Збольшага ўспаміны пра зняволенне змрочныя. Разам з тым згадваю, што былі такія радасныя хвіліны, калі ў камеру трапляў свежы нумар «Новага Часу». Быў перыяд, пакуль рэжым не заціснуў усе гайкі і па «ягоным недаглядзе» гэтае незалежнае выданне было дазволенае атрымліваць і палітычным вязням.
Як вядома, часткай прэсінгу катавальнага рэжыму з’яўляецца інфармацыйная ізаляцыя палітвязняў. Таму выпускі «Новага Часу» былі як глыток свежага паветра, якога за кратамі таксама заўжды не стае.
І таму калі я выйшла з турмы, пакінула краіну, апынулася ў бяспецы і ўстала пытанне пра супрацу з тым ці іншым незалежным СМІ, выбар быў зроблены менавіта на карысць «Новага Часу».
Для мяне таксама важна, што гэта выданне, якое цалкам выходзіць на беларускай мове. Акрамя таго, на мой погляд, яно каштоўнае ўласнымі аналітычнымі матэрыяламі. Яшчэ адной адметнасцю выдання можна назваць рэгулярную публікацыю глыбокіх і цікавых артыкулаў на гістарычныя тэмы.
Разам з тым рэдакцыя «Новага Часу», як і рэдакцыі іншых незалежных медыя, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі, зведвае фінансавыя цяжкасці. Таму абвешчаная акцыя па падтрымцы нашага выдання.
З малога складваецца вялікае. Любы, нават самы сціплы ваш унёсак, дапаможа «Новаму Часу» і надалей сілкаваць вас незалежнай інфармацыяй, прасоўваць беларушчыну.
Вольга Класкоўская, novychas.online