Валянцін Цішко пра ўмовы ў лагерах для бежанцаў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна

Як выглядае міграцыя людзей, якія не маюць загадзя дамоўленай працы або месца жыхарства: едуць у краіну, падаюць дакументы на абарону, а пасля жывуць у лагеры.

Валянцін Цішко на кухні ў нямецкім лагеры для ўцекачоў. Фота з прыватнага архіва

Ва Украіне ў Валянціна была тыповая сітуацыя: тэрмін дзеяння беларускага пашпарту заканчваўся, вярнуцца ў Беларусь ён не мог з мэтаў бяспекі, таму падаўся на абарону. Але гэтага статусу не атрымаў, і ў выніку ўкраінскія службы вывезлі Валянціна Цішко да мяжы з Польшчаю. З Польшчы Валянцін прыехаў у Германію і паспрабаваў там атрымаць дакументы, статус бежанца. Што з гэтага атрымалася?

— Я быў ва Украіне да пачатку 2024-га года, з’ехаў у лютым. На жаль, Украіна па сённяшні  дзень так і не прыдумала, што рабіць з беларусамі, які знаходзіцца там і ў якіх заканчваецца пашпарт. Праз Польшчу я паехаў у Германію, каб там запытаць абарону паводле 24-га параграфа — гэта закон, паводле якога даюць часовую абарону тым, хто ўцякае ад вайны ва Украіне.

На момант, калі я з’язджаў, часовага віду на жыхарства была дастаткова для афармлення паводле гэтага параграфа. Я апынуўся ў зямлі Рэйн-Вестфалія, дзе здаўся ўладам і запрасіў абарону. Ала мяне пратрымалі 5 месяцаў, кормячы абяцаннями, маўляў, прыходзьце заўтра. Гэта рэгіён, дзе бежанцаў не вельмі любіць. А пасля прыслалі ліст, у якім напісана, што даць абарону мы не можам, паколькі не разумеем, што вы рабілі ва Украіне ўвесь гэты час. Таксама напісалі, што не разумеюць, чамы я не магу аформіць новы пашпарт, бо стары заканчваецца.

Давялося падацца на так званы “азюль”, памяняць не толькі лагер для ўцекачоў, але і зямлю — я паехаў у Баварыю. Усіх беларусаў туды адпраўляюць, бо баварская міграцыйная служба ведае і прымае беларусаў ужо не адзін год, яны разумеюць нашу сітуацыю.

Я пражыў там у лагеры некалькі месяцаў, і ў выніку мне прыйшла адмова. Паколькі я заязджаў праз Польшчу, то, паводле Дублінскага пагаднення,  падавацца на бежанства мушу ў Польшчы. Паабяцаў не супрацьдзейнічаць нямецкім міграцыйным службам,  выконваць усе іх пастановы.

Лагер уцекачоў пад Варшаваю

Так я апынуся ў Польшчы, дзе зноў запрасіў статус уцекача, статус абароны, бо ёсць шмат  прычын для невяртання ў Беларусь. Першая, вядома, гэта мая палітычная дзейнасць яшчэ з 2019 года падчас парламенцкіх выбараў, у 2020-ым я ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту — як удзельнік, як журналіст. А за той факт, што я жыў ва Украіне, займаўся тым, што ў Беларусі будзе расцэнена ўладамі як наёмніцтва, можа «свяціць» 15-20 гадоў турмы ці нават расстрэл. Таму, вядома, я абраў застацца ў Польшчы.

Дарога ў лагер для ўцекачоў пад Варшавай

Што тычыцца лагера для ўцекачоў пад Варшаваю, дзе я цяпер знаходжуся, то я ў шоку, у добрым сэнсе. Я бачыў нямецкі лагер для ўцекачоў і бачыў, як працуе нямецкая сістэма з уцекачамі, то польская сістэма крыху мяне, скажам так, вярнула на зямлю ў рэальнасць.
Немцы, калі ты прыязджаеш і здаешся, цябе, звычайна, накіроўваюць з размеркавальнага лагеру або з мяжы ў іншы лагер. Вязуць на машыне з усімі ці выдаюць аднаразовы квіток да лагера.

У Польшчы мене адпусцілі на мяжы і сказалі: «Вы свабодныя, можна ехаць». Я кажу, што ў мяне няма куды ехаць у Польшчы, але ведаю пра лагер. Яны: «А, вы  пра лагер ведаеце? Добра, вось вам адрэса, едзьце туды самі, на вакзале спытаеце як дабрацца».

Цяпер я ў размеркавальным лагеры пад Варшаваю. Гэта стандартны лагер для ўцекачоў, умовы тут даволі жорсткія.

Я жыву ў пакоі на 8 чалавек, цяпер нас сямёра. Збольшага гэта, даруйце за не талерантны выраз, прадстаўнікі не славянска-балтцкай групы — людзі з Венесуэлы,  Самалі, з Кубы. Вядома, у лагеры ёсць і беларусы, — расказвае сваю гісторыю Валянцін.

Пра бяспеку ў лагеры

— У большасці нямецкіх лагераў у пакоях ёсць шафы, якія зачыняюцца. Тут у мяне шафа не зачыняецца. Пакой не зачыняецца таксама, бо нас у ім многа. Ахова ў лагеры ёсць. Дзякую Богу, пакуль звяртацца не прыходзілася.

Я таксама бачу, што ўсе службы стомленыя ў лагеры ад уцекачоў агулам, ад украінскіх уцекачоў. Часам бывае цяжка знайсці паразуменне с сацыяльнай службай. У мяне  стандартныя пытанні, як у любога ўцекача, які толькі прыехаў. І я разумею, што сацыяльная служба мусіць па 200  разоў на дзень адказваць на іх.

Яшчэ да пытання бяспекі: я быў ЛГБТ-актывістам ў Беларусі, у Нямеччыне я знаходзіўся ў  спецыялізаваным лагеры, у фрэндлі лагеры, дзе ахова ведала, дзе былі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці.
У Польшчы такога няма. Таму гэта цікавы досвед, калі з асяроддзя талерантнага  патрапляеш у зусім іншае, з людзьмі з іншай культурай, з іншымі традыцыямі.

Пра харчаванне

У лагерах для ўцекачоў гатуюць аднолькавую ежу для ўсіх, выбару няма. У Германіі гатуюць халяльную, то бок без свініны, каб маглі есці мусульмане.  Валянцін гаворыць, што нямецкая кухня для яго спецыфічная, бо ў ёй шмат воцату, спецый, а польская кухня больш зразумелая. Расказвае, што ў польскім лагеры ў меню катлеты,  боршч, бліны з творагам, яблыкі, бутэрброды з кілбасой. Кормяць тройчы на дзень.

«Адзіны вялікі мінус — гэты лагер знаходзіцца далёка ад цывілізацыі. Да бліжэйшай крамы  трэба дабірацца трыццаць хвілін пешшу праз лес, альбо па трасе, альбо на аўтобусе некалькі прыпынкаў»,  — расказвае Валянцін.

Вячэра ў польскім лагеры для ўцекачоў

Пра адносіны

Як увогуле супрацоўнікі ставяцца да людзей? Гэта заўсёды цікавае пытанне, бо ўсё вельмі персанальна. Што ў Нямеччыне, што ў Польшчы, калі ты размаўляеш, скажам так, па-руску або па-англійску, гэта адно стаўленне, калі спрабуеш гаварыць па-польску — зусім іншае.

Нават, калі гаворыш па-польску няправільна і крыва, палякам гэта вельмі падабаецца — што з першых дзён спрабуеш размаўляць, стаўленне крыху змяняецца.  Калі я складаў заяву на польска-нямецкай мяжы аб абароне, супрацоўнікі памежнай службы спрабавалі размаўляць па-руску, але гэта ўжо пытанне палітычнае для мяне. Я перайшоў на польскую, наколькі майго узроўню польскай мовы дастаткова для гэтага. Я так зразумеў, гэта спадабалася супрацоўнікам, трошкі змяніўся тон у лепшы бок. Мяне пачалі пытаць, ці не трэба мне ў прыбіральню, ці даць шклянку вады, могуць завесці папаліць у месца, дзе дазволена….

«Гэты досвед не будзе лішнім»

— Планы і спадзяванні на жыццё ў Польшчы — гэта пытанні вельмі далёкай перспектывы. Цяжка на трэці дзень пасля прыезду ў Польшчу, прычым не зусім дабравольнага, будаваць  нейкія планы, — гаворыць Валянцін Цішко.

— Цяжка перастроіцца. Я быў у Германіі амаль год, толькі пачаў прывыкаць да нямецкай  бюракратыі. Цяпер трэба перастроіцца на польскую, на мясцовую. Таму пакуль планаў ніякіх. Буду чакаць рашэння польскіх уладаў, трэба прайсці ўсе працэдуры.

Вядома, гэта не першае знаёмства з Польшчай. Я думаю, для большасці беларусаў, якія выязджалі за мяжу, гэта першая замежная краіна. Але адна справа, калі едзеш як турыст, а іншая, калі шукаеш статус уцекача. Зусім адрозныя ўражанні.

Але як спявала адна расійская артыстка, «это увлекательный был аттракцион». Усё, што адбываецца ў нашым жыцці,  адбываецца не проста так.

Гэты досвед не будзе лішнім, ён добры для праваабаронцы, для палітыка, каб зразумець, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі. Бо адна справа чытаць у інтэрнэце, што чалавек апынуўся ў Польшчы і ў яго купа праблем, дапамажыце. А ты сядзіш і думаеш, ну не можа ж быць усё так кепска.

І зусім іншае,  калі маеш досвед і разумееш, што сапраўды можа быць усё і так кепска, і так сумна, і гэтак далей, — разважае Валянцін Цішко.

Яшчэ адно цікавае назіранне Валянціна. У лагерах ён бачыў, што іншыя мігранты, акрамя выхадцаў з пост-СССР, то бок расіян, беларусаў, спакойна чакаюць сваіх рашэнняў.

«Я знаёмы асабіста з бежанцамі з Венесуэлы, Самалі, Кубы, і яны рахмана праходзяць праз працэдуры. Ад іх ні разу не чуў ідэй наконт нелегальнай работы або як нешта скрасці з крамы. Не скажу такое ж пра людзей, з якімі я кантактаваў, з Беларусі і Расіі», — гаворыць Валянцін.

Валянцін Цішко

—  Я даволі камунікатыўны чалавек, люблю размаўляць з іншымі людзьмі, нават калі мы гаворым на розных мовах. У Германіі ў лагеры пасябраваў з уцекачамі з Венесуэлы, і мы часты размаўлялі падчас перакураў на вуліцы. Як размаўлялі? Два слова па-нямецку, два па-англійску, астатняе праз Google Translate. Ахова ў лагеры была ўпэўненая, што я таксама з Венесуэлы альбо з Кубы. Дзесьці праз два месяцы майго жыцця ў тым лагеры ахоўнікі хацелі перадаць нейкую працоўную інфармацыю, паказалі ў Google Translate тэкст па-нямецку, перакладзены на іспанскую мову. Я кажу:”Выбачце, але не гавару, перакладзіце на беларускую, рускую, украінскую”. Яны былі троху здзіўленыя, бо склалася ўражанне, што я іспанамоўны.

Я ў эміграцыі з 2021 года, ужо чацвёрты год. Такіх цікавых гісторый хапае, трэба кнігу , напэўна, пісаць пра гэта.

вх, polskieradio.pl