Беларусь не атрымала доступу да кіравання Антарктыкай. Пытанні да даследаванняў

Навуковы свет сумняецца ў якасці беларускіх навуковых даследаванняў / БЕЛТА

Беларусь працягвае дабівацца кансультацыйнага статусу ў межах Дамовы аб Антарктыцы. Гэта дало б краіне магчымасць удзельнічаць у кіраванні самым паўднёвым кантынентам і ўплываць на міжнародныя рашэнні, звязаныя з гэтым рэгіёнам. Аднак, нягледзячы на падачу заяўкі яшчэ ў 2019 годзе і наяўнасць уласнай станцыі “Гара Вячэрняя” ў Антарктыцы, сусветная супольнасць не спяшаецца прысвойваць такі статус Беларусі. Пра гэта паведамляецца ў публікацыі The Polar Journal.

Спачатку працэс прыняцця адцягваўся з-за пандэміі COVID-19. Потым яго ўскладніла палітычная сітуацыя ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе, інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair у 2021 годзе з Раманам Пратасевічам і ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны ў 2022 годзе.

У 2023 годзе Беларусь зноў падала заяўку, але некаторыя краіны палічылі, што Беларусь не вядзе дастатковай навуковай працы ў Антарктыцы, каб прэтэндаваць на такі статус. Палітычная нестабільнасць і роля краіны ў вайне ва Украіне таксама паўплывалі на рашэнне не прысвойваць статус.

Беларусь зрабіла чарговую спробу ў 2024 годзе, але зноў безвынікова. Прадстаўнікі іншых краін працягваюць сумнявацца ў якасці беларускіх навуковых даследаванняў, указваючы на недастатковую разнастайнасць тэм у праграме, а таксама на цяперашнюю геапалітычную сітуацыю.

Заяўка Беларусі будзе паўторна разгледжана ў 2025 годзе.

Беларуская гісторыя даследавання Антарктыцы

Беларусь далучылася да Дамовы аб Антарктыцы ў 2006 годзе і пачала праводзіць свае навуковыя даследаванні.

У 2015 годзе было падпісана пагадненне з Расіяй, якое дазволіла Беларусі выкарыстоўваць частку інфраструктуры расійскай станцыі “Маладзёжная” для стварэння ўласнай базы.

У 2016 годзе беларускія палярнікі ўсталявалі першы аб’ект на станцыі “Гара Вячэрняя” — трохсекцыйны лабараторна-жыллёвы модуль.

На беларускай станцыі вывучаюць клімат Зямлі, стан азонавага слою і газава-аэразольны склад атмасферы. Беларускія вучоныя тэстуюць айчынныя прыборы для маніторынгу атмасферы, што спрыяе больш дакладнаму прагназаванню надвор’я ў Беларусі.

Дадатковыя даследаванні ўключаюць вывучэнне мікраарганізмаў, здольных выжываць пры экстрэмальна нізкіх тэмпературах, з патэнцыйным прымяненнем у анкалогіі, фармакалогіі і касметалогіі, а таксама даследаванне антарктычных бактэрый, здольных перапрацоўваць нафтапрадукты.

euroradio.fm