У ліпені 2022 года 50-гадовы гамяльчук Аляксандр Айнутдзінаў вырашыў пешшу пайсці ва Украіну, каб дапамагаць мірным жыхарам разбіраць завалы пасля расійскіх бамбаванняў. Да мяжы ён не дайшоў: мужчыну затрымалі сілавікі, пад пагрозай фізічнай расправы прымусілі запісаць “пакаяльнае відэа” пра нібыта жаданне ўступіць у полк Каліноўскага і асудзілі на 2 гады і 1 месяц калоніі паводле ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы). Аляксандр распавёў “Вясне” пра тое, як прайшоў праз гомельскае СІЗА, дзе самым яркім успамінам для яго стала сяброўства і падтрымка пажылога сукамерніка, і як вытрымаў каля 100 сутак у халодным ШІЗА калоніі, знаходзячы салідарнасць сярод іншых палітвязняў. Пасля вызвалення мужчыну чакаў пакручасты і нетыповы шлях эміграцыі: перш чым апынуцца ў бяспецы ў Літве, ён быў вымушаны змяніць шэраг краін, прайсці праз адмовы ў перасячэнні межаў, дэпартацыю і дні без ежы ў стамбульскім аэрапорце. Распавядаем гісторыю яго жыцця, зняволення і доўгай дарогі на волю.

Пераезд з Баку, гурт “Структура Шкід” і забойства сябра
Аляксандр нарадзіўся ў Баку, але з-за пачатку канфлікту ў Нагорным Карабаху ягоная сям’я была вымушана пераехаць на радзіму маці ў Беларусь. У школе ён вучыўся не надта паспяхова, але пазней знайшоў сябе ў іншай справе, распавядае суразмоўца.
“У пачатку васьмідзясятых, калі толькі пачынала разгарацца вайна з Карабахам, мы пераехалі ў Беларусь. Маці ў мяне беларуска, гомельская. У школе я вучыўся так сабе. Было лянота, таму некалькі разоў заставаўся на другі год. Пасля пайшоў працаваць аўтаслесарам”.
У падлеткавым узросце захапленнем Аляксандра стала музыка. Разам з сябрамі ён нават сабраў уласны калектыў.
“Гадоў з 18-20 мы з сябрамі пачалі граць рок-н-рол, у мяне вельмі добра атрымлівалася на ўдарных інструментах. У 1995-1996 гадах сфарміравалі свой гурт. Назву ўзялі з кінафільма і крыху перарабілі, атрымалася “Структура ШКІД”, што мы тлумачылі, як “геніяльныя хлопцы”. Былі планы выступаць у Гомелі ў ДК “Фестывальным”, але мы не прайшлі па нейкім конкурсе. Увогуле тады захапляўся гуртамі “Кіно”, “ДДТ”, “Акварыум”, а пазней – “Ляпіс Трубяцкі”, слухаў беларускія гурты “Палац” і “Крама” на вінілавых кружэлках. Сам гурт наш распаўся яшчэ ў 98-м: хто ў армію пайшоў, хто ажаніўся. З таго часу музыкай я ўжо не займаўся”.
Жыццё ішло сваім парадкам, пакуль восенню 1996 года не адбылася трагедыя, якая назаўжды змяніла светапогляд гамельчука і прымусіла яго звярнуць увагу на міліцэйскае самавольства, кажа Аляксандр.
“У палітыку мы асабліва не лезлі, да пэўнага моманту яна была абыякавай. Але ўсё змянілася ў верасні 96-га. У Гомелі быў такі хлопчык, мой сябар Масквін Канстанцін Мікалаевіч. Месяц не дажыў да свайго шаснаццацігоддзя. Падчас Дня горада ён паехаў у цэнтр сустракаць дзяўчыну. Вырашыў крыху папісаць пад ёлачкай, яго аклікнулі міліцыянты. Ён стаў уцякаць, яны дагналі, зрабілі падножку, і калі ён упаў, то яго сталі збіваць да смерці. Хуткая прыехала, маглі б яшчэ ратаваць, але не ратавалі. Я чытаў заключэнне медэксперта: разрыў аорты. Былі прыкладзеныя фатаграфіі, як наносіліся ўдары па твары нагамі і дубінкамі. За гэтае злачынства ніхто не панёс пакарання. Гэта стала для мяне трыгерам. У 1997 годзе я нават ездзіў у Мінск на мітынг, каб надаць гэтую справу агалосцы”.
“Я не збіраюся помсціць, сябра не вярнуць, а ператварацца ў такіх жа, як яны, я не хачу, бо паважаю сябе. Мае рукі ніколі не былі ў крыві. Я проста хачу справядлівасці”.
Шлях да мяжы, падстава і затрыманне

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Аляксандр не змог заставацца ўбаку. Кадры разбураных гарадоў і пакут мірных жыхароў падштурхнулі яго да рашучага кроку самастойна перайсці мяжу.
“14 ліпеня 2022 года я выйшаў з дому і пешшу накіраваўся ў бок мяжы з Украінай. Я не ведаў, што ўсё настолькі сур’ёзна. Ні ад кога не ўцякаў і не хаваўся па лясах ды палях, ішоў проста па трасе. Хацеў перайсці мяжу выключна ў гуманітарных мэтах. Я шмат глядзеў у сацсетках ролікі ад украінцаў, як іх бамбяць, і з’явілася думка пайсці дапамагаць”.
“Хацеў выцягваць людзей з-пад завалаў, дапамагаць адбудоўваць, каб яны не заставаліся ў руінах. Ваяваць і браць у рукі зброю ў мяне ніколі думак не было”.
Аднак дайсці да ўкраінскай тэрыторыі не ўдалося. Яшчэ ў памежнай зоне мужчыну спынілі беларускія сілавікі, папярэджаныя мясцовым жыхаром.
“Не дайшоўшы кіламетраў 70-80 да самой мяжы, яшчэ ў пагранзоне ў раёне вёскі Цяруха, я ўпёрся прама ў танкі, БТРы і даішнікаў. Як аказалася пазней, мяне ўжо чакалі. Адзін мясцовы мужычок зліў інфармацыю, сілавікі параздавалі ім нумары, каб тэлефанавалі, калі пабачаць каго падазронага”.
Памежнікі забралі тэлефон Аляксандра на праверку. Змесціва сацыяльных сетак і асабістых відэа стала падставай для далейшага затрымання.
“Там была ўся інфармацыя. Я быў падпісаны на NEXTA, Святлану Ціханоўскую, мэра Мікалаева Віталя Кіма. У самім тэлефоне было шмат маіх відэа, дзе я звяртаўся да беларусаў, якія маўчаць пра вайну. Яшчэ тады я казаў, што Расія можа пачаць запускаць дроны па нашых жылых дамах, а па тэлевізары скажуць, што гэта Украіна. Таксама ў мяне знайшлі перапіску з чалавекам, які быў падпісаны як “Бяссмертны”. Гэтая перапіска мне была патрэбная толькі для таго, каб бяспечна перайсці мяжу, ні пра якое ўступленне ў ЗСУ ці полк Каліноўскага гаворкі не ішло. Трэба было, вядома, знішчыць тэлефон перад выхадам, але што ўжо махаць кулакамі пасля бойкі”.
Пагрозы ГУБАЗіКа, пакаяльнае відэа і СІЗА

Пасля праверкі тэлефона сілавікі адмовіліся верыць у гуманітарныя мэты Аляксандра. Яго пачалі абвінавачваць у спробе далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў, выкарыстоўваючы пагрозы і ціск.
“На мяжы мяне пратрымалі да раніцы. Потым прыехаў “УАЗік” і павёз у Гомель, у РАУС на вуліцу Сцяпана Разіна. Спачатку ставіліся нармальна, ніхто не крычаў і не збіваў. Але пасля абеду прыйшоў чалавек з ГУБАЗіКа, павёў мяне на допыт і пачаў рабіць вінаватым у тым, што я нібыта хацеў уступіць у полк Кастуся Каліноўскага. Я пачаў расказваць праўду пра гуманітарныя мэты, а ён мне: “Гэта мне не расказвай, альбо ты гаворыш вось так, альбо мы пагаворым па-іншаму”.
“Я выдатна разумеў, што “па-іншаму” – гэта пераламаныя косткі. Каб не быць скалечаным, давялося на камеру пад ціскам казаць тую лухту, якую яны патрабавалі”.
“Потым павезлі ў КДБ. Яшчэ ў бусіку пачаліся пагрозы: “Хочаш ва Украіну? Дык мы цябе ўплаў адправім” – я так разумею, патапілі б. Фармальна на мяне спачатку склалі пратакол за “экстрэмісцкія падпіскі” — далі 12 сутак, якія я адседзеў у ІЧУ. Спалі на голых жалезных шконках без матрацаў, пастаянныя начныя праверкі з вывадам у кайданках, выспацца не давалі. А паралельна пачалі крымінальную справу па артыкуле 361-3 за “падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяннях”.
Пасля ІЧУ Аляксандра перавялі ў гомельскае СІЗА, дзе ён правёў наступныя восем месяцаў. Там ён пасябраваў з іншымі вязнямі, і гэтыя сустрэчы сталі для яго аднымі з самых светлых успамінаў.
“У СІЗА я правёў восем месяцаў у адной камеры. Стаўленне было адносна спакойнае. Адзінае, за што часта прыляталі парушэнні – гэта галенне. Ад мяне патрабавалі галіцца амаль кожны дзень, а скура далікатная, потым усё агнём гарэла ад раздражнення. У СІЗА у мяне былі каляровыя алоўкі, і я маляваў на паперы ўкраінскія сцягі, пісаў лозунгі.
Там я пазнаёміўся з украінцам з Кіеўскай вобласці Паўлам Купрыенкам, якому шылі нібыта сувязь са спецслужбамі. Калі набліжалася зіма, я папрасіў родных перадаць мне куртку і аддаў яе Паўлу, бо яму не было чаго апранаць. Яшчэ са мной сядзеў дзядуля, якога закрылі за каментар пра Лукашэнку. Гэта мой самы яркі ўспамін. Я яго пастаянна весяліў, каб ён не панікаваў”.
“Беларускія ўлады ж не разбіраюцца, стары чалавек ці не: ім галоўнае атрымаць прэмію або зорку на пагоны ды да пенсіі хутчэй дапрацаваць”.
Суд, 100 дзён у ШІЗА і праца на прамзоне

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Нягледзячы на заявы аб ціску і фальсіфікацыі паказанняў, мужчыну прызначылі зняволенне ў калоніі. Адразу па прыбыцці ў ПК-15 пачаўся новы этап выпрабаванняў.
“Суд праходзіў у тры этапы, у закрытым рэжыме, нават бацькоў не пусцілі. На перадапошнім пасяджэнні я даведаўся, што мае першапачатковыя паказанні былі змененыя. Я прама на судзе ад рукі напісаў паперу, што паказанні сфальсіфікаваныя, і перадаў суддзі. Віну я прызнаў толькі ў незаконным перасячэнні мяжы, але полк Каліноўскага катэгарычна адмаўляў. Тым не менш, мне далі два гады і адзін месяц калоніі агульнага рэжыму. Калі мяне прывезлі ў магілёўскую ПК № 15, адразу, нават не падымаючы ў атрад ці каранцін, адправілі ў ШІЗА. У маіх рэчах знайшлі тыя самыя намаляваныя ўкраінскія сцягі і вершы”.
“Начальніку калоніі я наўпрост сказаў, што падтрымліваю Украіну і буду падтрымліваць яе да канца”.
Знаходжанне ў калоніі ператварылася ў чараду пакаранняў штрафным ізалятарам. Каб апраўдаць ізаляцыю, адміністрацыя пастаянна знаходзіла новыя прычыны.
“Першы раз далі пяць сутак. Гэта было вельмі цяжка. Ацяпленне ў карцары фармальна ёсць, але жалезныя трубы памяшканне не грэюць, там холадна пастаянна. Акрамя робы на табе нічога няма. Каб сагрэцца, я адціскаўся, прысядаў. Начамі спаць было немагчыма з-за холаду. Цярпеў скрозь зубы. Потым мяне перавялі ў атрад, а праз месяц зноў у ШІЗА. “За ўвесь тэрмін я адбыў каля 100 сутак у ШІЗА. Падставы выдумлялі абсурдныя: напрыклад, “не прадставіўся па форме” або не так павітаўся”. Мяне каралі за палітычныя размовы, таму што я спрабаваў дагрукацца да звычайных зэкаў, а яны ішлі і “стучалі” на мяне начальніку атрада. Мяне адразу на тры месяцы пазбавілі ўсяго: пасылак, перадач, спатканняў”.
Паміж адсідкамі ў ШІЗА вязняў адпраўлялі на цяжкую працу ў невыносных умовах. Адзіным ратункам у такіх умовах стала салідарнасць паміж палітычнымі, кажа Аляксандр.
“На прамзоне мы працавалі з кабелямі: проста бралі і чысцілі іх ад ізаляцыі, а потым здавалі медзь і алюміній на вагу. За месяц мы зараблялі па 15-50 капеек. Турма за кошт гэтых зэкаў і жыве. Каб цябе не адправілі з прамзоны ў ШІЗА, трэба было абавязкова здаць хоць паўтара-два кілаграмы металу за дзень. Трымацца дапамагала салідарнасць. У атрадзе я пазнаёміўся з палітвязнямі Аляксандрам Любенчуком і Андрэем Паднябенным. Андрэй быў вельмі падкаваны ў палітыцы і фінансах, мы з ім шмат дыскутавалі. А Аляксандр мяне літаральна падтрымліваў фізічна: частаваў кавай, цукеркамі, згушчанкай, кіўбасой, бо ў мяне ж з-за пазбаўленняў зусім нічога не было”.
Вызваленне і складаны шлях на волю

Адбыўшы прызначаны судом тэрмін, Аляксандр выйшаў на волю восенню 2024 года і адразу пачаў планаваць эвакуацыю з краіны, разумеючы, што заставацца ў Беларусі небяспечна. Шлях былога палітвязня да сапраўднай бяспекі аказаўся не менш складаным і выматвальным, чым само зняволенне.
Пасля вызвалення Аляксандр неаднаразова спрабаваў пакінуць краіну. Ягоная гісторыя эміграцыі ператварылася ў пакручасты і нетыповы маршрут. На працягу 2024–2025 гадоў ён некалькі разоў спрабаваў выехаць праз Расію і Грузію, аднак памежнікі не прапускалі яго з-за неаплачаных штрафаў, якія мужчына пазней пагасіў. У жніўні 2026 года ён нарэшце вылецеў у грузінскі Кутаісі, адкуль дабраўся да Тбілісі. Аляксандр планаваў даехаць аўтобусам да Кіева, але высветлілася, што для транзіту праз Балгарыю і Румынію патрабуецца шэнгенская віза, таму яму давялося змяніць маршрут і адправіцца ў Стамбул.
Неўзабаве ён знайшоў грошы на квіток у Малдову, аднак малдаўскія памежнікі адмовілі яму ва ўездзе і дэпартавалі назад у Турцыю. Вярнуўшыся ў Стамбул, беларус апынуўся ў пастцы: тры дні ён прасядзеў у аэрапорце цалкам без грошай і ежы. Кропку ў гэтай эміграцыйнай эпапеі з пастаяннай зменай краін паставіў зварот да службы эвакуацыі BYSOL. Дзякуючы дапамозе фонду і збору сродкаў Аляксандр змог набыць квіток і паспяхова прыляцець у Літву. Цяпер былы палітвязень праходзіць рэабілітацыю і плануе будаваць новае жыццё.
