
Беларускае гістарычнае таварыства і неабыякавыя жыхары Беластока спрабуюць вырашыць праблему адсутнасці аплаты за арэнду зямлі для магіл заслужаных беларусаў. Паваханні знаходзяцца на праваслаўных могілках у Беластоку.
Пра магчымасці вырашэння праблемы і асобаў, пахаваных на могілках, для «Радыё Рацыя» апавядае краязнавец Аляксей Трубкін.
РР: Аляксей, пачнём з таго, што цяпер пачынаецца, калі можна так назваць, змаганне за праваслаўныя могілкі. А раскажыце, што гэта за сітуацыя і як у Беластоку ўзнікла такая ініцыятыва?
– Можа быць, не зусім змаганне. Гэта хутчэй справа, якую трэба было вырашыць даўно. Сітуацыя паўтараецца кожны раз, калі з’яўляюцца паведамленні на могілках пра тое, што трэба заплаціць за арэнду. Калі гадоў 5–6 таму ў мяне, на жаль, не было часу, каб гэтым заняцца, бо былі іншыя грамадскія, больш важныя справы (хаця гэтая таксама вельмі важная, як я лічу), то цяпер прыйшоў час. Падчас апошніх Дзядаў я распавёў пра гэту праблему, і мне фактычна прапанавалі, што варта гэтым заняцца. Мы правялі першую сустрэчу, пасля — другую, і цяпер больш-менш вызначылі далейшую стратэгію вырашэння пытання. Мы будзем намагацца вырашыць гэтую праблему, бо яна сапраўды важная.
РР: Давайце нагадаем, што гэта за могілкі ў Беластоку?
– Гэта праваслаўныя могілкі Усіх Святых у Беластоку, найстарэйшыя праваслаўныя могілкі ў гэтым горадзе. Там пахаваны многія беларускія дзеячы. Калі ёсць родныя сем’і, якія клапоцяцца пра магілы і плацяць за арэнду, то праблемы няма. Але праблема ўзнікае з магіламі заслужаных беларусаў, у якіх не засталося родных. Пытанне арэнды гэтых магіл трэба вырашаць.
РР: Гаворка ідзе пра ўсе магілы ці пра нейкія канкрэтныя?
– Гаворка ідзе пра магілы Міколы Чарнецкага, Лявона Богуша, Сяргея Богуша і Кастуся Кіслага. Менавіта пра іх размова, бо так атрымалася, што ў іх не засталося родных.
РР: Чым адметныя гэтыя людзі?
– Гэта заходнебеларускія дзеячы, якія зрабілі значны ўнёсак у беларускую справу. Напрыклад, Кастусь Кіслы быў дырыжорам і адным з заснавальнікаў хору пры Таварыстве беларускай школы ў Беластоку, а таксама хору пры саборы Святога Мікалая. Ён быў актыўным удзельнікам беларускай культурнай дзейнасці як у Беларусі, так і ў эміграцыі. У час нямецкай акупацыі быў чальцом Беларускага камітэта. Баючыся наступстваў пасля прыходу савецкай улады, ён быў вымушаны з’ехаць. У эміграцыі працягваў культурную дзейнасць у Бельгіі і Злучаных Штатах. У 1980-я гады ён вярнуўся ў Польшчу, дзе і быў пахаваны.
– Сям’я Богуся таксама заслугоўвае ўвагі. Лявон Богуш і Сяргей Богуш былі актыўнымі дзеячамі беларускай справы. Напрыклад, пра Сяргея Богуша вядома зусім мала. Я выпадкова даведаўся пра яго з некралогу ў газеце, якая выдавалася падчас нямецкай акупацыі, дзе было напісана, што ён быў актыўным беларускім дзеячом і змагаром за беларускую справу.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Юлія Сівец, racyja.com
