Гэтая размова з Алесем Родзіным адбылася напярэдадні 2022 года, але па збегу абставінаў публікуецца толькі цяпер, — піша 34mag.net. Тады я сустрэлася з ім у ягонай майстэрні на Нямізе — сярод карцінаў, кніг, друкаваных фотаздымкаў, кубкаў і рудых парыкоў. Алесь шмат казаў пра ўлюбёны Тахелес, каштоўнасць кожнага дня і сон — у якім мы ўсе жывем. Крыху менш чым праз год, 19 снежня 2022 года, Алесь прачнуўся і пайшоў вывучаць новыя сусветы — сваімі ўважлівымі пранізлівымі блакітнымі вачыма і з лёгкай усмешкай.
Пра дзяцінства
Я нарадзіўся адразу пасля вайны, праз два гады. Маці з Расіі, бацька з Беларусі. Складаныя ў іх адносіны былі. Да 5 год жыў у Баранавічах, а потым пераехаў у Мінск, там і ў школу пайшоў. У школе адразу заўважылі, што я нешта малюю і запрасілі ў студыю. Так і пайшло-паехала.
Вельмі важна пачынаць з дзяцінства. Канцэптуалізм можна з любога ўзросту, але візуальнае мастацтва — чым раней, тым лепш. Тады ты лёгка зможаш арыентавацца ва ўсіх хітраспляценнях, колераперадачы і вобразах.
У дзяцінства варта ўсім часам вяртацца. Бо ўсе мы ў душы застаемся дзецьмі, колькі б нам год ні было. Гэта самы вынаходлівы перыяд, калі ўсё хочацца паспрабаваць, з нечым судакрануцца. Гэтую цікаўнасць трэба заўсёды ў сабе падтрымліваць, таму што інакш надыходзіць стагнацыя.
А жыццё — гэта суровая рэч. Яно адразу б’е цябе па галаве, калі ты глядзіш на свет не міргаючы і не радуешся кожнаму дню.
Дзень — гэта боскае стварэнне. Ты не думай, што табе так шмат дадзена. Ты толькі тады можаш ствараць, калі з цікаўнасцю адкрываеш кожны дзень новае. Кладзешся і плануеш: заўтра будзе цікава. Гэта і стымулюе цябе да таго, каб ты бегаў, падскокваў, адкрываў нешта.
Пра навучанне і жывапіс на службе ў савецкім войску
Мяне вучылі Іван Ахрэмчык, Хаім Ліўшыц, Натан Воранаў [Родзін вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, пазней пераўтвораным ў БДАМ. — заўв. рэд.]. Выбітныя жывапісцы, прафесійныя майстры. Так, яны ідэалагічна былі скіраваныя, але найперш былі на ўзроўні. Прафесійны зарад можна было атрымаць у тых майстроў, будзь здароў. Іншая справа, у які бок ты потым пойдзеш. Я намотваў на вус прафесійнае, а пасля таго як выпусціўся, стаў працаваць ужо ў іншым кірунку. А да гэтага трэба было атрымаць дыплом. Дзякуй богу, што розуму хапіла упітваць у сябе усе гэтыя веды, хоць у галаве тады быў вецер.
Паўстала пытанне, каб мяне з 3-га курса адлічылі, але я сабраўся неяк: гэтыя дыпломы вельмі важныя тады былі. Інакш не выжывеш як мастак. Плюс трэба было прафесійна валодаць навыкам. На ўзроўні дылятанцтва ўвогуле нікога нічога не цікавіць. Нідзе: ні тут, ні там. Тут яшчэ можна заліваць нешта, але потым табе гэта надакучыць. А ўжо ў Берліне — не дай бог ты дылетант нейкі — праз тыдзень выляціш адтуль. Яны не ведаюць, як я гэта рабіў — таму мне ўсё давалі.
Я скончыў каледж, і мяне адразу прызвалі ў войска. Служыў год, распісваў вялізныя пано, прысвечаныя савецкаму войску. Весела было, сябры з’явіліся. Неяк у самаволку набылі гарэлку, ну і перапілі. Зампаліт убачыў і такі: «Ах, ты хацеў дэмабілізацыі найперш? У апошнюю пойдзеш. Вось табе яшчэ 10 дэмбельскіх працаў. Як выканаеш — толькі тады». Калі зробіш кепскую справу — адкараскацца ад «губы» [гаўптвахты. — заўв. рэд.] можна было толькі такім чынам. Я ўпахваў, апошні і выйшаў. П’янства ёсць п’янства.
Я быў і дворнікам, і слесарам, і вартаўніком.
Усё ў савецкі перыяд перажыў. У мяне ў падсобках майстэрні былі. Часам даводзілася і вартаваць: хадзіць уначы і пільнаваць. Неяк адбыўся крадзеж. А хто там быў вартаўніком? Я. А чым займаўся? Маляваў.
Пра Еўропу і 10 гадоў у Тахелесе
Потым пачалася перабудова, і мяне тут жа запрасілі ў Галандыю. Тады было цяжка проста паехаць, а тут з працамі! Яны ж вялікія па памеры. Як? Была цэлая эпапея. У выніку згарнулі працы ў пяць здаровых рулонаў, знайшлі знаёмага ў Фондзе міру, які давёз мяне да Гановера. А як далей ехаць з гэтымі вялізнымі рулонамі? Трэба ж да Амстэрдама.
Набыў квіток, падыходзіць цягнік, адчыняюцца дзверы, і мне адразу трэба перакінуць працы туды. Я перакідваю — а вакол немцы, тактоўныя, глядзяць і думаюць: «Што гэта такое, хто гэта, што ён робіць?». Яны нешта гавораць, але я па-нямецку не разумею. Чартыхаюцца, мусіць.
Дзверы зачыніліся. Падыходзіць праваднік і пытаецца: «Што гэта такое?». Я нешта леплю на школьнай англійскай мове. Тады Беларусь ніхто не ведаў: «Раша?» — «Раша». — «Ну добра». Перабудова была, лягодней ставіліся. Мяне не спісалі з цягніка, даехаў да Амстэрдама. Там добрую экспазіцыю зрабіў, заняў некалькі паверхаў. Прэса кожны дзень была. Пасля гэтага я гадоў пяць туды ездзіў і рабіў выставы.
Потым была Францыя, а потым — Берлін.
і быў яшчэ Берлін
бо тут быў мастацкі дом Tacheles дзе ў
шматлікіх цёмных калідорах ценямі хісталіся
вясёлыя афрыканцы й прапаноўвалі штосьці забароненае
палотны графіка фотаздымкі нават унітазы ад псеўда-Дзюшана
тут ператвараліся ў белых птушак
віно тут дзурчэла чырвонымі й белымі колерамі
агаляючы рыльца рознакаляровых бутэлек
мастак Родзін ствараў манументальныя касмічныя сімфоніі
тут квітнела мастацкая артэль
Тарановіч маліўся Ермакоў распісваў мядзведзя й
Кашкурэвіч танчыў вакол каменю
тут былі кебабы і піва
іранскі мастак Рэза маляваў сумныя дрэвы без лісця
Зміцер Вішнёў
Я трапіў у Тахелес у 2000 годзе і адразу зразумеў, што гэта — тое, што трэба.
[Тахелес — арт-сквот у цэнтры Берліна. Быў заняты мастакамі ў 1990 годзе. У 2012 годзе яго зачынілі. — заўв. рэд.]. Лепш нічога не прыдумаеш. Тахелес быў вядомым пунктам прыцягнення і таму ўсе, хто цікавіўся мастацтвам, абавязкова туды прыязджалі. Мне адразу ж далі майстэрню, каля тысячы квадратаў разам з падсобкамі. Было шмат мастакоў з розных краін. Знаходзілі з імі агульную мову, але незалежнасць у бачанні захоўвалі.
Тахелес жыў з маёй выставы. Яе наведвала вельмі шмат людзей: 300 тысяч недзе за год праходзіла. Мне не трэба было прадаваць працы, мы рабілі прынты — яны разыходзіліся вельмі добра. Калі ў дзень прадавалі па тысячы гэтых паперак — можаш уявіць, што гэта такое. Тахелес забіраў большую частку, але гэта нармальна. Я мусіў яго падтрымліваць, бо мне гэта было важна, бо ён даваў мне ўсё.
Дзякуючы прыбытку ад прынтоў у мяне была магчымасць запрашаць каго заўгодна. Я адразу запрасіў Зьмітра Юркевіча, зь якім мы прывозілі беларускіх музыкаў і рабілі пэрформансы. За 10 год мы шмат чаго там арганізавалі.
Выстава зачынялася ў 2 гадзіны ночы. А 10 раніцы дзверы зноў адчыняліся, ішоў народ, і я глядзеў, наколькі карціна завершаная. Праходзіць міма і не заўважае — значыць, праца яшчэ не чапляе, не ідзе ад яе імпульс, і я малюю далей. Пасля зноў незнарок назіраеш. І вось калі ўжо народ не адыходзіць, гуртуецца каля працы, пытанні задае — значыць, ужо пайшло.
Гэта давала мне магчымасць паразумець, якая глыбіня павінна быць у працы, каб яна вось так уздзейнічала на большую масу людзей — незалежна, хто яны. Я як быццам навуковай дзейнасцю займаўся, таму што трэба было адсочваць, якім чынам уздзейнічае той ці іншы паварот пэндзля, структура ў абстрактных працах, замесы каляровыя.
Для мяне гэта была цудоўная магчымасць — вывучаць гэта на вялікай масе людзей з усяго глобуса.
Аб захопе выставы і вяртанні ў Беларусь
У 2010 годзе маю выставу захапілі рэйдэры [будынак Тахелеса хацеў займець банк, на 2 гады раней за тэрмін заканчэння арэнды. — заўв. рэд.]. Нічога нельга было ўзяць: ні фарбу, ні адзенне, ні кампутары. Паставілі па 2 сек’юрыці на ўваход. Я, вядома, быў у вусцішы, суцэльнай вусцішы, нават не пераказаць словамі. Марцін [дырэктар арт-сквота. — заўв. рэд.] вылучыў мне ўнізе вялікае памяшканне. Я там разгарнуў прынты з працаў, зрабіў вялікую інсталяцыю са спрутам і грашовымі мяшкамі — на банк, які ўсё захапіў.
Прыйшло шмат журналістаў, таму што такога зроду не бачылі. Віселі постэры ў электрычцы, было арганізавана некалькі дэманстрацый і сабрана 100 тысяч подпісаў у падтрымку вызвалення. Мастакі аддавалі мне свае творы, у актавай зале Тахелеса выступалі спевакі і дэкламанты нямецкія.
Мая выстава была найбуйнейшая, і банк думаў, што, калі ён захопіць яе, Тахелес абрынецца аўтаматычна. Але ён не абрынуўся. Наадварот — усё заварушылася дзякуючы рэпарцёрам і тэлебачанню. Былі розныя тэлепраграмы, куды мяне запрашалі. Больш за ўсё запомнілася радыёстанцыя ў Рэйхстагу — там у свой час Гебельс вяшчаў, вось і ў мяне інтэрв’ю там было.
У банку ўжо былі не рады, што ўсё гэта зрабілі, але праглынуць не выплюнуць. Цяпер успамінаю: чартаўшчына нейкая. Як быццам не было гэтага. Як быццам сон дзіўны. Але гэта наадварот дало найвялікшую вядомасць. А на роўным месцы нічога не бывае.
У гэты час я пачаў пісаць «Міфалагему тысячагоддзя» [адна з самых вялікіх карцін у Еўропе. — заўв. рэд.]. Зараз я вельмі радасна тыя падзеі ўспрымаю. Калі нешта ёсць такое магутнае, то яно прыцягвае народ, абуджае цікаўнасць.
Працы былі арыштаваныя амаль год. Суд адбыўся: рэкет і разбой. Хаця ў банка былі адвакаты, суддзя сказаў усё вярнуць. Тахелес усё роўна закрылі, таму што скончыўся тэрмін дамовы. Проста банк хацеў на 2 гады раней: у яго нейкая ідэя была, грошы ў іх гарэлі.
Пасля закрыцця Тахелеса я не адразу вярнуўся ў Беларусь. Думаў, нешта адбудзецца, таму быў там яшчэ гады два. Але Тахелес наглуха закрылі. Я больш не хацеў заставацься ў Берліне.
Пра пачуццё дома
Калі ў мяне ідзе выстава, мне абыякава, дзе быць. Хоць у Антарктыдзе. Галоўнае, каб быў глядач. Але жыць, хоць забі, толькі ў Беларусі.
Я ўсю Германію аб’ездзіў, дык там зусім іншыя краявіды. Гэта цікава, але да пэўнага моманту. Італія — ужо здавалася б! Але вось пражывеш там 10 дзён — і сканчаецца экзотыка, усё зразумела. Парыж! Мяне цікавілі масты парыжскія. Скончыш 20 мастоў, вывучыш Эйфелеву вежу і Кансьержэры, адкуль Марыю-Антуанэту на пакаранне смерцю везлі — ну і што, усё зразумела.
Тут усё настолькі ўвабраў у сябе, што не магу без гэтага. Я плаваю ў гэтай атмасферы як рыба, і гэта ўсё насычае, падсілкоўвае, дае магчымасць працаваць. Тут наведваюць вобразы і ідэі, а там ужо ўсё рэалізоўваю.
Мне прапаноўвалі набыць кватэру ў Берліне, і грошы ў мяне былі, але няма жадання. Мне ўтульна тут. А там — усё іншае.
Пра ахвярнасць мастацтва і навуку выжывання
Мастацтва — гэта вельмі бязлитасная рэч. Мы ж нездарма рабілі выставу «Ахвяры мастацтва». Калі ў вас ёсць знаёмыя хлопцы, якія займаюцца мастацтвам, то няхай яны ўцямяць, што гэта — ахвярнасць. Няхай займаюцца дызайнам. А потым паралельна могуць займацца нечым яшчэ. А то некаторыя мастакі маладыя, ну хлопцы-красунчыкі-разумнікі і раптам такое расчараванне — шмяк. Захар Кудзін — цудоўны, здольны хлопец [у 2019 годзе мастак Захар Кудзін скончыў жыццё самагубствам, саскочыўшы з вакна. — заўв. рэд.].
У Тахелесе таксама выкінулася дзяўчына з акна, Жанін. Мы хацелі зрабіць яе выставу ў Мінску, цудоўныя працы. Вось яна таксама з капейкамі, каханнем непадзеленым, веру ў сябе страціла — і ўсё. Так, пачакай. Ты стала на гэты шлях, слізкі і незразумелы. Ну добра, у мяне неяк па-іншаму ўсё складалася. Гэта не я, гэта нешта мне падыгрывала валасатай рукой. Я б таксама мог збочыць, але гэтая рука мяне ўпарта штурхала: будзь ахвярай.
У мяне было і безграшоўе, я ж колькі разводзіўся! Ну і што з таго. Жыццё — гэта божы дар. Так нельга. Што гэты Захар? Трэба было нешта прыдумаць. У яго цудоўная маці. Знайшлі б тысячу выхадаў. Змяніў бы прафесію. Я быў і слесарам, і кім толькі ні быў, і зарабляў 30 рублёў у тыя часы, і выганялі мяне і адтуль, і адсюль, і колькі разоў. Ён не зразумеў, куды патрапіў.
Таму я адгаворваю, калі мяне пытаюцца: паступаць ці не паступаць. Калі хочаце — ідзіце на дызайн. Хоць нейкая капейчына будзе. Але не выбірайце чыстую творчасць: усе любяць на гэта глядзець, але за гэта ніхто не хоча плаціць. Трэба быць на вельмі крутым узроўні, а так не заўжды атрымліваецца.
Навучыцца выжываць у любых умовах — вельмі важна для мастака. Я магу сціснуцца да нейкай мышы, якая проста бегае туды-сюды і ўсё. Ваду заўсёды знойдзеш. Грэчка ёсць. Шмат, як кажуць, трэба.
Ты павінен быць упэўнены ў сабе, ні на кога не зважаць. Хто б што ні казаў. Гэта ўсё цябе падсілкоўвае, мабілізуе і дае табе сілы.
Мастак поўны комплексаў. І, дарэчы, чым больш комплексаў, тым лепей. Я свае комплексы мілую і берагу, пылінкі з іх здзімаю, каб не дай бог іх не пазбавіцца. Бо інакш ты будзеш самазадаволеным аслом.
Комплексы дазваляюць развіваць табе хуткасць, і тады ты як быццам іх не заўважаеш, але варта толькі запаволіцца — яны зноў вылазяць і могуць з’есці.
Пра тое, што варта цаніць
Калі думаеш быць мастаком, трэба ўсім цікавіцца. Літаратурай, фільмамі, рэжысурай, тэатрам. Гэта ўсё трэба круціць: як адно мастацтва карэлюе з іншым. Усё гэта найважнейшыя рэчы.
А паэзія… Хадзіў у бібліятэку, усё перачытаў, усё гэта ўвабраў. Але гэта ўсё ў падсвядомасці: я ж не аратар. Зачыніўся ў майстэрні і малюй сабе. Але гэта ўсё асядае на падкорцы і ўвасабляецца у вобразнай сітуацыі.
Усе мае працы — гэта мае выявы, праз мяне прапушчаныя на абстрактным, візуальным і якім заўгодна ўзроўні. Я магу лётаць, поўзаць, кракаць і каўкаць — зразумела, што на падсвядомым узроўні. Гэта ўсё сядзіць ува мне і стварае разнастайнасць адчуванняў.
Мастацтва — гэта ўвесь час эксперымент. Ты ўвесь час спрабуеш, увесь час знаходзіш і губляеш.
Пра жыццё як сон
Мы знаходзімся ў стане сну, і гэта ўсё велізарны сон. У класічных карцінах усё зразумела: там ёсць завязка і развязка, як у літаратурных творах. Але для мяне гэта нецікава, таму што я настроены на іншае. Нават мае першапачатковыя кампазіцыі маглі быць прачытаныя ўжо ў розных плоскасцях. Потым яны яшчэ ўскладняліся — гэта рост майго руху, пранікнення ў глыбіню твора, а паколькі… Вось што такое наш свет? Гэта неспасцігальная рэч. Мы ніколі не зможам зразумець яго да канца. Мы як сутнасці — што такое? Што такое ўчора? А ў нас яго ўжо нібыта і няма. Толькі ўспаміны. Што такое будучыня? Яе няма. Мы знаходзімся ў стане сну, і гэта ўсё велізарны сон. Хаця нам здаецца, што ўсё матэрыяльна, усё уплывова.
Мастацтва — гэта адлюстраванне, пераход ад свядомага да падсвядомага, выплеск. Тое, што можна аб’яднаць з рознай сімволікай, з рознымі фігуратыўнымі паняццямі, якія абстрагуюцца. І вось гэта дае вялікі далягляд ўспрыняцця — такі, што глядач можа туды пранікаць. А інакш ён гэтага не заўважае і нават не разумее, якая магутная прыгажосць закладзена ў любым сантыметры існасці. Каласальная. Але праз мастацкія вобразы ён атрымлівае гэтае разуменне.
Зноў-такі, розныя віды мастацтва даюць гэтае разуменне. Не толькі творы выяўленчага мастацтва, але і тэатральныя, балет, музыка. Гэта дае нам цудоўны спосаб самаўсведамлення, самаразумення, што гэта нешта магутнае, бязмежнае і што вось з гэтым ты жывеш і знаходзішся.
Вось гэта трэба шанаваць, таму што гэтае боскае, каласальнае, нездарма чымсьці грандыёзным задумана.
У мастацтве я тут і не тут, я ўсюды і нідзе. Я павінен быць распушчаны ва ўсім. Мастак павінен быць бясскурым. Ён мусіць толькі адчуваннем жыць — тады ён праваднік. Праз яго ідуць фатоны, нейтроны, пратоны. Ён прапускае праз сябе гэтае боскае скіраванне, нанізвае, таксама стварае і прыпадабняе нечаму. Тут, паўсбль і нідзе.
Яўгенія Барысевіч, 34mag.net,
пераклад budzma.org