«Каб паказаць спеласць нацыі», пачалі збор на ратаванне могілак выбітных беларусаў у Беластоку

Паведамленне ад кіраўніцтва могілак на магіле сям’і Кіслых з просьбаю да сваякоў выйсці на кантакт і спраўдзіць аплаты. Беласток, Польшча. Восень 2024 года. Фота: Грамадская ініцыятыва па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

Пахаванні дзевяці беларусаў на могілках у Беластоку пад пагрозай: у пахаваных не засталося жывых сваякоў, якія маглі б аплаціць арэнду месца спачыну. Грамадская ініцыятыва аховы магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку распачала збор грошай на аплату арэнды – і хоча, каб гэта сталася справаю мноства суайчыннікаў і прыкладам для іншых беларусаў у эміграцыі.

Грамадская ініцыятыва аховы магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку распачала на сайце «Gronka» збор сродкаў на аплату запазычанасці за ўтрыманне магілаў выбітных беларускіх дзеячаў у Беластоку і на ўтрыманне магілаў у наступныя 20 гадоў. На чатыры магілы на беластоцкіх праваслаўных могілках Усіх Святых трэба сабраць 11 200 злотых, або 2650 еўраў. Збор трывае яшчэ паўтара месяца.

Краязнаўца Аляксей Трубкін, які падаў ідэю праекту, расказвае «Белсату», што вядзецца пра чатыры магілы, у якіх пахаваныя дзевяць чалавек.

Кастусь Кіслы – музыка, кампазітар і дырыжор, заснавальнік хораў у Беларускім школьным таварыстве. Перажыў савецкі арышт, уцёк з турмы. Працяглы час жыў у эміграцыі ў Злучаных Штатах, дзе таксама арганізоўваў хоры, апошнія гады правёў у Беластоку. У магіле Кастуся Кіслага пахаваныя таксама ягоныя жонка і дачка.

Хор сабору Св. Мікалая. Парафіяльная зала, цяпер канцылярыя. Пасярэдзіне – Кастусь Кіслы, справа – Елізавета Кіслы. Беласток, Польшча. 1930-ыя гады. Фота: з архіву Грамадскай ініцыятывы па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

Лявон Богуш і ягоны брат Сяргей – актыўныя ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху, якія прысвяцілі жыццё за незалежнасць Беларусі і захаванню беларускай культуры. Лявон Богуш браў удзел у стварэнні драматычнай секцыі Таварыства беларускай школы ў Беластоку, быў у ліку заснавальнікаў тэатральнага таварыства «Полымя», салістам хору пры Беларускім камітэце ў Беластоку.

Беларускі хор. Лявон Богуш – другі з правага боку ўверсе. Беласток, пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 1943 год. Фота з архіву Грамадскай ініцыятывы аховы магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

У магіле Лявона Богуша пахаваныя ягоная жонка, якая працавала разам з ім у беларускім камітэце, а таксама бацька і маці. Сяргей Богуш пахаваны ў асобнай магіле.

Некралог у беластоцкай газеце «Новая дарога». 1942 год. Фота з архіву Грамадскай ініцыятывы аховы магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

Мікола Чарнецкі – педагог і публіцыст, удзельнік беларускага нацыянальнага падполля, перажыў пераслед польскіх і савецкіх уладаў, быў забіты польскімі падпольшчыкамі ў час Другой сусветнай вайны.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі. 1931 год. Фота з архіву Грамадскай ініцыятывы аховы магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

Гэтыя пахаванні могуць знікнуць

Ініцыятар праекту тлумачыць, што звычайна сваякі памерлых уносяць грошы за арэнду зямлі на могілках раз на 20 гадоў, але ў названых асобаў проста не засталося родных. Але гэта людзі, якія ў свой час зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую справу.

Гаворка пакуль толькі пра арэнду, хоць у будучыні сродкі могуць спатрэбіцца, каб аднавіць помнікі на некаторых з гэтых магілаў. Трубкін расказвае: можа здарыцца так, што на месцы магілы, за якую доўгі час не плацілі, могуць проста пахаваць кагосьці іншага. На менавіта могілках Усіх Святых пра такія выпадкі невядома, але на каталіцкіх паблізу такі выпадак быў. І быў нават ненаўмысна, проста выпадкова. Агулам жа ў Еўропе гэта даволі нярэдкая справа: калі хтосьці не плаціць за магілу, пахаванне прыходзіць у заняпад, разбураецца – і на тым месцы хаваюць іншую асобу.

«На словах адміністрацыя запэўніла, што, вядома ж, ніхто не будзе на гэтым месцы нікога хаваць, – згадвае Трубкін. – Але гэта ўсё на словах, і гэта пакуль. А што будзе праз год, два, за пяць, дзесяць, пятнаццаць?.. Зменіцца пробашч – і калі не будзе каму даглядаць гэтыя магілы, то пачнуць разбурацца, і цалкам магчымы сцэнар, што можам страціць гэтыя пахаванні».

Ініцыятары праекту разглядалі розныя варыянты, як здабыць грошы на пахаванні, але пастанавілі паспрабаваць сабраць грошы публічна. Абяцаюць, што ўсе атрыманыя дакументы і пацверджанні будуць апублікаваныя. Калі не ўдасца сабраць неабходнай сумы такім шляхам, будуць шукаць іншыя. Ды Трубкін спадзяецца, што гэта станецца грамадскім праектам.

Чаму жывыя мусяць дапамагаць памерлым?

Трубкін прызнае: вядома, што шмат каму з беларусаў цяпер трэба дапамога. Трэба ахвяраваць і асобным людзям, і арганізацыям, і медыям. Ды яму здаецца, што дагляд могілак суайчыннікаў – адна з тых справаў, якая мае быць «сферай інтарэсаў усіх», бо гэта нацыянальная памяць – «аснова нашага ўсяго».

Ён дадае, што гэта праблема не толькі гэтых могілак і не толькі Беластоку. Шмат беларусаў пахаваныя ў эміграцыі, магілы трэба даглядаць па ўсім свеце. 

Магіла Мікалая Чарнецкага. Беласток, Польшча. 2024 год. Фота: Грамадская ініцыятыва па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку / Telegram

Трубкін спадзяецца, што беластоцкая ініцыятыва можа стацца прыкладам, як беларуская грамада згуртавалася і «ўзяла шэфства» над пахаваннем выбітнага суайчынніка. А іншыя грамады беларусаў – у Нямеччыне, Злучаных Штатах ды іншых краінах – стануць так даглядаць пахаванні суайчыннікаў на сваіх могілках.

«Такім чынам зможам прадэманстраваць сваю нацыянальна-свядомую спеласць, – мяркуе Трубкін. – Гэта магло б стаць такім прыкладам: прадэманстраваць, што беларусы могуць не толькі на нейкіх палітычных акцыях збірацца, але і нешта рабіць на будучыню, на доўгатэрміновую перспектыву».

«Паказаць, што мы сталая, спелая нацыя, ведаем і памятаем пра нашых папярэднікаў, якія часта ахвяравалі здароўе, жыццё».

Іншыя народы даглядаюць пахаванні суайчыннікаў за мяжой, у гэтым няма нічога незвычайнага, так робяць і палякі, і літоўцы. Ды ў беларускім выпадку, падкрэслівае Трубкін, ёсць праблема: найчасцей такія пахаванні даглядаюць пры падтрыманні амбасадаў і консульстваў, а разлічваць на дапамогу беларускай дзяржавы не даводзіцца. Суразмоўца заклікае не чакаць, пакуль з’явяцца «сапраўды беларускія, не ў назве, а паводле зместу» амбасады і консульствы, а сваймі сіламі паказваць, што такое можна і трэба рабіць.

Тым больш, даводзіць Трубкін, на аплату за арэнду могілак збіраюць не такую і вялікую суму, калі падзяліць яе хаця б на колькасць беларусаў у Беластоку. Калі дадаць да іх беларусаў хаця б у Варшаве, сума 2650 еўраў выглядае зусім нязначнай. І ахвяравальнікі атрымаюць сувеніры: ад закладак і паштовак з выяваю дзеячаў, магілы якіх дапамаглі ўратаваць, да маек і худзі.

Алесь Наваборскі, belsat.eu