?
— Насамрэч тупіка ў 2018-м не было, здарылася пераасэнсаванне жыцця. Тады была апатыя да ўсяго: да прафесіі, стасункаў, жыцця наогул. Нічога не хацелася: ні жыць, ні есці.
Але потым каля мяне з’явілася цяперашняя жонка, і жыццё стала наладжвацца. Яна пачала выцягваць мяне з гэтага ўмоўнага тупіка.
У 2020-м таксама быў не тупік. Проста я, як і шмат беларусаў, павінен быў зрабіць свой выбар. Жыць моўчкі далей, альбо быць з народам і нешта змяніць, бо далей так ужо было немагчыма. Выбар для мяне быў адназначны.
Я не шкадую і таму не лічу, что гэта тупік. Лепш застацца сумленным чалавекам, каб мець магчымасць глядзець у вочы сабе і іншым людзям.
— Але ж вы і ў 2021-м працягвалі працаваць у расейскім кіно?
— Так, пару разоў здымаўся ў расейскіх серыялах у 2021-м. У Беларусі тады была забарона на працу. Альбо падпісвай праўладны ліст у падтрымку Лукашэнкі і кайся-выбачайся.
Аднойчы ў мяне была агучка фільма, ў якім здымаўся. Агучвалі на беларускай мове, і мяне папрасілі агучыць самога сябе, але папярэдзілі што ганарар пералічаць не наўпрост, а праз іншага чалавека.
Потым быў час, калі я працаваў у Менску кіроўцам, вазіў трансфер «Менск — Вільня». Пасля пачатку вайны, я ўвогуле адмовіўся ад любых расейскіх прапаноў здымацца ў іх праектах.
«Адзінае, мне здавалася, што ў 55 гэта будзе складана, але не»
— Пра тое, што зараз ваш «тупік» не такі, які атрымаўся ў Беларусі, я зразумела, калі Алег Гарбуз распавёў, што вы ці не адзіны, у каго эміграцыя атрымалася без працяглай дэпрэсіі. Таму, што побач жонка, якая моцна падтрымлівае.
— Гэта немалаважна, калі побач чалавек, які з табой на адным баку. Мая жонка, канешне, малайчына, тут няма чаго больш казаць.
Але туга па Радзіме, безумоўна, застаецца. Мне хочацца наведаць родных, з’ездзіць на могілкі да бацькоў. Бо калі мы з’яжджалі, то разумелі, што зараз такі час, калі трэба жыць далей і змагацца.
Мо такое ўражанне, што нам усё легка даецца, але ж не. Мы таксама, як і многія, адразу пачалі шукаць працу: і я, і жонка. Апроч тэатра, зразумела. Тут з гэтым было складана, каб знайсці нешта па прафесіі.
Насамрэч усё гэта цяжка, але калі ўвесь чась думаць – «Бляха! Як гэта цяжка ў эміграцыі. Я тут — ніхто, а там быў хтосьці…» – і гэта няпраўда. Я тут, насамрэч, па-першае — чалавек.
Жонка працуе па 12-16 гадзін, я таксама шмат. Лёгкасць у тым, што Польшча дае магчымасць не сядзець склаўшы рукі і не плакацца. Варшава дае багаты выбар, калі ты насамрэч хочаш жыць. Проста трэба браць і рабіць. Адзінае, мне здавалася, што ў 55 гэта будзе складана, але не (смяецца).
Самае складанае зараз зразумець, што тое, пра што мы марылі, не адбылося праз год ці нават праз чатыры.
Людзі стамляюцца. Я называю гэта — губляць веру, што ўсё будзе добра. Але рана ці позна ўсё сканчаецца: і дрэннае, і добрае.
Найбольш складана тым, хто прайшоў праз катаванні і Акрэсціна, гвалты і турмы. Вось ім трэба дапамагаць, што мы і робім з жонкай, па сілах. Таксама знаходзім нейкі сэнс у нашым «сёння»: так, эміграцыя, але трэба жыць, рухацца, штосьці рабіць. А проста сесці, ўтупіцца ў сцяну і плакацца — гэта нікога не ўратуе.
— У тэорыі ўсё так. Але ж у 2010-м вы былі на цырымоніі «Оскар», і вы ж заслужаны актор…
— Так, разумею аб чым вы. І зноў жа ў нас з Купалаўцамі адбываюцца спектаклі. Дужа складана выйсці на польскі рынак. Але магчымасць ёсць.
Ну і так, ездзіў я на «Оскар». А зараз працую таксістам, граю спектаклі, якія ёсць.
Мы з жонкай проста зразумелі, што трэба прыстасоўвацца да гэтага і настройваць сябе на доўгі шлях. Бо шмат хто думаў, што «ну вось-вось зараз і таму не будзем раскладаць валізку». І так ужо колькі год. Мы разгрузілі свае валізкі праз паўгады пасля пераезду, сказалі сабе: «Будзем жыць тут і набірацца сіл, каб змагацца далей».
Дзякуй Богу, што ў мяне ёсць мая Лера. Спадзяюся, што ёй пашчасціла, што ў яе ёсць я. Таму мы неяк трымаемся адзін аднаго. Ну і яшчэ дапамагаюць сабакі нашы, якія не даюць нам дужа сумаваць.
Зараз з намі мой Арчы, які падтрымліваў мяне яшчэ на беларускім хутары ў 2018-м і Лерына аўчарка Ася, ўкраінка (усьміхаецца). Катоў, на жаль, забраць з сабой з Беларусі ўжо не атрымалася.
«У мяне ўсё гэта было і да 2020-га, я прайшоў праз гэта»
— Праца таксоўцы адцягвае ад тугі, успамінаў: а вось тое было, а зараз няма. Што было — тое было. Я ніводнай секунды не пашкадаваў, што зрабіў такі выбар у 2020-м. Нават калі арыштавалі хату, і зрабілі так, што мяне быццам бы ніколі не было ў тэатры беларускай драматургіі.
Разумею, што гэта ўсё часова. Але ж насамрэч у мяне ўсё гэта было і да 2020-га, я прайшоў праз гэта. І як бы ўлады не хацелі знішчыць мяне з культурнага прасвету Беларусі, у іх усё адно не атрымалася.
— Дагэтуль працягваюць затрымліваць актораў РТБД, якія мо і не былі вашымі калегамі тады…
— Не, чаму, я іх ведаю, працавалі пры мне. Для мяне тое, што адбываецца, зразумела. Я ведаў, што так і будзе. Яшчэ тады.
— Чаму?
— Таму што, відаць, доўга жыву (усьміхаецца). І праходзіў не раз гэтыя сітуацыі з выбарамі. І ў 2010-м, і далей, і сам адчуваў недзе: «Ну што ж, мы ж ратуем тэатр!»
Але ўсё гэта падман. Я не асуджаю, проста сам прайшоў праз такое і зразумеў, што гэта не выхад, што яно ўсё адно дагоніць, так ці інакш. І яно даганяе.
Таму для мяне сённяшнія затрыманні актораў былі не навіной. Думаю, што гэта яшчэ і не канец, рэпрэсіі будуць і далей. Ён жа не супакоіцца.
— Да вас, як да дырэктара РТБД, прыходзілі яшчэ ў 2014-м, казалі накшталт «а што вы тут такое робіце?»
— Так, я сутыкнуўся непасрэдна з гэтай сістэмай яшчэ ў 2014-м. Таму для мяне было ўсё зразумела яшчэ тады.
2020-ы быў як агульны вынік таго, што адбывалася шмат год да яго. Жыццё развіваецца па спіралі, але колы усё шырэйшыя. Усё цыклічна. Напачатку чапляла малае кола людзей, потым большае.
— Як колы па вадзе?
— Так, калі ён толькі стаў прэзідэнтам, у 1994-м, кола людзей, якія супрацьстаялі, было невялікае. Потым беларусы зразумелі, кола пашырылася. А ў 2020-м атрымалася вялікае кола людзей, якое ён вымушаны быў проста задушыць.
Але будзе і яшчэ кола. Апошняе кола, ведаеце, як ператвараецца ўжо ў велізарнае мора. Не думаю, што гэта атрымаецца адразу пасля чарговых так званых «выбараў прэзыдэнта», але ў Беларусі абавязкова будзе вясна.
«Улада баіцца і працягвае запужваць беларусаў»
— Ігар, не магу не спытаць, бо ў гэтыя дні, у тым ліку ў вашым родным Полацку, прайшла чарговая хваля затрыманняў.
— Яны хочуць запалохаць людзей перад выбарамі, у тым ліку для прафілактыкі. Негледзячы на тое, што беларусы ўсё зразумелі пра гэтую ўладу яшчэ ў 2020-м.
Але ж улада баіцца сама. Ён баіцца нават тых, хто побач, нават сваіх сілавікоў, у яго манія пераследу, таму і ператасоўвае іх увесь час. Свой ілюзорны «спакой» у Беларусі ён утрымоўвае толькі сілай: амонам і міліцыянтамі. Яго «дажынкі», карцінкі і прапаганда працуюць толькі ад страха.
Лукашэнка, можа, і хацеў бы неяк адкруціць назад, і каб яму зноў радасна крычалі «Бацька!» Але ж разумее, што зараз гэта магчыма толькі пад дзікім прымусам.
— Яшчэ ў 2018-м, разважаючы пра жаданні, вы казалі, што хочаце, каб быў мір: «У мяне шмат сяброў у Расіі і Украіне, мы маем зносіны і разумеем, што гэтыя войны патрэбны кучцы людзей, якая не можа нешта падзяліць. А асноўная частка народа пакутуе».
— Я казаў гэта пра 2014-ты. І зараз хочацца, каб гэта ўсё хутчэй скончылася, зразумела, перамогай Украіны з усімі яе тэрыторыямі.
Тэрыторыі Украіны нельга аддаваць Расеі. Я супраць, хаця і не ўкраінец. Але я разумею, што гэта няправільна. Калі Ўкраіна пераможа, прасцей будзе дыхацца і беларусам.
Ці дапаможа ў гэтым Трамп? Ня ведаю, ён для мяне яшчэ тая малпа з гранатаю. І ў які бок яго кіне, ніхто не ведае. Але ж хочацца верыць, што Трамп дапаможа Украіне спыніць гэтую вайну менавіта перамогай.
«Яшчэ паміж хатай і могілкамі мне хочацца заехаць да дачцы і пазнаёміцца з унучкай»
— Вы граеце караля ў спектаклі «Ордэн белай мышы», што прайшоў у Варшаве ў тыя ж дні, што і 25-годдзе J:Морс. Ведаю, што шмат каму хацелася і туды, і туды, але ж…
— Так, атрымалася, гэта супадзенне, канешне ж, не канкурэнцыя. Але мы і 30 лістапада будзем граць у Варшаве «Ордэн белай мышы» ў рамках фэстывалю INEX FEST II.
— У спектаклі вы ўвасабляецеі караля-тырана. Аналогіі напрошваюцца. І як быццам вы трошачкі яго апраўдваеце?
— Гэта не апраўданне. Мы спрабавалі паказаць, якой салодкай бывае мана. Калі цябе купляюць. Ён жа можа і усміхацца, і быць мяккім, казаць, што «мяне ніхто не любіць», каб пашкадавалі.
Але. У фінале што ён робіць? Знішчае, амаль ўсіх. Таму гэта такі падман.
Падман, на які звычайна вядзецца і беларуская прапаганда. Быццам у іх усё клас: і Купалаўскі тэатр працуе, і «дажынкі», канцэрты і фэстывалі.
Але за гэтым што стаіць? Тэрор. Адных выпускаюць — другіх саджаюць. Вось на гэта трэба расплюшчваць вочы, што не трэба падманвацца, бо расплата прыйдзе. Прыдзе час — і вас папросту змятуць і усё.
— Калі памарыць, што першай справай заўтра зрабілі б у вольнай Беларусі?
— Я ўжо разам з жонкай распрацаваў свой шлях. Як мы будзем вяртацца.
Калі перасякаем мяжу, то спачатку заедзем дахаты, якая арыштавана. Ня ведаю, ці будзе яна пустая, ці будзе там хтосьці жыць.
Гэта мой дом пад Менскам, хутар, які я набыў у 2014-м. І які арыштавалі за тое, што я увайшоў у Каардынацыйную раду. Таму зараз на мне чатыры крымінальныя артыкулы за экстрэмізм.
Потым адразу паеду на могілкі да бацькоў. А, і яшчэ паміж хатай і могілкамі, зразумела, мне хочацца заехаць да дачкі і пазнаёміцца з унучкай. Проста павітацца з ёй.
— Колькі ёй зараз?
— Яшчэ і года няма. Пакуль яе ня бачыў. Таму і хочацца ўзяць на рукі, сказаць, што «я твой дзед». І каб унучка жыла ў краіне, якая шануе правы і жаданні простага чалавека.