Алег Кулеша: За слова “беглыя” мы можам выйсці і сказаць

Вялікі марш, прысвечаны “выбарам” у Беларусі, адбудзецца ў Варшаве ў нядзелю, 26 студзеня. Падзея пройдзе пры ўдзеле палітычных дзеячаў, сярод якіх – Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Далучацца да мерапрыемства і беларускія музыкі. Пра гэта суарганізатар Маршу, прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў “Да волі” Алег Кулеша апавёў «Радыё Рацыя».

РР: Чаму вырашылі зладзіць падзею ў такім фармаце як марш?

Алег Кулеша: Не мы адны робім, робяць беларусы. У гэты дзень будзе шмат розных падзеяў, але ніводная падзея акрамя маршу нас не аб’ядноўвае. А марш нас аб’ядноўвае. Гэта адметная такая рыса, якая патрэбна, каб у нас была заўжды. Калі мы не будзем паказваць тое, што мы беларускае грамадства, мы не вартыя будзем нічога. Калі мы не скончым барацьбу за сваіх сваякоў, голасам якіх мы тут з’яўляемся, за палітвязняў, якія сядзяць, і нават тая колькасць 250 ці колькі там выпушчана, здаецца 243, яна ў разуменні новых затрыманых, то бок каго будзем шкадаваць – ці тых, каго выпусцілі, ці тых, каго забралі.

Калі вы думаеце, што чалавек, які выйшаў з зоны, на волі, то вы памыляецеся. Ён яшчэ пад большым пераследам і ціскам. І іх голас тут мы, таму што яны ні слова не скажуць. Добра, калі чалавек набярэцца мужнасці, паслухае сваё сумленне і паставіць супраць усіх. Добра, калі ён прыйдзе на гэтыя “выбары”, таму што людзям абрыдла гэта ўсё. Яны проста не пойдуць з-за таго што ім не падабаецца гэта ўсё.

Насамрэч падрабіць выбары надта цяжэй, калі ідуць людзі. Калі яны не прыходзяць, тое, што спрабавалі шмат разоў дэмакратычныя сілы байкатаваць альбо яшчэ што-небудзь, не дасць плёну. Тут я пагаджуся са спадаром Латушкам з тым, што не прыход і байкатаванне  – гэта толькі ў дэмакратычных краінах. Там, у Беларусі, гэтага няма, і мы можам сказаць і за іх. Мы можам сказаць за тых, хто сядзіць і церпіць, што да іх прыходзяць і шукаюць нас. За слова “беглых” мы можам выйсці і сказаць. Таму я лічу, што марш – гэта самае галоўнае мерапрыемства ў гэты дзень.

Я заўжды казаў і буду казаць, гэта цытата, не мае словы: сыдзем з плошчы – згінем. І яна актуальна тут таксама. Польская дзяржава будзе назіраць за намі. Чаму хваля падтрымкі Украіны падае, але Польшча ўсё адно моцна падтрымлівае ўкраінскую дыяспары і г.д.? Таму што яны разумеюць, што гэта грамадства, што гэта нацыя. Чаму мы не можам паказаць, што мы нацыя? Можам! Што беларусы не годныя? Годныя!

Умовы бяспекі? Ды простыя ўмовы бяспекі – проста згадайце, як хаваліся па лясах, як бегалі дзесьці па падворках у Менску, як закрывалі твар, як апраналі пальчаткі, як абутак зверху чымсьці пакрывалі, каб не было заўважна, што гэта ты. А тут проста маску начапіў і пайшоў, дык гэта яшчэ прыемней. Мы дамо працы ГУБАЗіку, і ён будзе заняты пошукам тых, хто ў Варшаве, магчыма, хадзіў на шэсце. Але ў гэты час у іх не будзе часу паехаць у Беларусі і кагосьці катаваць. У гэты час адпаведна ў Беларусі будзе лягчэй з-за таго, што гэтыя паўд..кі будуць сядзець ля камп’ютара і вучыцца, якая павінна быць салідарнасць.

І, дарэчы, на тых, хто сядзіць за гэтымі камп’ютарамі, таксама мае ўплыў наша шэсце.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным  файле:

Старт маршу плануецца ў 12:00 на плошчы Трох Крыжоў.

Марына Савіцкая, racyja.com