Тры гады таму, 10 снежня, не стала журналіста Уладзіміра Паца. Ён працаваў у Беларусі, адкуль паведамляў як пра падзеі, звязаныя з польскай культурай у Беларусі, так і пра найважнейшыя актуальныя палітычныя падзеі. Ён раптоўна пайшоў з жыцця ва ўзросце ўсяго 54 гадоў.
Журналіста і ўраджэнца Кнышэвічаў успамінаюць блізкія сябры, паплечнікі, калегі, у тым ліку і прафесар Алег Латышонак:
– Заўсёды быў беларусам, як яго ведаю. Быў такі шчыры натуральны беларус без беларускай адукацыі, але такі самы сапраўдны.
– Валодзя быў такім чалавекам, каторы выдзяляўся вялікай сардэчнасцю і дабром для другога.
– Быў вельмі шчыры і вельмі такі сяброўскі.
– Сімпатычны і вясёлы чалавек, можна з ім было заўжды пагаварыць.
– Меў кулінарны талент, рыхтаваў застолле.
– Быў такім пакліканым журналістам і не хаваў таго, што ў яго беларускія карані, што ён з праваслаўнай сям’і, але адначасова ён быў палякам, грамадзянінам Польшчы і патрыётам Польшчы. Тое, што ён нарадзіўся на памежжы і разумеў культуру Польшчы і Беларусі, ментальнасць, гэта яму вельмі дапамагала. Ён быў сваім і для палякаў, і для беларусаў.
Уладзімір Пац пахаваны на радзіме, на праваслаўных могілках у Самагародзе пад Саколкай. Пасмяротна ўзнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі Прэзідэнтам Рэспублікі Польшча Анджэем Дудам у 2021 годзе.
racyja.com,
фота з архіва Юркі Ляшчынскага, фэйсбуку Міколы Ваўранюка і nashaniva.com