Расследавальніцкаму медыя «Бюро» споўніўся год

Калаж: «Бюро медиа»

За год матэрыялы маладога медыя прагледзелі больш за 12 мільёнаў разоў, а сама рэдакцыя згадвалася ў інфармацыйнай прасторы больш за 600 разоў. Усяго праз некалькі месяцаў пасля запуску «Бюро» стала членам міжнароднага кансорцыума па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю – OCCRP. 

За час свайго існавання рэдакцыя  змагла стаць сапраўдным кантэнтмэйкерам і ньюсмэйкерам у беларускай медыяпрасторы. За год «Бюро» правяло і апублікавала 14 эксклюзіўных вялікіх расследаванняў, 30 унікальных міні-расследаванняў і расследавальніцкіх навін.

А восенню 2024-га тры з чатырох журналістаў рэдакцыі былі ўзнагароджаныя прэміяй «Вольнае слова» за свае расследаванні.

«З вялікай радасцю і пачуццём глыбокага задавальнення мы азіраемся назад і адзначаем мноства станоўчых вынікаў ад дзейнасці праекта», — гавораць журналісты медыя.

Вось толькі некаторыя з дасягненняў: 

  • пасля выхаду самага першага расследавання краіны ЕС забаранілі вываз люксавых аўтамабіляў у Беларусь, каб іх не перапрадавалі ў Расію ў абыход санкцый; 
  • ЗША ўвялі санкцыі супраць фігурантаў расследавання, якія пастаўлялі еўрапейскае абсталяванне для расійскай ваеннай машыны; 
  • еўрапейскія дыстрыб’ютары кампаніі «Алютэх» спынілі продаж беларускай прадукцыі ў Чэхіі і Славакіі пасля выхаду расследавання пра абыход санкцый; 
  • ААН заявіла пра спыненне супрацоўніцтва з Беларускім Чырвоным Крыжам у межах нашай падрыхтоўкі расследавання пра карупцыйныя схемы гэтай арганізацыі.

У новым годзе «Бюро» абяцае працягнуць расказваць беларусам пра карупцыю і пра тых, хто падрывае асновы дэмакратыі, парушае законы і правы грамадзян. У рэдакцыі лічаць, што агалоска карупцыйных схемаў – гэта першы крок на шляху да пераменаў.

baj.media