Горад быў у бел-чырвона-белых сцягах. На Катэдральнай плошчы, дзе адбывалася развітанне з героямі, былі беларусы з усіх куткоў краіны. Праява салідарнасці ўражвала. Менш чым праз год нацыянальныя сімвалы залуналі над усёй Беларуссю.

22 лістапада 2019 года ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне кіраўніка вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.

Паўстанцаў расійскія акупанты каралі смерцю на Лукішскім пляцы на Рынкавай плошчы, іх целы жаўнеры забіралі на Замкавую гару, дзе стаяў гарнізон імператарскіх войскаў. Забітых герояў хавалі наўпрост там, папярэдне абліўшы целы вапнаю. Кастусь Каліноўскі быў апошнім, каго пакаралі смерцю за ўдзел у паўстанні. Таксама залілі вапнаю і пахавалі там жа, дзе і ягоных паплечнікаў. А на месцы пахавання зрабілі пляцоўку для крыкета.

Расійцы разлічвалі, што таемнае пахаванне не дасць патрыётам стварыць стыхійныя мемарыялы ў гонар забітых герояў.

У 2017 годзе на Замкавай гары ў Вільні распачаліся раскопкі масавага пахавання пакараных смерцю ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання. У лютым 2016 года на гары здарыўся апоўзень, які пасля паўтарыўся ў кастрычніку таго ж года — гэта стварала небяспеку для вежы Гедыміна на вяршыні гары. Яе паўночны схіл, на якім адбылося спаўзанне грунту, было вырашана трывала ўмацаваць, але папярэдне правесці тут археалагічныя раскопкі. Яны пачаліся ў студзені 2017 года, і ўжо праз некалькі дзён археолагі знайшлі першыя чалавечыя парэшткі, усяго знайшлі парэшткі 21 паўстанца. Дзевяць былі пахаваныя ў індывідуальных магілах, у чатырох ямах закапалі па два чалавекі, а ў адной было трое.

Парэшткі Каліноўскага літоўскія археолагі знайшлі першымі. Яго шкілет ляжаў на баку, рукі былі звязаныя за спінаю, аблітыя вапнаю, пры ім былі фрагменты абутку, гузікі і медальён з Маці Божай Вастрабрамскай. Парэшткі Зыгмунта Серакоўскага пазналі па заручальным пярсцёнку, дзе былі ініцыялы яго і жонкі.

На пачатку 2019 года стала вядома, што ў Вільні адбудзецца перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Парэшткі паўстанцаў вырашылі перапахаваць у капліцы на старых могілках Росы ў Вільні. Паколькі афіцыйны беларускі бок ігнараваў запрашэнне на ўдзел у мерапрыемстве, спачатку планавалі зрабіць надпісы на мануменце толькі па-польску і па-літоўску. Беларускую мову на мануменце адстаяла беларускае грамадства, адаслаўшы тысячы подпісаў у Міністэрства замежных спраў Літвы.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прэзідэнты Літвы і Польшчы, ад афіцыйнага Мінска прыбыў віцэ-прэм’ер Ігар Петрашэнка, які прамаўляў па-беларуску і якога на той момант зусім не бянтэжыла процьма нацыянальных сцягоў вакол месца ўрачыстасцяў.

Беларускае грамадства прадстаўлялі старшыня Рады БНР у эміграцыі Івонка Сурвілла, каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, літаратары Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, палітыкі Рыгор Кастусёў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца Алесь Бяляцкі і тысячы беларусаў, якія прыехалі ў Вільню ўвечары 21-га і ранкам 22 лістапада з розных мясцін краіны. Пабачыўшы нацыянальную сімволіку ў машынах, літоўскія памежнікі нават не пыталіся пра мэту наведвання Літвы: «На пахаванне Каліноўскага?». На развітанні з героямі прысутнічала як найменш 5 тысяч беларусаў.

Пасля імшы ў катэдральным саборы Святых Станіслава і Уладзіслава шэсце пад беларускімі, літоўскімі і польскімі сцягамі рушыла за трунамі паўстанцаў да могілак Росы — калона расцягнулася больш як на кіламетр. Капліца на Росах, дзе і пахаваныя Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі, стала асаблівым месцам для беларусаў у Вільні.

budzma.org