
9 снежня ў Фларэнцыі адкрыўся Oфіс беларускай дэмакратычнай супольнасці і шэлтар для ўцекачоў з Беларусі, гаворыцца ў паведамленні Народнай амбасады ў Італіі.
“Мы цешымся, што беларуская справа жыве, а італьянскі народ падтрымлівае наш рух і дбае пра лёс нашай краіны”, – адзначаецца там.
Удзел у адкрыцці прыняла Святлана Ціханоўская падчас свайго працоўнага візіту ў Італію. У яе паведамленні на Фэйсбук гаворыцца, што адкрыццё шэлтару і офіса стала магчымым дзякуючы яе папярэднім візітам у Італію і працы беларускай дыяспары. Кіраўніцай новаствораных пляцовак будзе Юлія Юхно — прадстаўніца Народных амбасад і асацыяцыі «Talaka».
Акрамя беларусаў на адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, прафсаюзаў і палітычных партый.
«Я спадзяюся, што ўсе гэтыя мерапрыемствы будуць працягвацца, а італьянцы даведаюцца больш пра беларусаў дзякуючы гэтаму Цэнтру. І што супрацоўніцтва паміж беларускай дыяспарай, мясцовымі ўладамі і арганізацыямі паглыбіцца», – выказала надзею Святлана Ціханоўская.
